Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Дзе тая сіла, якая здольная хоць нешта зьмяніць у Беларусі?..”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 29 сакавіка 2008 году


Масавыя затрыманьні ўдзельнікаў шэсьця ў Дзень Волі ў Менску, маштабныя ператрусы на кватэрах і ў офісах незалежных журналістаў — тэмы, якія Радыё Свабода падрабязна асьвятляла на мінулым тыдні. На гэты конт выказваюцца і многія слухачы ў сваіх лістах і тэлефанаваньнях.

Вось што піша ў электронным допісе Вольга Ананіч зь Менску:

Апошнім часам здавалася, што ўлада адумалася. Не разганялі Сацыяльны і Эўрапейскі маршы, не чапалі журналістаў, выпусьцілі на волю амаль усіх палітвязьняў. І тут раптам нібы з ланцуга сарваліся. Асабіста для мяне гэта стала нечаканасьцю. Здавалася б, лягічна было працягваць пачатае. Ужо пачыналі зьяўляцца абрысы нейкага дыялёгу з Захадам. А цяпер што? Усё зноў вернецца да таго, што было ў 90-х гадох? Наступаем на старыя граблі, і ніякага прасьвету ня бачна. І дзе тая сіла, якая здольная хоць нешта зьмяніць у нашай Беларусі?

Верагодна, многае тут тлумачыцца няпростымі эканамічнымі ўмовамі, у якіх апынулася Беларусь і якія ў блізкай будучыні здольныя істотна паўплываць на настроі ў беларускім грамадзтве. Улада, рыхтуючыся да гэтай новай пагрозы, паказала, якім чынам яна зьбіраецца супрацьстаяць сваім палітычным супернікам. Спосабы гэтыя за апошнія чатырнаццаць гадоў выкарыстоўваліся неаднаразова — нічога новага ў іх няма. А вось пра пэрспэктывы дыялёгу з Захадам на гэтым тле гаварыць, сапраўды, праблематычна.

Аўтар наступнага ліста — Мікалай Рыбакоў з пасёлку Копысь Аршанскага раёну.У лісьце на “Свабоду” ён распавядае пра сваю малую радзіму і пра людзей, якія там жывуць. Слухач піша:

Мне 45 год. Ліст пішу вам упершыню, хоць досыць часта дасылаю СМС-паведамленьні.

Пасёлак наш месьціцца на левым беразе Дняпра. Мясьціны вельмі маляўнічыя. Тут паміж вёскай Ляўкі і пасёлкам Копысь разьмешчаны філіял Купалаўскага музэя. Наш вялікі паэт напісаў тут шмат вершаў — падчас так званага “ляўкоўскага” пэрыяду творчасьці. Некаторыя старыя людзі яшчэ памятаюць Янку Купалу, але іх засталося вельмі мала. Музэй у нас называюць “дачай Янкі Купалы”. У ім працуе экскурсаводам адна жанчына, якая расказвае рэдкім наведнікам пра паэта, пра яго творчасьць, пра тое, як ён любіў Беларусь і змагаўся за яе.

Адметна тое, што сын гэтай жанчыны служыць у Менску ў АМАПе пад кіраўніцтвам палкоўніка Паўлючэнкі. Напэўна, разам зь іншымі амапаўцамі лупіць на менскіх плошчах тую самую моладзь, якую Купала заклікаў “людзьмі звацца”. Празь некалькі гадоў ён пойдзе на пэнсію. І будзе гэтая моладзь са сваіх падаткаў плаціць былым “амонаўцам” вялізную міліцэйскую пэнсію — за тое, што ганялі і зьбівалі людзей падчас мірных акцыяў пратэсту. Атрымліваецца, як у той казцы: “Біты нябітага вязе”. Хацелася б пачуць ваш, спадар Жданко, камэнтар на гэты конт
”.

Жыцьцё складваецца па-рознаму, спадар Рыбакоў. Дый у чым можна абвінавачваць гэтую жанчыну? У тым, што вучыла сына любіць Янку Купалу, а ён служыць у АМАПе? А можа, выбіраючы два дзесяцігодзьдзі таму прафэсію, ён марыў лавіць злачынцаў, а не ганяць па Менску апазыцыю? А выбару месца службы ў чалавека ў мундзіры, здараецца, і не бывае.

Зь іншага боку, ці варта так ужо супрацьпастаўляць моладзь, якая служыць у міліцыі, і моладзь, якая выходзіць на вуліцу, дамагаючыся зьменаў у дзяржаве? І тыя, і другія вучыліся ў адных школах, чыталі адны кнігі, у тым ліку і творы Купалы. Настане іншы час — і той самы АМАП будзе абараняць бел-чырвона-белы сьцяг і герб “Пагоня”.

Дарэчы, Янка Купала ў Ляўках пісаў ня толькі любоўную лірыку. Ён тады і калгасы ўслаўляў, і савецкую ўладу, і Чырвоную армію. Час быў такі...

***

13 сакавіка Радыё Свабода паведаміла пра чарговы акт вандалізму ў Курапатах: невядомыя зламысьнікі зламалі альбо павалілі 36 крыжоў, пастаўленых у памяць ахвяраў сталінскіх злачынстваў. На гэту тэму — ліст Мікалая Куксо з пасёлку Івянец Валожынскага раёну. Слухач піша:

З абурэньнем даведаўся аб чарговым злачынстве ў Курапатах. Лічу, яно нічым не адрозьніваецца ад злачынстваў падчас сталінізму. Упэўнены, што ні ў якім разе нельга патураць такім ганебным выхадкам. Трэба даваць ім адпаведны адпор, каб ня думалі, што ўсё сыдзе ім з рук. Супраць злачынцаў грамадзкасьць павінна ісьці адзіным фронтам. Такое маглі ўчыніць толькі нелюдзі.

Улада траціць вялізныя грошы на рэстаўрацыю і ўтрыманьне так званай “Лініі Сталіна” ля Заслаўя, якая не адыграла ў гісторыі ніякай адметнай ролі. А ў Курапатах на арганізацыю хаця б аднаго міліцэйскага паста грошай чамусьці не хапіла
”.

На працягу апошняга дзесяцігодзьдзя ў Курапатах былі зафіксаваны дзясяткі такіх выпадкаў. І ніводнага разу міліцыя не знайшла і не пакарала злачынцаў. Летась грамадзкія актывісты зьвярталіся да ўладаў з просьбай наладзіць ахову Курапатаў. Аднак і на гэты, і на іншыя падобныя звароты адказ адзін: “Няма грошай”. Абласная міліцыя прапанавала сябрам аргкамітэту дзеля ўшанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў самім плаціць за ахову народнага мэмарыялу.

Наступны ліст нам даслалі з пасёлку Рудзенск Пухавіцкага раёну. Яго аўтары — Міхаіл Калянкевіч, Яўгенія Наталевіч, Ніна Варанецкая ды іншыя (усяго 35 подпісаў) — абураюцца тым, што мясцовыя ўлады замест дыялёгу з насельніцтвам наладжваюць імітацыю такога дыялёгу. Прынамсі, пра гэта сьведчаць факты, выкладзеныя ў лісьце. Для Рудзенску актуальная праблема — намер улады зачыніць мясцовы шпіталь і стварыць на яго базе госьпіс для анкалягічна хворых. 3-га сакавіка мясцовыя чыноўнікі наладзілі з гэтай нагоды сход з удзелам прадстаўнікоў райвыканкаму. Многія людзі ўбачылі абвестку пра гэты сход і прыйшлі на яго. Што было далей? Слухачы пішуць:

Сход адбываўся ў актавай залі акцыянэрнага таварыства “Рудзенск”. Нас на гэты сход не пусьцілі, адмовілі ў грубай форме. Калі мы прыйшлі, дырэктар акцыянэрнага таварыства Лагун выйшаў на вуліцу і, нягледзячы на абурэньне людзей сталага ўзросту, загадаў ахове завода не пускаць нас у залю. Хаця, як вынікала з абвесткі, у сходзе маглі ўдзельнічаць усе ахвочыя.

Якое права ён меў так паступаць? Там стаялі людзі, якія адпрацавалі на заводзе па 30—40 гадоў, інваліды, у тым ліку інваліды вайны.
Пасьля гэтага мы патэлефанавалі пракурору Пухавіцкага раёну Алене Матуляк, распавялі пра сытуацыю і спыталі, як усё гэта суадносіцца з Канстытуцыяй Беларусі, якая гарантуе грамадзянам права ўдзельнічаць у абмеркаваньні пытаньняў дзяржаўнага і грамадзкага жыцьця менавіта на такіх сходах? Спадарыня Матуляк адказала, што мы павінны былі паведаміць ёй пра гэта раней, а цяпер яна, маўляў, нічога ня можа зрабіць. А як мы маглі паведаміць раней: адкуль мы ведалі, што нас такім нахабным чынам ня пусьцяць на сход? Просім Радыё Свабода прыняць меры і абараніць нас
”.

Адзінае, што можа зрабіць у такой сытуацыі наша радыё — паведаміць пра гэта ў сваім эфіры. Прымаць меры павінна ўлада, якую вы, паважанае спадарства, выбіралі (альбо не выбіралі). Чыноўнік, які адчувае сваю залежнасьць ад грамадзкай думкі, наўрад ці адважыўся б паступіць так у дачыненьні да вялікай колькасьці людзей, да якіх празь нейкі час давядзецца зьвяртацца па падтрымку на выбарах. Зусім іншая справа, калі гэты чыноўнік абавязаны сваёй пасадай іншаму, больш высокапастаўленаму чыноўніку — і нікому іншаму. Грамадзкае асуджэньне ў такім выпадку яго ня надта турбуе.

Кароткі ліст з хутара Любень Буда-Кашалёўскага раёну ад нашага слухача Віктара Карлоўскага. Ён піша:

У сваіх папярэдніх лістах на “Свабоду” я ўжо паведамляў пра тое, што давялося перажыць нашай сям’і, якая не захацела ўступаць у калгас і станавіцца шрубкай савецкага мэханізму. Жывём мы на хутары ўдвох з маці. Нягледзячы на свае 76 год, пэнсіі яна не атрымлівае, бо такім, як яна, плацяць усяго 50 тысяч рублёў. Ведаю гэта, бо адна бабуля ў суседняй вёсцы ў такой жа сытуацыі.
Усяго ў адным лісьце не апішаш, а таму вельмі прашу прыслаць да нас вашага карэспандэнта
”.

Дзякуй, спадар Карлоўскі, за запрашэньне. Пры магчымасьці наш карэспандэнт наведае ваш хутар. Многім нашым слухачам цікава было б даведацца пра жыцьцё вясковай сям’і, якой удалося пазьбегнуць калектывізацыі.

Што да пэнсіі, то наўрад ці яна ў вашай маці можа быць вялікай. Няма працоўнага стажу, не было адлічэньняў у фонд сацыяльнай абароны — значыць, можна разьлічваць толькі на мінімум. Іншая справа, што з заявай на налічэньне хоць бы такой пэнсіі вам варта было зьвярнуцца ў мясцовы райвыканкам яшчэ дваццаць год таму.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG