Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Адабраць канстытуцыйныя правы і свабоды могуць у любы час”


Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 3 красавіка, чацьвер.


Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашыя меркаваньні й прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым.

Мы ўводзім прыз — падзяку за ваш найлепшы званок, паведамленьне, падказку. Пераможцы будуць абвяшчацца кожную нядзелю ў тыднёвым аглядзе “Званкоў на Свабоду”.

Вас чакаюць кнігі “Бібліятэкі Свабоды” з подпісамі аўтараў. Тэлефон “Свабоды” ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.



Актывісты моладзевага дэмакратычнага руху 2 красавіка каля амбасады Расеі ў Менску разгарнулі бел-чырвона-белыя сьцягі і плякаты “Расеі — не, Эўропе — так”. Гэтак яны спрабавалі адзначыць дзяржаўнае сьвята — Дзень яднаньня народаў Беларусі і Расеі. Адну з удзельніцаў сьвяткаваньня Паліну Кур’яновіч арыштавалі на 10 сутак. На тэму беларуска-расейскага яднаньня і выказваньні слухачоў:

Спадар: “Расейскія інтэгратары ў эканоміцы вядуць справу да таго, каб збанкруціць беларускія прадпрыемствы і забраць за бесцань асноўныя прадпрыемствы Беларусі. Прыклад таму — Менскі аўтамабільны завод. Узяўшы ў свае рукі эканоміку Беларусі, расейскі імпэрыялізм лёгка расправіцца зь яе незалежнасьцю. Патрыётам Беларусі патрэбна пра гэта памятаць і даваць належны адпор усялякім яўным і прыхаваным ворагам нашай незалежнасьці”.

Спадарыня: “Адкажыце, калі ласка, ці ёсьць дзе-небудзь у краінах сьвету дні яднаньня народаў як сьвята і чаму ў нас няма сьвята яднаньня народаў беларускага і польскага? Быў жа час, мы зь імі жылі разам у царскай усходняй імпэрыі, агульная мяжа і агульная эўрапейскасьць. І яшчэ. Ці ёсьць у Расейскай Фэдэрацыі, напрыклад, Дзень яднаньня народаў Расеі і Чувашыі або якуцкага і расейскага народаў як сьвята? Дзякуй. Прабачце, але ўжо дасталі гэтыя размовы пра сяброўства беларускага і расейскага народаў”.

На пытаньне адказвае палітоляг Андрэй Фёдараў:

“Такіх сьвятаў нідзе няма, і мне падаецца, што гэта толькі палітычная рыторыка для кіраўніцтва абедзьвюх краін. Асабліва калі гэтае сьвята толькі ўводзілася. Чаму няма з Польшчай? Гэта зразумела, бо Польшча пайшла сваім шляхам, а Беларусь за ёй, на жаль, не. У Расеі з Чувашыяй таксама няма, бо яны не ядналіся, а Расея паглынула Чувашыю. Вы маеце рацыю, калі кажаце, што гаворкі пра Расею ўжо надакучылі. Я цалкам з вамі згодны”.

У Бухарэсьце прайшоў двухдзённы саміт НАТО, на якім разглядалася пытаньне ўступленьня ў альянс Украіны і Грузіі. Выказваньне на гэтую тэму:

Радзімоўскі Юры, Бабруйск: “Мне здаецца, усе размовы пра ўступленьне Грузіі і Ўкраіны ў НАТО зводзяцца да таго, што Расейская імпэрыя, якая практычна недэмакратычная і мае таталітарнае аблічча, баіцца страціць Украіну, бо тая насамрэч стала на шлях дэмакратычнага разьвіцьця. Там шмат людзей, якія супраць уступленьня ў НАТО, але з гадамі, я мяркую, гэта рассмокчацца”.

Працягваем праграму выказваньнямі на розныя іншыя тэмы:

Віктар Буто, Менск: “Чаму апынуўся і знаходзіцца ў турме Аляксандр Казулін? На гэтае пытаньне адказ просты: гэта сапраўдная незалежнасьць па-беларуску, якую паказалі ўлады праз сваіх падначаленых. То бок любы невінаваты грамадзянін можа ўспрымацца як вінаваты. І ў яго могуць забраць любыя канстытуцыйныя правы і свабоды ў любы час. Дзякуй”.

Спадар “Мірон сьмелы”:
“Будзьце пільны, асьцярожны,
Браткі беларусы!
У нядобрую хвіліну
У вас зробяць ператрусы.
Уварвуцца ў ваш пакой
І парушаць ваш спакой”.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG