Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марк Зэльцэр “У брата сьляды гвалту на твары”


Амэрыканскага адваката Эмануіла Зэльцэра з псыхіятрычнага шпіталя вярнулі ў ізалятар КДБ. Што вядома пра здароўе арыштаванага адваката?

Днямі з Эмануілам Зэльцэрам сустрэлася супрацоўніца амбасады ЗША Кэралайн Сэвідж. Гэта была другая сустрэча з прадстаўніком амбасады з моманту арышту Эмануіла Зэльцэра 12 сакавіка ў менскім аэрапорце. Вось што спадарыня Кэралайн Сэвідж паведаміла Радыё Свабода пра стан здароўя Эмануіла Зэльцэра:

“Спадар Зэльцэр выглядаў значна больш слабым і зьнясіленым, чым 27 сакавіка, калі супрацоўніку консульскай службы ўдалося яго наведаць папярэдні раз. Мы вельмі занепакоеныя станам ягонага здароўя і ўмовамі ўтрыманьня”.

Паводле спадарыні Сэвідж, пасьля сустрэчы Дзярждэпартамэнт ЗША зьвярнуўся да беларускага боку з заклікам тэрмінова вызваліць Эмануіла Зэльцэра з “гуманітарных прычын”. “Адказу на гэты зварот дагэтуль няма”, — паведаміла Кэралайн Сэвідж. Сустрэча адбылася ў ізалятары КДБ, удакладніла супрацоўніца амбасады ЗША.

Марк Зэльцэр, які жыве ў Нью-Ёрку, кажа пра крытычны стан здароўя свайго брата Эмануіла, а таксама пра ўжываньне супроць яго гвалту:

“Мне сказалі, што ён у крытычным стане. Страціў палову вагі, хадзіць ня можа, цяжка дыхае, і на галаве ў яго сьляды гвалту”.

Марк Зэльцэр не знаёмы з вынікамі абсьледаваньня, дзеля якога ягонага брата на 10 дзён зьмяшчалі ў псыхіятрычны шпіталь. “Мне вядома толькі, што там ён адмовіўся ад ежы, ад лекаў і ад здачы аналізаў. Пасьля шпіталя яго вярнулі ў ізалятар КДБ, але ў горшую камэру, без асобнай прыбіральні”, — паведаміў Марк Зэльцэр. Ён лічыць гэта пакараньнем брата за ягоную пазыцыю адносна абвінавачаньня.

У КДБ Беларусі не камэнтуюць зьвестак пра Эмануіла Зэльцэра. “Пакуль ідзе расьсьледаваньне, без камэнтароў”, — кажа супрацоўнік службы сувязяў з грамадзкасьцю Валер Надтачаеў. Раней КДБ пацьвердзіў, што Эмануіл Зэльцэр абвінавачаны ў падробцы дакумэнтаў.
28 красавіка Марк Зэльцэр накіраваў у пракуратуру Беларусі і ў Адміністрацыю прэзыдэнта лісты, у якіх выклаў уласны погляд на ролю Барыса Беразоўскага ў справе свайго брата. Марк Зэльцэр не выключае, што Барыс Беразоўскі зацікаўлены ў тым, каб Эмануіл Зэльцэр “ніколі ня выйшаў з турмы жывым”.

Нагадаем, Эмануіл Зэльцэр быў адвакатам грузінскага бізнэсоўца Бадры Патаркацышвілі, які памёр у Лёндане. У Менск Эмануіл Зэльцэр прыляцеў нібыта па справах спадчыны грузінскага алігарха, на якую прэтэндуюць розныя асобы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG