Угодкі БНР Вітаўт Альгердавіч, буйны беларускі бізнесовец, сустрэў у бардэлі. Вельмі трашчэла галава: учора ён зацята спрачаўся з нейкімі, ён ужо і сам не памятае добра з кім.
– Да, гэта добра што ставяць помнікі Каліноўскаму і Купале, што вуліцы названыя імёнамі Луцкевічаў, Ластоўскага, Багушэвіча, Цёткі, Цвікевіча, але навошта нам вуліца Дастаеўскага? – крычаў Вітаўт Альгердавіч.
– Дастаеўскі – сусьветная велічыня, – даводзіў яму нехта, – да таго ж ён вельмі добра пісаў аб беларусах.
– Не патрэбен нам Дастаеўскі, – зароў тады Вітаўт Альгердавіч, – не патрэбен нам гэты маскаль!..
... Гэта было ўчора, а сёння трашчэла галава і было вельмі кепска. Тлусты, сівавалосы высокі ростам Вітаўт Альгердавіч валяўся на падлозе на мяккіх дыванах і пакрысе ўзгадваў, што ён учора з кімсь пабіўся за Дастаеўскага і адключыўся падчас бойкі, а цягнуць яго на канапу, відаць, ніхто не хацеў. Пакрысе бізнесовец узгадаў, што сёння ж свята – 90-годдзе ўтварэння Беларускае Народнае Рэспублікі. І Вітаўт Альгердавіч вырашыў далучыцца да святкавання, прамачыць сабе горла. На яго крык у пакоі з'явілася высокая маладая доўгавалосая дзяўчына.
– Бірута, – папрасіў Вітаўт Альгердавіч, – каньячку!
Бірута прынесла каньяк, а пасля прынесла і паставіла тэлевізар – падчас учарашняй бойкі яго з пакою вынеслі, каб не разбіўся. Выпіўшы, Вітаўт Альгердавіч адчуў, што ў галаве палягчэла, і, паваліўшыся з Бірутай у чым маці нарадзіла на канапу, уключыў тэлевізар. Шлі ранішнія навіны.
– Сёння ўзгарэўся чарговы скандал вакол нашай краіны, – перадавала журналістка–дыктарка, – вакол краіны, якую ў Еўропе клічуць “міні–Швейцарыяй”. У адным з менскіх банкаў ЦРУ знайшло рахункі Бен Ладэна. Наш міністр эканомікі і фінансаў Свідрыгайла Кейстутавіч Жмых заявіў, што не можа замарозіць рахункі, бо інакш нашая краіна згубіць статус “сусветнага кашалька”, куды кожны можа пакласці грошы, не турбуючыся пра іх лёс... Курс беларускага талера ўпаў – цяпер на сусветных біржах за 1 даляр ЗША даюць 16 беларускіх талераў...
– Бач ты, – бурчэў Вітаўт Альгердавіч, – зноў талер упаў. Яшчэ ў студзені 1 даляр каштаваў 10 талераў, а зараз ужо 16. Гэтак мы хутка і да дэфолту дойдзем...
Бірута прыклала ўсе намаганьні каб супакоіць фінансавага магната, і Вітаўт Альгердавіч развесяліўся...
У 9.00 раніцы пачалося святочнае выступленне 29-га прэзідэнта БНР Янкі Свірыдава.
– ... Нягледзячы на ўсе цяжкасці, – крычаў прэзыдэнт, – нягледзячы на тое, што Польшча захапіла нашыя заходнія землі, а Расея – усходнія з гарадамі Віцебск, Полацк, Магілеў і Гомель, кавалачак беларускай зямлі паміж Менскам і Слуцкам, застаўшыся незалежным, дасягнуў высокага эканамічнага ўзроўню! Нас лічаць другой Швейцарыяй, у нас у краіне 20 тысяч банкаў, згодна рашэня, прынятага на рэферэндуме 1999 г. распушчаны узброеныя сілы, мы не ўваходзім ні ў якія міжнародныя арганізацыі, у нас ніколі не прымянялася вышэйшая мера пакарання...
Вітаўт Альгердавіч вырубіў палітыку і заняўся каханнем.
2 жніўня 2007 году