Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашыя меркаваньні й прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым.
Мы ўводзім прыз — падзяку за ваш найлепшы званок, паведамленьне, падказку. Пераможцы будуць абвяшчацца кожную нядзелю ў тыднёвым аглядзе “Званкоў на Свабоду”.
Вас чакаюць кнігі Бібліятэкі Свабоды з подпісамі аўтараў. Тэлефон “Свабоды” ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.
Супрацоўнікі Камітэту дзяржбясьпекі правялі масавыя ператрусы ў офісах і кватэрах незалежных журналістаў. Камэнтар слухача:
Спадар: “Добры дзень, паважанае Радыё Свабода. Думаю, што падзеі па канфіскацыі памнажальнай і кампутарнай тэхнікі ў журналістаў Радыё Рацыя і БелСату вы інтэрпрэтуеце няслушна. Журналісты “Рацыі” і БелСату ў Рэспубліцы Беларусь не акрэдытаваныя. Таму яны не журналісты, а прыватныя асобы, хоць яны атрымліваюць грошы ад гэтых сродкаў масавай інфармацыі, а падаткі ня плацяць. Дзякуй”.
Выказваньне камэнтуе юрыст грамадзкай арганізацыі “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Андрэй Бастунец:
“Ператрусы і затрыманьні праводзіліся нібыта на падставе крымінальнай справы, якая відавочна ня тычылася журналістаў. Таму гэтая вэрсія, якую выказаў слухач і якая супадае з вэрсіяй МЗС, не супадае з вэрсіяй пракуратуры і КДБ. Па-другое, каб быць журналістам, ня трэба абавязкова быць у штаце нейкага выданьня. Гэта агаворана ў дзейным заканадаўстве аб СМІ. Адносна акрэдытацыі — так, яна патрэбная, але толькі для штатных супрацоўнікаў замежных мэдыяў. Заўважу таксама, што ва ўсім сьвеце, і паводле беларускага заканадаўства таксама, акрэдытацыя — гэта не дазвол на працу, а стварэньне найбольш спрыяльных умоў для прафэсійнай дзейнасьці”.
“Ганьба такой уладзе, якая ня любіць свой народ”, — напісаў у СМС слухач Мікола з Нароўлі. На тэму масавага зьбіцьця і затрыманьняў удзельнікаў сьвяткаваньня 90-годзьдзя БНР 25 сакавіка і наступнае тэлефанаваньне:
Павел Давыдзенка: “Любімая “Свабода”! Наша апазыцыя ня здольная абараняць людзей працы. Яна здольная толькі вывесьці частку моладзі пад дубінкі ўлады. Казуліна загналі ў турму і забылі пра яго. А самі за кошт такой хітрасьці зарабляюць сабе капітал: “Паглядзіце, мы змагаемся з дыктатурай”. Выніку ад такой працы апазыцыі — нуль, і ганьба ім”.
Выказваньне камэнтуе намесьнік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч:
“Мы заклікаем разам выйсьці на Чарнобыльскі шлях, дзе будуць падымацца і сацыяльныя пытаньні, і пытаньні адмены льготаў. І калі ў гэтага спадара ёсьць прапанова, як лепей арганізаваць, то, калі ласка, прыходзьце ва ўправу БНФ на Варвашэні, 8. Я, як колішні рэдактар газэты “Рабочы”, гатовы выслухаць прапановы любога працоўнага чалавека”.
Наступныя тэлефанаваньні — на тэму замежнай палітыкі Беларусі і Расеі, а таксама на адрас кіраўнікоў краін:
Спадар: “Добры дзень. Няўжо вы думаеце, спадары Пуцін і Мядзьведзеў, што зможаце стварыць саюзную дзяржаву як-небудзь інакш, акрамя як з Лукашэнкам на чале? Альбо адразу аддайце пасаду прэзыдэнта Лукашэнку, альбо забудзьцеся на самі гэтыя словы — “саюзная дзяржава”.
Спадар: “Аншлюсаўцы зноў замітусіліся з так званым канстытуцыйным актам. А таму патрыятычным сілам Беларусі патрэбна быць у належнай форме”.
Спадар: “Хачу сказаць па Кіплінгу. Калі-небудзь беларускі народ зьбярэцца і скажа: “Лукашэнка прамахнуўся. Краіне патрэбны новы важак”. Рана ці позна гэта ўсё роўна адбудзецца”.
Спадар: “Вось трымаю Канстытуцыю ад 27 лістапада 1996 году, якой так дамагаўся Лукашэнка. Ёсьць такі цікавы артыкул 41: права на забастоўку. Спадары, хопіць цярпець. Трэба аб’явіць страйк і проста не выходзіць на працу ў дзяржаўныя ўстановы. Патрабуйце менавіта забастоўку. Дзякуй”.
Спадар: “Ёсьць такое міністэрства, створанае Лукашэнкам “для галачкі”. Яно называецца “Міністэрства працы і сацыяльнай безабароны.” Добра было б вам, карэспандэнтам, з гэтым папрацаваць”.
Спадарыня: “Добрай раніцы, “Свабода”. Расейскаму ідэолягу Пуціну не ўдалося новае яго прэзыдэнцтва ў імпэрыі. Краіна Беларусь ужо іншая, і іншы сьвет навокал. Але Пуцін ніколі не даруе двурушнасьці беларускаму сябруку. Лукашэнка адчувае гэта і хоць неяк спрабуе ўлагодзіць усходніх гаспадароў сваіх хоць дзікунствам у адносінах да ЗША, да цывілізаванага сьвету, да Дня Волі 25 сакавіка. Толькі Дзень Волі, дзень 25 сакавіка, ужо назаўсёды з намі. Дзякуй”.
Працягваем праграму пытаньнем слухача:
Спадар: “Добры вечар, “Свабода”. Я тут па літоўскім тэлебачаньні выпадкова пабачыў урыўкі фільма Хашчавацкага, “Плошча” называецца. Дзе і як можна набыць гэты фільм? Дзякуй”.
Адказвае Юры Хашчавацкі:
“Я не гандлюю гэтым фільмам. Няхай паглядзіць па баках, няхай спампуе з інтэрнэту. Я ня ведаю дакладнага адрасу, дзе ён разьмешчаны, але калі набраць у пошукавай сыстэме “Плошча”, то абавязкова можна выйсьці на гэтыя спасылкі”.