Цыганкоў: “Мы даўно ўжо абмяркоўваем беларуска-амэрыканскі дыпляматычны канфлікт, і я злавіў сябе на думцы, што большасьць аналітыкаў ня верыла ў найгоршае разьвіцьцё падзеяў. Напрыклад, казалі “ня дойдзе да выгнаньня дыпляматаў”, “ня дойдзе да закрыцьця амбасадаў”. Чаму ўсё ж ЗША сёньня пайшлі на гэты крок? Ці гэта была непазьбежная, але эмацыйная рэакцыя на аб’яўленьне 10 амэрыканскіх дыпляматаў "пэрсонамі non grata" ці гэта ўсё ж быў нейкі лягічны вынік усяго беларуска-амэрыканскага дыпляматычнага канфлікту?
“Мяккія, лагодныя мэтады вычарпаныя, і такім чынам Вашынгтон разьвязвае сабе рукі”.
Класкоўскі: “Мяркую, што ў адрозьненьні ад беларускага кіраўніцтва Вашынгтон дзейнічае не эмацыйна, а рацыянальна. Таму, я думаю, там быў “Плян А” і “Плян Б” . Першы -- на выпадак, калі беларускае кіраўніцтва “адумаецца” і ня стане рэалізоўваць сваю пагрозу аб скарачэньне штату амбасады да мінімуму, і “Плян Б” на выпадак, калі Менск будзе даціскаць. Давялося дзейнічаць па другім варыянце – мяркую, гэта робіцца без асаблівага энтузіязму, без асаблівай ахвоты, бо любая эскаляцыя заўжды непрыемна і вымагае непапулярных мэтадаў.
Разам з тым для амэрыканскага кіраўніцтва было справай гонару паказаць, што яны ня згодныя гуляць паводле тых правілаў, якія спрабуе накінуць Менск. І такім рэзкім радыкальным рашэньнем ЗША паказвае, што больш мяккія лагодныя мэтады вычарпаныя, і такім чынам Вашынгтон разьвязвае сабе рукі.
Цыганкоў: “Часта кажуць, што афіцыйны Менск дзейнічае сытуацыйна, рэагуючы на нейкія зьявы. Ці чакала беларуская кіраўніцтва, што дойдзе да такіх крокаў?”
“ЗША паступілі, сыходзячы з шаблённай схемы рэакцыі на дзеяньні недружалюбнай асобы”
Чавусаў: “На мой погляд, мы назіраем толькі мінімальна патрэбны ўзровень рэагаваньня на абвяшчэньня амэрыканскіх дыпляматаў "пэрсонамі non grata". Бо ёсьць прынцыпы дыпляматычных стасункаў, і як слушна заўважыў спадар Класкоўскі, не рэагаваць на выгнаньне з краіны 10 дыпляматаў без аніякіх прычынаў – азначала страціць твар наймацнейшай дзяржавы сьвету. То бок яны зрабілі толькі тое, што вымушаныя былі зрабіць, сыходзячы з дыпляматычных традыцыяў”.
Цыганкоў: “Выходзіць, што ЗША ідуць “на паваду” ў беларускіх рашэньняў?”
Чавусаў: “У дадзеным выпадку яны паступілі, сыходзячы з шаблённай схемы рэакцыі на дзеяньні недружалюбнай асобы. Давайце не забываць, што для Беларусі дыпляматычны крызыс ёсьць нечым новым у нашай гісторыі. А амэрыканцы такія крызысы маюць штогод з рознымі краінамі. І таму пакуль мы бачым мінімальна магчымы ўзровень рэакцыі на дыпляматычным вымярэньні. Але я не выключаю, што наступяць і іншыя рэакцыі, то бок магчымыя новыя санкцыі, якія закрануць кіроўны рэжым".