На гэтыя пытаньні адказвае аглядальніца газэты "Белорусы и рынок” Тацяна Манёнак.
Цыганкоў: Напярэдадні паседжаньня саюзнага Саўміну віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка заявіў, што Беларусь будзе ставіць пытаньне аб пераглядзе формулы ўтварэньня цаны на расейскі газ. Але расейскі прэм’ер Віктар Зубкоў падчас знаходжаньня ў Менску адзначыў, што Беларусь і Расея павінны вырашаць усе пытаньні, што ўзьнікаюць у газавай сфэры, у адпаведнасьці з заключанымі кантрактамі. Ці азначае гэта, што расейскі бок лічыць, што перагляду формулы не павінна быць?
Манёнак: Вялікага гандлю пакуль што не было. Спадар Зубкоў, напэўна, апошні раз прыехаў у Беларусь у статусе прэм’ер-міністра, таму стратэгічнае пытаньне карэктаваньня формулы кошту, я так разумею, было адкладзенае ўжо для гандлю з новым прэм’ерам. Створана нават сумесная беларуска-расейская камісія навукоўцаў і чыноўнікаў, якія будуць рыхтаваць нейкія аргумэнты, каб не падвышаць істотна цэнаў на газ для Беларусі. Сярод аргумэнтаў будзе і тое, што большая частка беларускай прадукцыі прадаецца ў Расею і ў выпадку падаражэньня будуць закранутыя і інтарэсы расейскіх пакупнікоў.
Цыганкоў: Але калі формула ня будзе зьмененая, то газ для Беларусі з новага году можа каштаваць 200 даляраў...
Манёнак: Можа быць і больш. Цана прыроднага газу для Эўропы вырасла вельмі істотна, нават у пэўным сэнсе нечакана для Расеі. Да канца году яна ў сярэднім будзе 400 даляраў. Рэч у тым, што вельмі хутка расьце сусьветны кошт на нафту, а цана газу непасрэдна зьвязаная з цаной на нафту.
Цыганкоў: 21 сакавіка таксама прагучала незадаволенасьць расейскага боку тым, што "Белтрансгаз" выплачвае розныя "непадатковыя" плацяжы ў беларускія дзяржаўныя фонды. Намесьнік кіраўніка Міністэрства эканамічнага разьвіцьця і гандлю Расеі Андрэй Белавусаў назваў гэтую практыку ўшчамленьнем інтарэсаў "Газпрому", які таксама зьяўляецца акцыянэрам “Белтрансгазу”. Наколькі сур’ёзная гэта праблема?
Манёнак: Вельмі сур’ёзная. У Беларусі створаныя інавацыйныя фонды амаль пры ўсіх міністэрствах, што дае магчымасьць падтрымліваць тыя ці іншыя прадпрыемствы. І слушна кажа расейскі бок, які мае ўжо 25 працэнтаў акцыяў “Белтрансгазу”, што гэтая практыка зьмяншае прыбытак акцыянэраў. Гэта супярэчыць беларуска-расейскім гандлёвым пагадненьням. Але беларускі бок кажа, што гэта не пярэчыць беларускаму заканадаўству. Тут наперадзе вялікія спрэчкі, і Масква будзе настойліва адстойваць свае інтарэсы”.