Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму адвакат Зэльцэр зьмешчаны ў “псыхушку”?


Марк Зэльцэр ня ведае, чаму ягоны брат, амэрыканскі адвакат Эмануіл Зэльцэр зьмешчаны ў псыхіятрычны шпіталь.

Па тэлефоне зь Нью-Ёрку Марк Зэльцэр сказаў для Радыё Свабода:

“Ён там, пра гэта я ведаю ад ягонага адваката. Пасадзілі здаровага чалавека ў “псыхушку”. Сказалі, што хочуць зрабіць яму нейкія дасьледаваньні мэдычныя. Здаецца, у старыя часы, калі звычайныя катаваньні не дапамагалі, КДБ гэтаксама зьмяшчаў людзей у “псыхушку”. Гэтак я разумею, а як інакш? Чаму ў “псыхушку”?”

У КДБ Беларусі не камэнтуюць зьвестак адносна знаходжаньня Эмануіла Зэльцэра ў псыхіятрычным шпіталі. “Без камэнтару. Ідзе сьледзтва”, — адказаў кіраўнік аддзелу сувязяў з грамадзкасьцю КДБ Валер Надтачаеў.

Згодна з ранейшымі заявамі КДБ, адвакат Эмануіл Зэльцэр быў арыштаваны паводле падазрэньня ў падрабленьні дакумэнтаў і ўтрымліваўся ў турме КДБ “амэрыканка”.

Як пачуваецца вязень, пра якога вядома, што ён пакутуе ад хранічнай хваробы? Са спасылкай на адваката Марк Зэльцэр паведаміў, што ягонаму брату не хапае лекаў:

“Яму лекі нейкія даюць, але ня тое, што трэба. Бо не даюць тыя , якія мы яму паслалі, а іншыя ён баіцца прымаць у “псыхушцы”, — сказаў Марк Зэльцэр.

14 красавіка Дзярждэпартамэнт ЗША зрабіў заяву, у якой заклікаў улады Беларусі выконваць свае міжнародныя абавязаньні і дазволіць затрыманаму грамадзяніну ЗША рэгулярна сустракацца з прадстаўніком амбасады ЗША ў Менску. Дагэтуль вядома пра адну такую сустрэчу, якая адбылася ў канцы сакавіка. Эмануіл Зэльцэр быў затрыманы ў Менску 12 сакавіка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG