Так напісана ў лісьце, які днямі атрымала Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. Ці можна спадзявацца на дыялёг?
Ліст на адрас кіраўніка Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антона Астаповіча падпісаў намесьнік міністра культуры Ўладзімер Грыдзюшка. Праўда, у ведамстве сказалі, што да канца тыдня спадар Грыдзюшка ў камандзіроўцы ў Польшчы, таму нейкія нюансы будучага дыялёгу з грамадзкасьцю можа патлумачыць пазьней. Антон Астаповіч лічыць, што пры пэўных умовах ад такой сустрэчы сапраўды можа быць плён:
Астаповіч: “Прапануюць нам дыялёг. Мы пакуль зьбіраем свае сілы, каб абазначыць усе праблемы, рыхтуем пакет прапановаў з тым, каб рэальна абмеркаваць шляхі вырашэньня існуючых праблемаў. Нават магу зачытаць ліст: “...Той факт, што апошнім часам павялічылася колькасьць зваротаў Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнкіаў гісторыі і культуры па пытаньнях, зьвязаных з аховай гісторыка-культурнай спадчыны, лічым мэтазгодным правесьці сумесную сустрэчу з мэтай удакладненьня мэханізму іх вырашэньня, які вызначаны заканадаўствам аб ахове спадчыны...”. Але я пакуль не тэлефаную, бо пакуль у гэтай сустрэчы ня будзе браць удзел спадар Чарняўскі, гэтая сустрэча таксама згубіць і пэўны сэнс. Таму што ў прынцыпе ва Ўпраўленьні аховы гісторыка-культурнай спадчыны вызначае нават не Абламскі, начальнік упраўленьня, а ў асноўным Чарняўскі”.
Музэйны супрацоўнік зь вялікім досьведам Антон Астаповіч кажа, што дыялёг улады з грамадзкасьцю насьпеў даўно. За некалькі гадоў у Менску ды яшчэ шмат дзе без усялякай відавочнай неабходнасьці зруйнаваныя бясцэнныя ўзоры архітэктуры і старажытнага дойлідзтва, на месцы якіх узьведезныя сучасныя навабуды. Абурэньне такой псэўдарэстаўрацыяй з боку гісторыкаў, архітэктараў, мастацтвазнаўцаў у бальшыні выпадкаў ігнаруюцца. Як лічыць гісторык архітэктуры Сяргей Харэўскі, у сваім “цынізьме” цяперашнія беларускія улады пераўзышлі нават савецкіх “таварышаў”:
Харэўскі: “Калі скажам, за саветамі штосьці зьнішчалі, то прынамсі шчыра казалі: царкву руйнуюць, бо змагаюцца з атэізмам. Дамы руйнуюць, бо там кладуць мэтро. І мы, разумеючы калгасны мэркантылізм машэраўска-брэжнеўскай улады, мусілі прымаць гэта як дадзенасьць. А зараз пад выглядам рупнасьці за старасьветчыну, пад выглядам клопату пра помнікі “ўціхую”, ведаючы, што яны робяць злачынствы, руйнуюць. Тужлівы мартыралёг зьнішчаных помнікаў Менску за апошнія пяць гадоў проста велізарны. Перапіска на гэтую тэму можа заняць не адзін том. Але факт: калі ўсе іх пляны будуць увасобленыя ў жыцьцё (ужо нядоўга чакаць засталося), у Менску аўтэнтычных помнікаў застанецца адзін-два ад сілы. Дзясяткамі зьнішчаныя за апошнія 15 гадоў помнікі архітэктуры”.
Зрэшты, намесьнік старшыні Ўпраўленьня аховы гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Ігар Чарняўскі лічыць, што прапановы супраціўнікаў цяперашніх мэтадаў аднаўленьня гістарычнай спадчыны не бясплённыя. І якраз у абяцаным дыялёгу можа нарадзіцца ісьціна:
“Гэтыя ідэі не адмаўляюцца. Любая прапанова мае права на жыцьцё. Вазьміце тую ж Вашынгтонскую хартыю, то там прэвалюе ня толькі эканоміка, а ўвогуле калегіяльнае прыняцьце рашэньняў. Не меркаваньне аднаго чалавека, а калегіяльнае ўхваленьне ўсіх рашэньняў. І гэта закладзена ў аснову працы ў гістарычных гарадох...”
Як сказаў Антон Астаповіч, у часе сустрэчы з чыноўнікамі, адказнымі за тое, што цяпер адбываецца перадусім у гістарычным цэнтры Менска, плянуецца абмеркаваць увесь комплекс пытаньняў – ад мэтадаў рэстаўрацыі да пошуку вінаватых у такой горадабудаўнічай палітыцы.
Разам з тым спадар Астаповіч не выключае, што будзе ініцыяваць перад эўраструктурамі пытаньне аб пашырэньні сьпісу неўязных беларускіх чыноўнікаў коштам кіраўнікоў Міністэрства культуры і Менгарвыканкаму, якія маюць непасрэднае дачыненьне да зьнішчэньня беларускай гісторыі.