Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Спэцыяліст абяцае зьняць стрэс, нэўроз, развод, рэўнасьць, алькагалізм...”


Алена Струвэ, Менск Падобныя рэклямныя аб’явы на постсавецкай прасторы сустрэнеш паўсюль, на слупах і ў мэдыях. Як ні дзіўна, гэтым аб’явам вераць. Час ад часу ў прэсе зьяўляюцца паведамленьні, што за абяцаньнямі выратаваць стаяць прайдзісьветы, якія, што небясьпечна, валодаюць прыёмамі гіпнозу. Нядаўна Вярхоўная Рада Ўкраіны прыняла Закон аб забароне масавых лячэбных сэансаў з выкарыстаньнем гіпнозу. Гэты закон таксама забараняе і рэкляму лекараў-гіпнатызэраў без адпаведнага дазволу Міністэрства аховы здароўя. Пра “нетрадыцыйнае” лекаваньне ў Беларусі – досьлед “Свабоды”.

Я тэлефаную па аб’яве, зьмешчанай у менскай рэклямнай газэце “Из рук в руки”. Дасьведчаны псыхоляг абяцае “зьняць стрэс, нэўроз, дэпрэсію, комплексы, жахі, самоту, развод, рэўнасьць, галаўны боль, сэксуальныя і сямейныя праблемы”. Да таго ж, пры неабходнасьці, спэцыяліст можа зьняць харчовую, алькагольную і нават любоўную залежнасьць.

Слухаўку бярэ, напэўна, сакратарка спэцыяліста, а, можа, і жонка – чутна, як непадалёк плача дзіця.

Я кажу, што мой сваяк мае праблемы з алькагольнай залежнасьцю і пытаюся, як выглядае лекаваньне.

Вас выратуюць усяго за адзін сэанс

Голас: “Гэта чыста псыхалягічнае ўзьдзеяньне мэтадам, які значна больш эфэктыўны за мэдыкамэнтозны. Праводзіцца адзін сэанс, які каштуе сто тысяч рублёў. Трэба тры дні ня піць. Мы выкарыстоўваем пэўныя тэхналёгіі ў галіне псыхааналізу, дастаткова эфэктыўныя і новыя для Беларусі. Наш мэтад ня мае ніякіх шкодных наступстваў. Здымаем усё: і цягу, і раздражняльнасьць, і галаўныя болі. Можна запісвацца, нават і на выходныя”.

Высьвятляю, што сэанс цягнецца 40 хвілін, і што яго хапае на ўсё жыцьцё. Кажу, што я не такая заможная і пытаюся, ці нельга зрабіць гэтак званага масавага сэансу для ўсяго нашага сямейнага клану. Гарантую прывесьці 20-30 сваякоў. Ці пойдзе фірма нам насустрач?

Голас: “У нас была такая практыка для сталых кліентаў. Індывідуальныя сэансы, як паказвае досьвед, куды больш эфэктыўныя”.

Яшчэ адзін званок. Гэты акультны кабінэт таксама знаходзіцца ў цэнтры Менску. Як сьведчыць кантактная пэрсона, тут таксама “ўсё робіцца на аснове псыхааналізу”.

“У нас эфэкт 25 кадраў. Гэта вельмі магутнае ўзьдзеяньне на падсьвядомасьць. Выкарыстоўваючы гэтую заканамернасьць, мы зьнялі касэту і склалі праграму. Пра падрабязнасьці можаце даведацца непасрэдна ў нас”, кажа жанчына.

Тут сэанс каштуе да 90 тысячаў, цягнецца 15 хвілінаў і таксама пазбаўляе ад усіх форм залежнасьці.

Мэдыкі раяць асьцерагацца спэцыялістаў без ліцэнзіяў

З гледзішча клінічнай псыхіятрыі, мэтодыка, якую мне прапануюць паводле аб’яваў, ёсьць адным з варыянтаў вонкавага ўзьдзеяньня на падсьвядомасьць, альбо неглыбокім гіпнозам.

Кандыдат мэдычных навук, нэўрахірург з 25-гадовым стажам Аляксандар, які цяпер працуе ў сталічнай нэўралягічнай клініцы, а раней працаваў у псыхіятрычным шпіталі ў Навінках, раіць з насьцярогай ставіцца да падобных аб’яваў. Асабліва, калі гэтым займаюцца людзі без мэдычнай ліцэнзіі, у тым ліку і псыхолягі.

Аляксандар: “Псыхолягі ў падобных выпадках – гэта небясьпечна. Яны могуць загіпнатызаваць. Аднак ніякай залежнасьці зьняць ня могуць. Мэдыкамэнты ў гэтым сэнсе нават больш надзейныя. Яны рэальна працуюць на ўзроўні мозгу. А словы – гэта вельмі індывідуальна: паверыць пацыент, не паверыць... На жаль, многія такія выратавальнікі проста хочуць зарабіць грошы”.

Паводле Аляксандра, калі чалавек вельмі хоча пазбавіцца ад нейкіх складаных праблем за адзін сэанс і верыць у гэта, то тады лепш зьвяртацца да кваліфікаваных псыхатэрапэўтаў.

Аляксандар: “У Беларусі паўсюль зьмешчаныя аб’явы лекараў – псыхатэрапэўтаў Данскіх, Сайкова. У іх ёсьць афіцыйныя ліцэнзіі. Аднак у любым выпадку хворы заўсёды рызыкуе. Вельмі цяжка дапамагчы людзям, залежным ад алькаголю, увогуле залежным. Гэта генэтычная зьява, зьвязаная з пэўнымі рэцэптарамі мозгу”.

Калі хочаш ад чагосьці пазбавіцца, то зробіш гэта сам

40-гадовая жыхарка Менску Сьвятлана некалькі разоў спрабавала пазбавіцца ад тытунёвай ды харчовай залежнасьці. Наведвала псыхолягаў, экстрасэнсаў. Апошнія візыты былі да лекараў-псыхатэрапэўтаў Хадоркіна і Данскіх. Які эфэкт, пытаюся я ў Сьвятланы?

Сьвятлана: “Поўная лухта. Данская рабіла кадзіроўку ад паленьня. Пішаш , наколькі хочаш пазбавіцца ад шкоднай звычкі. Потым заходзіш у кабінэт, сядаеш і табе пачынаюць гаварыць, што будзе параліч дыхальнага цэнтру. Аднак, калі табе гавораць пра параліч, то ўключаеш мазгі і пачынаеш думаць: а чаму ён мусіць быць? Далей табе кажуць: адкрыйце рот і пшыкаюць нейкай брыдотай. Дарэчы, перш, чым пайсьці да псыхатэрапэўта, пяць дзён трэба не курыць. То бок, першыя самыя цяжкія пяць дзён, калі кідаеш паліць. Вось гэта іх “фішка”. Ці як Хадоркін лекуе ад атлусьценьня? Ён крычыць, у цябе адвісае ськівіца, пачынаецца стрэс, ты прыходзіш дадому і пачынаеш добра есьці”.

Паводле Сьвятланы, такая мэтодыка, магчыма, і ўзьдзейнічае на некаторых. Сама ж жанчына не паддаецца гіпнатызэрам. Апошнім часам прыйшла да высновы: калі надта хочаш ад чагосьці пазбавіцца, то зробіш гэта сам.

Камэнтар спэцыяліста-нарколяга

“Вынiк любога лячэння залежыць ад ступенi матывацыi самога чалавека. Паколькі любая залежнасць зьяўляецца дастаткова цяжкiм станам, то ўнівэрсальнага лекаваньня ад залежнасьці знайсцi немагчыма”, заявіла БелТА намесьнiца галоўнага ўрача Менскага гарадскога клiнiчнага наркалягiчнага дыспансэра Iрына Канановiч.

Ірына Канановіч сьведчыць, што прынамсі мэтодыка тытунёвага кадаваньня, якая выкарыстоўваецца ў прыватных мэдычных цэнтрах Беларусі, ня мае нэгатыўнага ўзьдзеяньня на псыхіку чалавека. "Калi б шкода здароўю менавіта ад гэткага спосабу лекаваньня была значна вышэйшая за станоўчы эфэкт ад працэдуры, гэты спосаб быў бы ў нас забаронены", перакананая спэцыялiстка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG