На Магілёўшчыне раніцай трое супрацоўнікаў ўправы КДБ наведаліся да журналіста Генадзя Судніка. Ён расказвае:
Усе яны - маёры. Зьявіліся ў цывільным
“Усе яны - маёры. Зьявіліся ў цывільным. Прозьвішчы - Р.Гайшун, А.Раманаў і Я.Нікіценка. У іх была пастанова ад 17 сакавіка 2008 году, падпісаная памочнікам пракурора Менску А.Стукам. Гэты чыноўнік дазволіў ператрус у рамках расьсьледаваньня крымінальнай справы паводле ч.1. арт.367 у дачыненьні да Андрэя Абозава, Алега Мініча і Паўла Марозава, якія абвінавачваюцца ў стварэньні сатырычных фільмаў пра Аляксандра Лукашэнку. У пастанове таксама напісана, што сьледчы пракуратуры Менску В.Шабан даручыў магілёўскаму КДБ “пашукаць прадметы, якія могуць знаходзіцца ў кватэры Генадзя Судніка і мець дачыненьне да ўзбуджанай крымінальнай справы”.
Ператрус у кватэры журналіста Генадзя Судніка доўжыўся больш за дзьве гадзіны. Урэшце забралі сыстэмны блёк кампутара.
Таксама раніцай у Берасьці супрацоўнікі мясцовай управы КДБ уварваліся на кватэру бацькоў журналісткі Натальлі Чухно.
“Былі тут ад 8.40. Трохі напалохалі. Я толькі што прачнулася. А адчыніў ім дзьверы бацька. Я не была падрыхтаваная да гэтага ўварваньня. Забралі шмат што. Вось у мяне сьпіс, у якім пазначаныя 23 рэчы. Зрэшты, гэта лічба ўмоўная, бо яны складаюць у пакет, напрыклад, газэту “Народная воля” і пішуць, што адна, а забіраюць яе цэлы стос. Так што забралі газэты, а таксама аўдыё- і відэматэрыялы. Я памятаю іх прозьвішчы: Прыма, Бань і Кез. У іх на аркушы былі запісаныя тры пытаньні да мяне - ці вы знаёмыя з гэтымі людзьмі? Якое яны маюць дачыненьне да БелСату? Як такія ролікі патрапляюць на БелСат?
Перарылі ўсё, што можна. Забралі кампутары. Забралі газэты
Са словаў журналісткі, на ўсе гэтыя пытаньні яна дала адмоўныя адказы: “не знаёмая, ня ведаю, ня маю дачыненьня”.
Гутару са старшынём рэгіянальнай арганізацыі АГП Уладзімерам Кацорам:
“Уварваліся неспадзявана. Іх было 9 чалавек. Перарылі ўсё, што можна. Забралі кампутары. Забралі газэты. Таксама літаратуру рознага кшталту. Вобшук цягнуўся гадзіны чатыры. Вось зараз будзем наводзіць парадак”.
Прашу суразмоўцу назваць прычыну гвалтоўных ператрусаў у рэгіёнах.
“На надуманым грунце творыцца гвалт, каб перакрыць доступ інфармацыі пра цяперашні рэжым да насельніцтва ў рэгіёнах - у гарадох, пасёлках і вёсках”.