Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сотні грамадзкіх арганізацыяў могуць спыніць існаваньне


ТЭМА ДНЯ. Сёньня набывае моц указ, у адпаведнасьці зь якім у 10 разоў падвышаецца арэндная плата для грамадзкіх недзяржаўных арганізацый, якія не займаюцца камэрцыйнай дзейнасьцю.


Да чарговай гадавіны чарнобыльскай катастрофы кіраўнік фонду “Дзецям Чарнобыля” Генадзь Грушавы таксама атрымаў непрыемны падарунак у выглядзе скасаваньня паніжальнага каэфіцыенту 0,1:
Будуць выбіраць – каго вызваліць ад падвышэньня арэнднай платы, а каго прымусіць плаціць па новым тарыфе

“Хутчэй за ўсё, будуць выбіраць — каго вызваліць ад падвышэньня арэнднай платы, а каго прымусіць плаціць па новым тарыфе. Паніжальны каэфіцыент дзейнічаў да гэтага моманту. А што будзе пасьля сёньняшняга дня — нават мой арэндадаўца ня ведае, не ўяўляе, што яго прымусяць рабіць са мной. Бо ён не плянаваў падвышаць арэндную плату. Але калі зьявіцца адпаведнае тлумачэньне, якое звычайна зьяўляецца потым, то можа так стацца, што ў адносінах да пэўных арганізацый пачне дзейнічаць вось гэтая новая плянка. І тады — усё, гэта будзе апошні крок, каб зьнішчыць юрыдычны адрас. А фактычна зьнішчаецца юрыдычны статус тых грамадзкіх няўрадавых арганізацый, якія не падтрымліваюць сёньняшні ўрад. І зноў усё нібыта па законе, зноў усё ў межах, так бы мовіць, “прававога поля”. Але насамрэч гэта будзе канчатковае зьнішчэньне тых арганізацый, якія не падпарадкоўваюцца сёньня дзяржаве. Я чакаю і такога павароту”.


"Плаціць за наш офіс нават калі ў пяць разоў больш — для нас гэта будзе вельмі складана"

Юрыст Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак спадзяецца, што перад тым, як выстаўляць новыя рахункі, усё ж будуць улічаныя аргумэнты недзяржаўных арганізацый супраць радыкальнага падвышэньня арэнднай платы:
Мы разьлічваем на тое, што да нас гэтая льгота будзе ужытая

“Зьвярталіся ў Міністэрства юстыцыі, у Дэпартамэнт гуманітарнай дзейнасьці наконт пацьвярджэньня права на льготу. Мы лічым, што Беларускі Хэльсынскі камітэт — самая што ні на ёсьць узорная арганізацыя, якая займаецца гуманітарнай дзейнасьцю, займаецца ёй бясплатна, дабрачынна. Таму мы, вядома, разьлічваем на тое, што на нас гэтая льгота будзе пашырана. Але пакуль яшчэ гэтае пытаньне для нас ня вырашанае. Таму нас гэта вельмі хвалюе. Бо плаціць за наш офіс нават калі ў пяць разоў больш (у выніку — недзе звыш тысячы даляраў) — для нас гэта будзе вельмі складана. Дый увогуле ставіць грамадзкія аб’яднаньні, якія прыносяць вялікую карысьць грамадзтву, дабрачынна працуюць, у агульны шэраг з камэрцыйнымі структурамі, на маю думку, проста недапушчальна”.



Як ужо падлічылі экспэрты, радыкальнае падаражаньне квадратнага мэтра нерухомасьці можа прывесьці да ліквідацыі больш як 1000 аб'яднаньняў грамадзкай супольнасьці па ўсёй краіне.

Кіраўнікі шэрагу грамадзкіх аб'яднаньняў зьвярнуліся да прэм'ер-міністра Сяргея Сідорскага, кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Генадзя Нявыгласа і дзяржсакратара Савету бясьпекі Віктара Шэймана зь лістом, у якім прасілі пераглядзець пляны на зьмену арэнднай платы. Згодна з указам Аляксандра Лукашэнкі, ад 24 красавіка памер арэнднай платы для грамадзкіх арганізацый падвышаецца ў 10 разоў, а ранейшы паніжальны каэфіціент 0,1 скасоўваецца.

У звароце падкрэсьліваецца: грамадзкія аб'яднаньні, якія не займаюцца прадпрымальніцкай дзейнасьцю, будуць пастаўленыя ў крытычны фінансавы стан. Думку падзяляе старшыня Сталічнага саюзу прадпрымальнікаў і арандатараў Уладзімер Карагін:

«Гэта больш тычыцца камісіі ў арэнднай плаце, адмыслова створанай на базе Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта. Кіраўнік справамі адначасна ёсьць старшынём гэтай камісіі. Мы пісалі, абгрунтоўвалі цэлы шэраг пытаньняў, у тым ліку кошту арэнды памяшканьняў некамэрцыйных аб'яднаньняў прадпрымальнікаў. На жаль, пакуль станоўчага адказу не атрымалі. І ўжо ад 25-га пералік павінен быць па новых коштах, паколькі зараз прынятая мэтодыка аплаты наперад на месяц. Правілы зьмяніліся тры месяцы таму, і плата па падвышаных стаўках будзе рабіцца ўжо ў красавіку. Нагадаю, што грамадзкія і некамэрцыйныя арганізацыі ня маюць права вядзеньня якойсьці дзейнасьці, жывуць толькі з сяброўскіх унёскаў, указам №300 ім забаронена прымаць спонсарскую дапамогу ад юрыдычных асобаў, замежных арганізацый. То бок, яны фактычна ня маюць ніякіх крыніцаў прыбытку».


ТБМ давядзецца плаціць 850 эўра?

Прадстаўнікі шмат якіх грамадзкіх аб'яднаньняў ужо заявілі пра пагрозу далейшага існаваньня сваім арганізацыям. Старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч лічыць, што ўлады хочуць эканамічна расправіцца з трэцім сэктарам, які ў масе сваёй неляяльны да цяперашняга рэжыму. Да сёньняшняга дня стандартная стаўка арэнднай платы складала 10 эўра за 1 квадратны мэтар, ільготная – 1 эўра.

Старшыня Беларускага таварыства ацэншчыкаў Мікалай Трыфанаў кажа: унёскаў, якія зьбіраюць з двух сотняў сябраў саюзу, хапае на аплату арэнды па нізкіх стаўках і на заробак бугальтара. У выпадку 10-разовага падвышэньня кошту арэнды арганізацыя будзе пастаўленая на мяжу выжываньня. Старшыня Рады Таварыства Беларускай Мовы Алег Трусаў у звароце да грамадзянаў Беларусі піша: за памяшканьне менскага офісу цяпер давядзецца плаціць 850 эўра штомесяц. Гэта непад'ёмныя грошы для арганізацыі, якая займаецца асьветніцкай дзейнасьцю.

Намесьнік старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Мікалай Канах зьвяртае ўвагу на тое, што новая норма тычыцца ня ўсіх аднолькава. Так, праўладнай Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі і арганізацыям, якія ўваходзяць у яе склад, паніжальны каэфіцыент захаваны. Незалежным прафэсійным саюзам такой палёгкі няма:

«Раней быў для грамадкзіх арганізацый, якія не займаюцца грамадзкай дзейнасьцю, каэфіцыент 0,1. А цяпер ён прыбіраецца. І мы як грамадзкая арганізацыя таксама страчваем гэты каэфіцыент».
Калі раней плацілі за квадраты мэтар 2-3 эўра, то цяпер – 30

Карэспандэнт: «То бок, арэндная плата падвышаецца ў 10 разоў?»

«Так. І гэта надзвычай сур'ёзна. Калі раней плацілі за квадраты мэтар 2-3 эўра, то цяпер – 30. Гэта вельмі адчувальна адаб'ецца на эканамічным становішчы нашых арганізацый. Я лічу, што гэта адзін зь відаў барацьбы зь незалежным прафсаюзным рухам. Бо апроч арэнднай платы застаюцца камунальныя паслугі, тэлефоны. Мы ўжо неаднаразова пісалі і ва ўрад, і ў Генпракуратуру, і ў Канстытуцыйны суд, што ёсьць парушэньне нашых правоў: ФПБ – ільготы, а ў нас іх няма. І калі так будуць разьвівацца падзеі надалей, то нам давядзецца даць інфармацыю ў Міжнародную арганізацыю працы (МАП) аб тым, што сёньня ёсьць розныя прафсаюзы і розныя да прафсаюзаў падыходы. У траўні якраз чарговая канфэрэнцыя МАП, і ў дадзеным выпадку ўрад мусіць адказаць, чаму такая сытуацыя».

У якасьці вырашэння праблемы кіраўнікі грамадзкіх арганізацый прапануюць пакінуць хоць бы 75 льготных квадратных мэтраў. Указам Лукашэнкі ад 2002 году, нагадваюць яны, льготная плошча для аб'яднаньняў была вызначаная менавіта ў памеры да 75 «квадратаў». Палажэньне служыла істотнай падтрымкай недзяржаўным структурам, прычым без асаблівых стратаў для бюджэта. З уступленьнем у сілу новага ўказу грамадзкія арганізацыі гэтай падтрымкі пазбавяцца.

Беларускія экспэрты адзначаюць: з-за рэзкага падвышэньня арэнднай платы могуць спыніць сваю дзейнасьць больш за тысячу аб'яднаньняў, якія складаюць аснову грамадзянскай супольнасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG