Сэрбія-2000, Грузія-2003, Украіна-2004, Кіргістан-2005 – ланцуг гэтай новай “вясны народаў”, кожнае са зьвеньняў якой адбывалася менавіта паводле такога сцэнару. Няўдалыя спробы паўтарыць досьвед гэтых краін у Беларусі, Казахстане і Азэрбайджане, нягледзячы на супрацьлеглы вынік, не абвяргалі маральную выснову – плошча заўсёды мае рацыю.
Але, як часта бывае ў гісторыі, сумневы ў прынцыпах спараджае не параза, а перамога. Узорным у гэтым сэнсе стаў досьвед Кіргістану. Ну, “цюльпанавую” кіргіскую рэвалюцыю, якая суправаджалася натхнёнымі пагромамі і наагул “аксаміт” якой быў даволі шурпатым, адносілі да “аранжавага” ланцугу з вялікімі агаворкамі. Але менавіта падзеі ў Кіргістане пасьля сакавіцкага вызваленьня 2005 году яскрава абазначылі дзьве тэндэнцыі.
Першая – тое, што правадыры рэвалюцыі, лідэры народу, які стаяў на плошчах і перамагаў АМАПаўскія шыхты ў дні рэвалюцыі , атрымаўшы ўладу, вельмі хутка кідаюць тыя ж АМАПаўскія шыхты на здушэньне… каго? Народу? Дык народ жа да ўлады новых кіраўнікоў і прывёў. А калі не народу, то каго? Усё ж тое самае, як у дні пачатку: людзі на плошчы, моладзь, палкія прамовы, самаахвярнасьць.
А другая тэндэнцыя, ўласьцівая ў найбольшай ступені як раз Кіргістану, гэта тое, што плошча робіцца, так бы мовіць, сталым інстытутам палітыкі. І правадыры рэвалюцыі, якім пашчасьціла менш, і нават сатрапы рэжыму, зьмеценага рэвалюцыяй, даволі хутка прымаюць на ўзбраеньне плошчу не як Боскі цуд, не як момант ісьціны, а як банальную палітычную тэхналёгію.
Ужо і замежныя экспэрты і дарадцы, якія некалькі гадоў таму натхняліся бляскам колераў “каляровай” рэвалюцыі, кажуць, што скінуць карумпаваны аўтарытарны рэжым было правай і правільнай справай, але пасьля трэба будаваць дэмакратыю, рэчыва якой – кампрамісы, а не плошча. А навошта іх слухаць, калі руках – такая цудадзейная зброя, як плошча?
Тут трэба ўдакладніць, у якім сэнсе гэта зброя і тэхналёгія. Праціўнікі ўкраінскага Майдану, беларускай Плошчы, сэрбскай рэвалюцыі 2000 году не стамляліся казаць і падчас гэтых падзеяў і пасьля іх, што прычына – адно ў замежных грошах. Вось гэта, груба кажучы, лухта, прычым незалежна ад таго, мае рацыю плошча ці не, гэта такі баявы "антымайданны" піяр. Прычым, што тычыцца Ўкраіны, то ў 2004 годзе пра тое, што ўвесь “аранж” – гэта адпрацоўка грошай, цьвердзіла тагачасная кучмаўска-януковічаўская ўлада, а летась, у разгар парлямэнцкага крызысу, калі на ўкраінскіх майданах стаялі пераважна “бела-блакітныя”, пра грашовы складнік гэтага “стыхійнага” волевыяўленьня не стамляліся паўтараць “аранжавыя”.
Аднак, як кажуць ангельцы, можна падвесьці каня да вады, нельга прымусіць яго піць. З плошчай – тое самае. У дадзеным выпадку для падвядзеньня “каня да вады” патрэбныя не адно грошы (хаця і яны, зразумела, не пашкодзяць), а палітычныя здольнасьці і вера ў правату сваёй справы лідэраў і пераважна бескарысьлівая адданасьць іх прыхільнікаў. А яшчэ больш трэба, каб было жаданьне “каня”, каб была незадаволенасьць часткі народу (неабавязкова большай) існым станам рэчаў. Спалучэньне гэтых двух чыньнікаў і складае тэхналёгію.
Яшчэ больш моцныя, чым у азіяцкім Кіргістане, удары па міту плошчы былі нанесеныя апошнім часам у Грузіі і Армэніі. Леташні брутальны разгон акцыі апазыцыі ў Тбілісі, сёлетнія пратэсты супраць ці то скрадзенай ці няскрадзенай перамогі апазыцыі на прэзыдэнцкіх выбарах – déjà vu рэвалюцыі “ружаў”: ізноў з аднаго боку – людзі на плошчы, моладзь, самаахвярнасьць, з другога – чорныя шыхты … ну чаго паўтараць. Праўда, у сёлетніх грузінскіх і, забягаючы наперад, армянскіх выбарах у параўнаньні зь папярэднімі плошчамі была істотная асаблівасьць – міжнародныя назіральнікі, у прыватнасьці, назіральнікі бюро дэмакратычных інстытутаў АБСЭ прызналі выбары ў цэлым адпаведнымі дэмакратычным стандартам. Але міжнародныя назіральнікі як дырыжоры “каляровых” рэвалюцый – гэта таксама яшчэ адзін з узораў баявога "антымайданнага" піяру. У Сэрбіі ў 2000 годзе міжнародных назіральнікаў не было наагул, што перамозе рэвалюцыі не перашкодзіла, у Беларусі ў 2006 годзе іх высновы пра характар прэзыдэнцкіх выбараў былі надзвычай крытычнымі, што посьпех Плошчы не забясьпечыла. Гэтак жа і рэвалюцыя “ружаў” і “аранжавая” рэвалюцыя адбыліся зусім не таму, што нейкія замежныя назіральнікі палічылі выбары недастаткова дэмакратычнымі. Легітымнасьць улады залежыць ад уласнага грамадзтва, а не ад ацэнак замежнікаў.
А ў Армэніі драма скончылася трагедыяй і яшчэ невядома, ці скончылася. Там пралілася кроў. Прычым, ацаніць, хто там мае рацыю, а хто не, не дапамагае ня толькі вобраз падзеяў, абсалютна ідэнтычны з папярэднімі (з аднаго боку – людзі на плошчы, з другога … ну вы разумееце), але і геапалітычны падыход. Адносна Грузіі можна было сказаць, што ўжываньне сілы і магчымыя асаблівасьці выбарчай працэдуры Міхаіла Саакашвілі, зразумела, не ўпрыгожваюць, але паколькі менавіта ён, а не ягоныя апанэнты, вядзе правільны курс зьнешняй палітыкі, то гэтыя хібы можна яму і дараваць. Адносна падзеяў у Армэніі, яшчэ раз паўтаруся – крывавых падзеяў -- не спрацоўвае і гэта. Хто там больш за Захад, а хто за Расею: Саркісян ці Тэр-Пэтрасян, зразумець няма ніякай магчымасьці. Апаведна і самі бакі супрацьстаяньня, пры ўсёй жорсткасьці канфрантацыі, і замежныя назіральнікі, ня бачаць у канфлікце ніякіх замежных “рук” – ані Вашынгтону, ані Масквы. І складваецца ўражаньне, што ерэванская, як і студзеньская тбіліская, а яшчэ раней бішкецкая, плошчы – знакі выраджэньня самай ідэі “каляровай” рэвалюцыі з негвалтоўнага народнага паўстаньня супраць аўтарытарнага кіраваньня ў форму банальнай барацьбы за ўладу.
“Але ад таго, што адбываецца ў Тбілісі, Ерэване ці Бішкеку, выбары ў Беларусі ня робяцца больш справядлівымі, а ўлада – менш рэпрэсіўнай” – скажа чытач. Безумоўна, не. Але мэханізмам каскаду “каляровых” рэвалюцый ў 2000-2005 гадох была, апроч іншага, і моц прыкладу: у сьвядомасьці як людзей, што выходзілі на плошчу ў чарговай краіне, так і ўрадоўцаў і АМАПаўцаў, быў вобраз папярэдняй пераможнай рэвалюцыі, была ідэя, што плошча -- гэта народ, і таму яна заўсёды мае рацыю. І гэта так ці інакш узьдзейнічала.
А зараз можа (ці будзе) ўзьдзейнічаць досьвед ня толькі паразаў “каляровых” рэвалюцый, але і выраджэньня самай ідэі.
Патрэбна нешта іншае. Што? Ну я, у адрозьненьні ад калегі Віталя Цыганкова, нават калі мне дадуць лёзунг, прэзыдэнтам ня стану, хопіць з беларускага народу такога выпрабаваньня, як Аляксандар Лукашэнка. Адно толькі магу прыгадаць біблійнае -- што нельга наліваць новае віно ў старыя мяхі.