Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У.Папруга: “Перабудова Нямігі – гэта крымінальнае злачынства”


Цягам тыдня журналіст Аляксандар Уліцёнак будзе размаўляць з Уладзімерам Папругам пра тое, як і што губляе беларуская сталіца.


Папруга: “Будаўніцтва аб’екту на Нямізе – тое што сьціпла называецца аўтамабільнай паркоўкай з аб’ектамі грамадзкага абслугоўваньня, насамрэч зьяўляецца самай скандальнай зьявай найноўшай гісторыі Рэспублікі Беларусь. Гэты аб’ект па сутнасьці стаўся ледаколам, які торыць за сабой сьцежку”.

Уліцёнак: “А што, уласна кажучы, было парушана?”

Папруга: “Першае, – прававыя парушэньні, далей – мэтадалягічныя”.

Уліцёнак: “Між іншым гэты аб’ект называецца вельмі сьціпла – усяго транспартная паркоўка…”

Папруга: “Насамрэч ён зьяўляецца гандлёвым комплексам тыпу Камароўскага рынку”.

Уліцёнак: “Якая прырода падобных мэтамарфозаў?”

Папруга: “Адразу быў іншы інвэстар. На дзіва ў той час пракуратура, камітэт народнага кантролю працавалі вельмі апэратыўна…”

Уліцёнак: “А што зьмянілася цяпер?”

Папруга: “Транспартная паркоўка з элемэнтамі абслугоўваньня ў прынцыпе ня можа знаходзіцца на гэтай тэрыторыі ў адпаведнасьці з нарматыўна-прававой базай Рэспублікі Беларусь”.

Уліцёнак: "Можна жорстка сфармуляваць сутнасьць запачаткаванай гэтым эпізодам праблемы?”

Папруга: “І таго інвэстара, які ўжо прапрацаваў, і конкурс, і папярэднія эскізныя прапрацоўкі з гэтай тэрыторыі выдаляюць. Але тут жа падсаджваецца абсалютна іншы інвэстар. Брамка зачыняецца, і пачынаецца увесь той скандальны блёк парушэньняў, які прывёў да будаўніцтва гэтага аб’екта.

А пазьней зьявіўся ўжо і гатэль “Эўропа” у тым прачытаньні, у якім мы маем яго сёньня. Зьявіліся ўсе вось гэтыя прапановы па забудове Нямігі аж да Гарадзкога валу ну абсалютна ў тым самым рэжыме, нібыта будаваліся якіясьці Шабаны.

Гэты аб’ект парушыў ўсё, што можна было сабе папросту сабе ўявіць. Ён парушыў пляніровачную гістарычную структуру, якая існавала тут заўжды. Ён пасадзіў туды аб’ект скрыначнага тыпу, які накрыў, папросту падмяў пад сябе ўсё, што там калісьці знаходзілася. Адным словам, быў закладзены юрыдычны прэцэдэнт, і цяпер не выпадае апэляваць да Закону Рэспублікі Беларусь у адносінах ад Гародні да Віцебску, да любога іншага паселішча, да любога іншага аб’екту”.

Роўна чвэрць стагодзьдзя таму наш чарговы грамадзкі рэдактар Уладзімер Папруга стаў працаваць у "Белдзяржпраекце". Падчас перабудовы ў 1989 годзе стварыў і ўзначаліў грамадзкую архітэктурную майстэрню. Займаўся рэстаўрацыяў культавых будынкаў, праектаваньнем новых храмаў. Навучаўся ў рымскім Міжнародным цэнтры па дасьледаваньні праблемаў і аховы гісторыка-культурных аб'ектаў, у Вэнэцыі. Чатыры гады працаваў у Польшчы. Аднак калі пачалося актыўнае разбурэньне гістарычнага цэнтру Менску, вярнуўся дадому, каб зьберагчы тое, што яшчэ ўцалела.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG