Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На волю ў 18:30


Затрыманыя на Дзень Волі.
Затрыманыя на Дзень Волі.

Сёньня з турмы на вуліцы Акрэсьціна на волю выйдуць 9 чалавек пасьля адбыцьця 15 сутак арышту за ўдзел у сьвяткаваньні Дня Волі 25 сакавіка. Іх будуць сустракаць сябры, сваякі і палітыкі.

З турмы на вуліцы Акрэсьціна выйдуць апазыцыянэры, якіх пакаралі арыштам на 15 сутак за ўдзел у вулічнай акцыі 25 сакавіка. Гэта лідэр “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч, яго намесьнік Артур Фінькевіч, маладафронтаўцы Уладзімер Сяргееў, Дзяніс Карноў, прадпрымальнік Віктар Калей, моладзевы актывіст партыі БНФ Ільля Богдан, малады сацыял-дэмакрат Павал Севярын, актывіст моладзевага руху Віталь Акімаў і журналіст “Нашай Нівы” Сямён Печанко.
Нагадаем: 25 сакавіка спэцназаўцы затрымалі 88 чалавек пад час разгону шэсьця на праспэкце Незалежнасьці ў Менску. 30 чалавек суды пакаралі арыштамі на тэрмін ад 3 да 15 сутак. Астатніх пакаралі штрафамі.
Маладзёнаў прыйдуць сустракаць сябры, палітыкі, сваякі. Лідэр партыі БНФ Лявон Баршчэўскі паведаміў “Свабодзе”, што будзе сёньня разам са сваімі аднапартыйцамі чакаць палітвязьняў каля турэмнай брамы.
“Абавязак усіх, у каго ёсьць магчымасьць, прыходзіць да турмы на Акрэсьціна, сустракаць і падтрымліваць тых, хто адседзеў суткі ў турме менавіта за ўдзел у мірнай дэманстрацыі, за тое, што яны выказалі свае думкі”.
Актывістка незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Тацяна Шапуцька паведаміла “Свабодзе”.
“Мы абавязкова пойдзем сустракаць нашых сяброў. Мы для іх ужо падрыхтавалі кветкі, падарункі. Сярод іх і нашы лідэры Зьміцер і Артур. Іх моцна зьбілі на акцыі. Там і наш маладафронтавец Уладзімер, а таксама Дзяніс Карноў, якога моцна зьбілі ў міліцыі. Думаю, што яны будуць рады праявам нашай падтрымкі і салідарнасьці”.
Прадпрымальнікі таксама прыйдуць сустракаць апазыцыянэраў, сярод якіх адзін з лідэраў прадпрымальніцкага руху Віктар Калей. Гаворыць прадпрымальнік Алесь Таўстыка:
“З усьмешкамі на твары мы будзем рады бачыць іх. Прыедуць прадпрымальнікі прадстаўнікі кампаніі “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва”. Можа, лідэры іншых прадпрымальніцкіх структур”.
Згодна з пастановамі суду, дзевяць апазыцыянэраў павінны адпусьціць на волю ў 18.30.
За кратамі ў турме на вуліцы Акрэсьціна застанецца актывістка руху “Джынс за свабоду” Паліна Кур’яновіч. Яе арыштавалі на 10 сутак за пікет каля расейскай амбасады 2 красавіка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG