Дэфіцыт імунітэту супраць стрэсаў
Упершыню сындром хранічнай стомленасьці быў апісаны ў 1984 годзе аўстралійцам Лойдам. Сутнасьцю сындрому псыхоляг назваў хранічную стому, якая не зьнікае нават пасьля працяглага адпачынку. З цягам часу гэта прыводзіць да значнага зьніжэньня працаздольнасьці: інтэлектуальнай і фізычнай.
Прычыны хваробы пакуль дакладна не вядомыя. Ёсьць дасьледаваньні, якія знайшлі сувязь паміж сындромам і перанесенымі віруснымі інфэкцыямі ці грыпам. Гэта пацьвярджае імунную прыроду сындрому. Але найперш, на погляд адмыслоўцаў, праблемы пачынаюцца з дэфіцыту імунітэту эмацыйнага. Пад найбольшую рызыку трапляюць кар’ерысты і працаголікі.
Ці ў чалавека ёсьць пэўная звышідэя – дабіцца вялікай кар’еры, і таму ён зашмат працуе
“Пагоня за працай -- гэта ў першую чаргу чалавек хавае свае праблемы там. У сям’і ня вельмі добра – тады ён вельмі шмат працуе. Ці ў чалавека ёсьць пэўная звышідэя – дабіцца вялікай кар’еры, і таму ён зашмат працуе. Гэта тое самае, што мы кажам пра залежнасьць ад працы, залежнасьць ад кампутара... Гэта ўжо паталягічная зьява. Стомленасьць яшчэ ідзе і з-за таго, што многія людзі ставяць перад сабой занадта высокую плянку. Іх патрэбы, каштоўнасьці вельмі ўгору ідуць, і яны бягуць за імі”.
Хвароба – ёсьць. Бюлетэню – няма
Часьцей за ўсё чалавек, якія пакутуе на сындром хранічнай стомы зьвяртаецца да лекараў са скаргамі на фізычныя пакуты, распавядае нэўроляг Васіль Аўраменка з Магілёву:
Аўраменка: “Сам чалавек скардзіцца часьцей за ўсё на болі галаўныя, санлівасьць, ці наадварот бяссоньніца. Сымптомаў можа быць вельмі і вельмі шмат. У нашай краіне пакуль што гэты дыягназ не займеў такога шырокага распаўсюджаньня, як на Захадзе. Не ўсе дактары яго паставяць”.
Карэспандэнтка: “То бок, бюлетэнь будзе цяжка атрымаць”?
Аўраменка: “Хутчэй немагчыма. Бо гэтая хвароба не ўваходзіць у той сьпіс, паводле якога бюлетэнь могуць выпісаць”.
Да псыхатэрапэўтаў хворыя на стомленасьць зьвяртаюцца таксама зусім зь іншымі скаргамі. Гаворыць Жана Міцкевіч:
“З праблемай сындрому хранічнай стомленасьці да нас не зьвяртаюцца. Але ён ўсплывае ў зьвязку зь іншымі праблемамі. Напрыклад, калі прыходзяць з праблемай развалу ў сямейным жыцьці. Пра гэта гаворыцца так: “Я настолькі стамляюся, мне цяжка, я не магу нічога рабіць, я сьпяшаюся і не пасьпяваю”, і гэтак далей”.
Прыкладна гэтак апісала сваю праблему Натальля, топ-мэнэджэр адной з рэклямных агенцыяў Менску:
“У мяне гэта праяўлялася ў пачуцьці татальнай абыякавасьці. Хацелася хутчэй дадому, на канапу пад коўдру і ўключыць тэлевізар, - неістотна пры тым, што там паказваюць, – і спаць. Але “выспацца” мне не дапамагала абсалютна – таму што зранку я прачыналася настолькі стомленай, як быццам вагоны грузіла ўсю ноч”.
Быць дабрэйшым: найперш – да сябе
Як змагацца з сындромам хранічнай стомы? Разабрацца ў сабе і зрабіць любоў да сябе – нормай, сьцьвярджае Жанна Міцкевіч:
“У першую чаргу павінен быць аналіз уласнага жыцьця і разам з тым логатэрапія -- ёсьць такі разьдзел у псыхалёгіі. Рацыянальна паглядзець на ўласнае жыцьцё: што ёсьць сёньня і што будзе заўтра. І з пункту гледжаньня ўласнага жыцьця паглядзець на мэты яго: перагледзець і расставіць акцэнты па-новаму, адзначыўшы, што табе перашкаджае. Тым самым праявіць любоў да сябе”.
Як і любую хваробу, сындром хранічнай стомленасьці лягчэй прадухіліць, чым лекаваць
Вельмі важна рухацца як мага болей – гэта і прабежкі, і шпацыры, і паходы на дыскатэку. І абавязкова трэба знаходзіць час для душэўных размоў: зь дзецьмі, бацькамі, сваякамі, сябрамі. Трымаць перажываньні ў сабе – небясьпечна..