Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму “засакрэчана” справа Эмануіла Зэльцэра?


Ужо амаль два месяцы ў турме КДБ трымаюць амэрыканскага грамадзяніна Эмануіла Зэльцэра. Што вядома пра гэтую справу і пра здароўе арыштаванага?

7 траўня ў турме КДБ Эмануіла Зэльцэра наведаў адвакат Зьміцер Гарачка. Нагадаю, амэрыканскага грамадзяніна арыштавалі ў аэрапорце Менск-2 яшчэ 12 сакавіка. Болей як праз тыдзень КДБ Беларусі прызнаў факт арышту і заявіў, што амэрыканец падазраецца ў падробцы дакумэнтаў. З таго часу афіцыйна ніякай новай інфармацыі пра расьсьледаваньне справы Зэльцэра не падавалася. Адмовіўся казаць пра справу і адвакат Гарачка.

“Гэтай справе сьледзтва надало грыф дзяржаўнай таямніцы, і таму пра яе казаць я не магу”.

Адвакат пагадзіўся працягваць размову толькі наконт стану здароўя свайго падабароннага. Паводле Зьмітра Гарачкі, Эмануіл Зэльцэр пачуваецца дрэнна.

“Ён пачуваецца дрэнна, скардзіцца на стан здароўя, кажа, што яму дрэнна”, — паведаміў Зьміцер Гарачка.

Раней паведамлялася, што Эмануіл Зэльцэр мае цяжкія захворваньні, яму патрэбныя адмысловыя лекі, якія ў ізалятары КДБ не прымаюць. У канцы красавіка з Эмануілам Зэльцэрам сустракалася консул амбасады ЗША ў Беларусі Кэралайн Сэвідж. Спадарыня Сэвідж паведаміла, што Эмануіл Зэльцэр “вельмі схуднеў, зь цяжкасьцю рухаўся і гаварыў”. Таксама консул казала, што суайчыньнік скардзіўся на тое, што яго зьбівалі.

У Нью-Ёрку жыве брат Эмануіла Зэльцэра, вядомы амэрыканскі музыкант Марк Зэльцэр. У канцы сакавіка ён накіраваў лісты генэральнаму пракурору Беларусі і ў адміністрацыю прэзыдэнта Лукашэнкі з просьбай вызваліць ягонага брата. Які вынік гэтых лістоў?

“Мне ніхто ні разу адтуль не адказаў. Ведаю, што Дзярждэпартамэнт таксама спрабуе яго вызваліць, але нічога пакуль не атрымліваецца. На жаль, пакуль нічога”.

25 сакавіка Дзярждэпартамэнт ЗША заклікаў урад Беларусі вызваліць Э.Зэльцэра з “гуманітарных меркаваньняў”. Пра адказ на гэты зварот невядома.

Нагадаем, Эмануіл Зэльцэр быў адвакатам грузінскага бізнэсоўца Бадры Патаркацышвілі, які памёр у Лёндане ў лютым 2008 г. У Менск Эмануіл Зэльцэр прыляцеў нібыта ў справах спадчыны грузінскага алігарха, на якую прэтэндуюць розныя асобы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG