Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мілінкевіч даслаў ліст кіраўніку Кубы


Лідэр Руху “За Свабоду” Аляксандар Мілінкевіч далучыўся да міжнароднай кампаніі салідарнасьці з кубінскімі палітвязьнямі.

Мілінкевіч заклікаў Рауля Кастра вызваліць Оскара Бісэта Гансалеса, Хасэ Луіса Гарсію Панэке і іншых кубінскіх палітвязьняў.

“Як прадстаўнік беларускіх дэмакратычных сілаў я заклікаю да неадкладнага і безумоўнага вызваленьня Оскара Бісэта Гансалеса і іншых палітвязьняў Кубы, якія былі зьняволеныя за рэалізацыю асноўных грамадзянскіх правоў, гарантаваных Усеагульнай дэклярацыяй правоў чалавека”, – піша ў сваім лісьце Аляксандар Мілінкевіч.

Лідэр Руху “За Свабоду” адзначае, што беларускія дэмакратычныя сілы, якія выступаюць за неадкладнае вызваленьне беларускіх палітычных вязьняў - Аляксандра Казуліна, Андрэя Кіма, Сяргея Парсюкевіча, выказваюць салідарнасьць з усімі, хто змагаецца за правы чалавека і дэмакратычныя свабоды ва ўсім сьвеце.

“Мы перакананыя, што і кубінцы, і беларусы заслугоўваюць дэмакратычны ўрад, які паважае правы і свабоды грамадзян. Вызваленьне палітычных вязьняў у нашых краінах зьяўляецца першым крокам на шляху вяртаньня ў міжнародную супольнасьць дэмакратычных нацыяў”, - цытуе ліст Аляксандра Мілінкевіча Раулю Кастра прэсавая служба Руху “За свабоду”.


Доктар Оскар Бісэт Гансалес (Oscar Elías Biscet González) зьяўляецца заснавальнікам і старшынёю кубінскага Фонду правоў чалавека. Ён адбывае 25-гадовы тэрмін зняволення з 2002 году, калі яго чарговы раз арыштавалі. Яго асудзілі разам зь іншымі дысыдэнтамі і журналістамі за тое, што ён нібыта аказаўся “наймітам замежнай дзяржавы”. Раней Оскар Бісет Гансалес адбываў 3 гады зьняволеньня за вывешваньне кубінскага сьцяга дагары нагамі на знак пратэсту супраць палітычных несвабод на Кубе.

Журналіст, заснавальнік незалежнай мэдычнай асацыяцыі доктар Хасэ Луіс Гарсія Панэке (Dr. José Luis García Paneque) асуджаны да 24 гадоў зьняволеньня.

Праваабаронцы паведамляюць, што палітзьняволеныя на Кубе знаходзяцца ў нечалавечых умовах, шмат хто зь іх пакутуе на хранічныя захворваньні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG