Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КДБ шукае журналістаў, дачынных да сатыры на Лукашэнку


Супрацоўнікі Бярозаўскага рэгіянальнага аддзяленьня КДБ Валеры Дайнэка і Вадзім Даніловіч праводзяць ператрус у кватэры незалежнай журналісткі Тамары Шчапёткінай.


Пра гэта “Свабодзе” паведаміў намесьнік старшыні руху “За свабоду” Юрась Губарэвіч. Ён удакладняе:

“Службоўцы прад’явілі спадарыні Шчапёткінай пастанову аб узбуджэньні крымінальнай справы ў дачыненьні да Андрэя Абозава, Алега Мініча і Паўла Марозава, якія абвінавачваюцца ў стварэньні сатырычных фільмаў пра Аляксандра Лукашэнку. Супрацоўнікі КДБ заявілі, што ў рамках гэтай справы яны мусяць забраць сыстэмны блёк кампутара Тамары Шчапёткінай, каб дасьледаваць інфармацыю, якую ён утрымлівае.

Нагадаем: летась 16 жніўня менская пракуратура сумесна з КДБ распачала крымінальную справу за абразу Аляксандра Лукашэнкі. Падставай сталі мультфільмы палітычнага зьместу, разьмешчаныя на сайце ініцыятывы “Трэці шлях” (mult.3dway.org).

У Андрэя Абозава, Паўла Марозава і Алега Мініча супрацоўнікі КДБ зрабілі ператрус, забралі ўсе кампутары і ўсе носьбіты інфармацыі. У Алега Мініча і ягонай жонкі Галіны супрацоўнік КДБ забраў таксама пашпарты, якія доўгі час не аддаваў. Андрэя, Паўла і Алега прынялі ў Кіеве калегі з кампаніі “Дзіва прадакшн”, якія распаўсюджвалі мультфільмы ў інтэрнэце ў часе прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне. Потым на абарону беларускіх калег выступіла міжнародная арганізацыя мультыплікатараў, якая мае прадстаўніцтвы амаль ва ўсіх краінах сьвету. На заклік лідэра арганізацыі доктара Робэрта Расэла аніматары накіроўвалі свае заявы ў беларускія амбасады з патрабаваньнем спыніць перасьлед распаўсюднікаў мультфільмаў у інтэрнэце.

Алег Мініч і Андрэй Абозаў знаходзяцца цяпер за межамі Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG