Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці адужаюць грамадзкія арганізацыі новую арэнду?


Ад сёньня набывае моц указ Аляксандра Лукашэнкі, у адпаведнасьці зь якім для грамадзкіх арганізацый, якія не займаюцца камэрцыйнай дзейнасьцю, скасоўваецца паніжальны каэфіцыент 0,1 пры арэндзе памяшканьняў. У выніку памер арэнднай платы аўтаматычна вырастае ў 10 разоў. Як прагназуюць прадстаўнікі трэцяга сэктару, у найбліжэйшай пэрспэктыве гэта прывядзе да зьнікненьня цэлага шэрагу недзяржаўных аб’яднаньняў, якія папросту ня вытрымаюць фінансавага цяжару.

Сотні грамадзкіх арганізацыяў могуць спыніць існаваньне

Ці існуюць льготы на арэнду ў суседніх краінах?

Юрыст Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак спадзяецца, што перад тым, як выстаўляць новыя рахункі, улады ўсё ж улічаць аргумэнты недзяржаўных арганізацый супраць радыкальнага падвышэньня арэнды:

“Зьвярталіся ў Міністэрства юстыцыі, у Дэпартамэнт гуманітарнай дзейнасьці наконт пацьвярджэньня права на льготу. Мы лічым, што БХК — самая што ні на ёсьць узорная арганізацыя, якая займаецца гуманітарнай дзейнасьцю, займаецца ёй дабрачынна. Таму мы, вядома, разьлічваем, што на нас гэтая льгота таксама пашырыцца. Але пакуль яшчэ пытаньне для нас ня вырашанае. Таму нас гэта вельмі хвалюе. Бо плаціць за наш офіс нават калі ў пяць разоў больш (у выніку недзе звыш тысячы даляраў) — для нас будзе вельмі складана. Дый увогуле ставіць грамадзкія аб’яднаньні, якія прыносяць вялікую карысьць грамадзтву, дабрачынна працуюць, у адзін шэраг з камэрцыйнымі структурамі, на маю думку, проста недапушчальна”.

Ці стане травень месяцам “пахаваньняў”?

Вырашальным для бальшыні арганізацый трэцяга сэктару стане травень, калі арандатары атрымаюць рахункі па новых тарыфах. Пакуль жа кіраўнікі аб’яднаньняў абіваюць парогі ведамстваў, спадзеючыся на кампраміс. Як лічыць кіраўнік дабрачыннага фонду “Дзецям Чарнобыля” Генадзь Грушавы, да канца месяца зацікаўленыя ведамствы канчаткова “адфільтруюць”: каму паніжальны каэфіцыент 0,1 пакінуць, а каму скасаваць:

“Хутчэй за ўсё, будуць выбіраць: каго вызваліць ад падвышэньня арэнды, а каго прымусіць плаціць паводле новага тарыфу. Паніжальны каэфіцыент дзейнічаў да гэтага моманту. Што будзе пасьля — нават мой арэндадаўца ня ведае, не ўяўляе, што яго прымусяць рабіць са мной. Бо ён не плянаваў падвышаць арэндную плату. Калі зьявіцца адпаведнае тлумачэньне, то можа стацца, што ў адносінах да пэўных арганізацый пачне дзейнічаць новая плянка. І тады — усё, гэта будзе апошні крок, каб зьнішчыць юрыдычны адрас. А фактычна зьнішчаецца юрыдычны статус тых грамадзкіх няўрадавых арганізацый, якія не падтрымліваюць урад. І зноў усё нібыта паводле закону, у межах, так бы мовіць, “прававога поля”. Насамрэч будзе канчатковае зьнішчэньне арганізацый, якія не падпарадкоўваюцца сёньня дзяржаве. Я чакаю і такога павароту”.

Старыя тарыфы пакінуць толькі “ляяльным”?

Намесьнік старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Мікалай Канах кажа, што ўжо відавочна — прэзыдэнцкі ўказ перадусім скіраваны супраць арганізацый, якія адзначыліся неляяльным стаўленьнем да ўладаў. Калі для праўладнай Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі зьніжкі захаваныя, то незалежныя прафсаюзы гэтага пазбаўленыя:

“Ужо прымушаюць нашы арганізацыі падпісваць дамовы. У прынцыпе, можна іх і не падпісваць, спрабаваць судзіцца, але ж мы ня можам прымусіць нашы арганізацыі рабіць менавіта так. На практыцы можна было б плаціць па-старому, у выніку чаго абавязкова ўзьнікае спрэчка паміж суб’ектамі. І вось ужо пасьля гэтага можна зьвяртацца ў суд. Калі ўжо будзе рашэньне суду і, уявім, яны агучаць вэрдыкт, што мы павінны плаціць — то гэта ўжо будзе сур’ёзны дакумэнт. А так нас пускаюць па коле: маўляў, у вас ёсьць генэральнае пагадненьне, патрабуйце, каб у вас грошы ня бралі. А тыя ківаюць на ўказ прэзыдэнта: там напісана, што толькі афіцыйная фэдэрацыя вызваленая ад падвышэньня, пра кангрэс нічога не сказана. Але ж там таксама не сказана, што з нас трэба больш браць!”

Зрэшты, каб ня трапіць у “чорны сьпіс”, трэба было паклапаціцца загадзя. Праўда, таксама не без матэрыяльных выдаткаў. Старшыня Саюзу прадпрымальнікаў і наймальнікаў Георгій Бадзей кажа, што ягоную арганізацыю прэзыдэнцкі ўказ не закране:

“Не, бо мы не арандуем плошчы, а маем свае памяшканьні, і нас гэты ўказ ня тычыцца”.

Карэспандэнт: “То бок у дадзенай сытуацыі лепш мець сваё?”

“Канечне. У іншым выпадку давядзецца стагнаць доўга і шмат...”

Як прагназуе старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч, урэшце новая норма можа прывесьці да таго, што мноства грамадзкіх аб’яднаньняў ня здолеюць утрымліваць звышдарагія плошчы, а значыць, страцяць юрыдычны адрас. Прынамсі, для Саюзу гэта ўжо пройдзены этап:

“Падвышэньне арэнднай платы тычылася Саюзу беларускіх пісьменьнікаў яшчэ да падпісаньня гэтага ўказу — у Доме літаратара нават за плату нам не дазволілі арандаваць памяшканьне. На сёньня Саюз ня змог знайсьці памяшканьне з наданьнем юрыдычнага адрасу. Нашы высілкі аказаліся марнымі. Нават паўпадвальныя скляпы шукалі, ужо афармлялі дамову, але на наступны дзень не дазвалялася нават гэта”.



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG