Экс-старшыня “Белнафтахіму”, якога падазраюць у службовых злоўжываньнях, не прызнаў сябе вінаватым, але пры гэтым заявіў, што “адчувае віну перад Аляксандрам Лукашэнкам”, які яму “заўсёды дапамагаў”.
Аляксандар Бароўскі прасіў суд улічыць, што ў яго хворая жонка.
Нагадаем, паводле сьледзтва Аляксандар Бароўскі нанёс дзяржаве стратаў на 1,6 мільёна даляраў. Пракурор запатрабаваў для яго 6 гадоў зьняволеньня без канфіскацыі маёмасьці, але з кампэнсацыяй нанесеных стратаў і забаронай на 5 гадоў займаць кіраўнічыя пасады.
Прысуд былому старшыні “Белнафтахіму” будзе абвешчаны 27 сакавіка.
Тры гады таму былая кіраўніца справамі прэзыдэнта Галіна Жураўкова гэтаксама не прызнала сябе ў судзе вінаватай, адначасова заявіўшы пра сваю віну перад Аляксандрам Лукашэнкам “за тое, што не апраўдала ягоны давер”. Суд прызнаў Жураўкову вінаватай у крадзяжы і асудзіў на 4 гады зьняволеньня, але ў турму былая кіраўніца справамі ня трапіла. Спачатку яе прызналі хворай, а потым яна была памілаваная адмысловым указам Аляксандра Лукашэнкі.