Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мільянэрка шукае, хто б яе назваў сваёй


Нядаўна брытанская “The Times” апублікавала артыкул "Праблема шлюбу з заможнай жанчынай".


Шматлікія апошнія сацыяльныя дасьледаваньні ў розных краінах сьведчаць, што мужчыны з задавальненьнем пабраліся б з багатай нявестай. Аднак аўтар брытанскага выданьня ставіць высновы пад сумнеў.

У дасьледаваньні "Грошы, сэкс і каханьне", зробленым для парталу MSNBC і часопісу “Elle”, апыталі каля 74 тысяч мужчын і жанчын. Толькі 12 працэнтаў апытаных мужчын заявілі, што яны супраць таго, каб іх жонка зарабляла больш.

Стэфані Кунц, дырэктар дасьледаваньняў і народнай адукацыі Рады сучасных сем'яў, называе гэта глябальнымі зьменамі ў разьмеркаваньні гендэрных роляў. Сайт жаночых блогаў Jezebel выказаўся так: "Хлопцы ня супраць, каб хлеб з маслам дадому прыносілі дзяўчыны". Над матэрыялам зьмешчаныя фотаздымак Джуліі Робэртс і яе мужа Дэніэла Модэра, яе апэратара. Абое ўсьміхаюцца.

Эмацыйную падтрымку за мільён ня купіш

Марк Джонс з “The Times” жартуе: уяўляю змучанага мужчыну, які бессэнсоўна спрабуе дамагчыся падвышэньня заробку ці лепшай ацэнкі яго працы. Натуральна, ён адкажа станоўча на пытаньне, ці хацеў бы ён пабрацца зь мільянэркай.

І журналіст вырашыў запытацца жанчын-мільянэрак: як яны ставяцца да таго, каб іх мужчына зарабляў менш? Ён зьвязаўся з службай знаёмстваў для адзінокіх мільянэршаў “Seventy Thirty” – “Семдзесят на трыццаць” – гэта тыповыя суадносіны паміж працай і асабістым жыцьцём пасьпяховага чалавека.

Агенцыя працуе і з мужчынамі. “Семдзесят на трыццаць” таксама адлюстроўвае суадносіны жанчын і мужчын сярод членаў. Каб уступіць у агенцыю, трэба мець актываў на суму ня менш чым 1 мільён фунтаў стэрлінгаў.

Спэцыялісты агенцтва кажуць, што жанчынам-мільянэршам патрэбная ад мужчыны толькі эмацыйная падтрымка, каб ён яе прытуліў, назваў сваёй – гэта найбольш частотныя фразы з анкет, а ня вобразнасьць. Брытанскія мужчыны кажуць, што гатовыя гэта зрабіць, але пасьляшлюбная статыстыка сьведчыць, што псыхалягічны стрэс і ўдар па самалюбству мужчыны выклікае ў яго такія паводзіны, што жанчыне ад гэтага яшчэ горш, чым калі яна ў адзіноце і ў чаканьні.

Жанчыны, якім даўно за 40, гатовыя адмовіцца ад усіх сваіх дамоў і яхт дзеля шчасьлівага сямейнага жыцьця.

Яшчэ статыстыка: трое з чатырох мужчын адчуваюць віну, калі яны ня плацяць на першым спатканьні, 40 працэнтаў жанчын адчуваюць дыскамфорт, калі мужчына прымае іх грошы.

Калі мужчына багаты і жанчына багатая, але яна мае больш прэстыжную пасаду ў той жа галіне, што і яе мужчына – гэта таксама прычына для дыскамфорту ў адносінах.

Вы багатая? Вам патрэбны анэстэзіёляг

Спэцыялісты ў галіне сямейных адносінаў прапануюць выхад з сытуацыі: калі мужчына зарабляе менш, ягоны аўтарытэт у яго галіне павінен быць большым, чым аўтарытэт жанчыны ў яе галіне. Ці проста яго галіна дзейнасьці для жанчыны – цікавая, загадкавая, недаступная.

Пашанцаваць наладзіць адносіны з багатай жонкай, якая займаецца бізнэсам ці нечым вельмі публічным, можа, напрыклад, спэцыялісту ў галіне сярэднявечнай філязофіі ці анэстэзіёлягу.

“У знакамітым фільме "Нотынг Гіл" акторка-мільянэрка Джулія Робэртс паводле сцэнару закахалася ва ўладальніка кніжнай крамы – Х'ю Гранта”, – ужо з гумарам кажа Джонс. “Карацей, калі ў мужчыны свой паўнацэнны ўнутраны сьвет і глыбокае зацікаўленьне ў сфэры, дзе мільёнаў не заробіш, такі псыхалягічна ламацца ня будзе, а жанчына будзе паважаць яго за загадкавасьць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG