Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 14 сакавіка


Агляд беларускага сеціва.


Чытачы сайту “Нашай нівы” абмяркоўваюць навіну: Лукашэнка наняў “гуру” брытанскай PR-індустрыі Тымаці Бэла дзеля паляпшэньня свайго іміджу на Захадзе. Тымаці Бэла наймаў некалі расейскі алігарх Барыс Беразоўскі. Ягонымі кліентамі былі экс-прэм'ер Тайлянду Таксын Чынаўат, а таксама манархія Саудаўскай Арабіі.

“А фінансаваць хто гэта будзе? Зь бюджэту ці з асабістага заробку АРЛ?"

“Значыць зусім кепскія справы, калі столькі грошай аддадуць замежным капіталістам. За Беларусь ужо не працуе. Будуць пісаць: Добрая Беларусь. Аднак усе ведаюць таго, каму яна добрая".

У суполцы Жывога Журналу by_politics абмяркоўваюць маніфэст актывіста “Моладзі БНФ” Алеся Травеня, які заявіў пра свой выхад з арганізацыі. Ён лічыць неабходным ствараць сумесна зь дзяржавай арганізацыі, якія будуць займацца нацыянальным адраджэньнем, а не займацца “кішэннай палітыкай”. Развагі ўдзельнікаў суполкі:

“Гэта сумна. Шкада, што яны ня могуць вызначыцца – займаюцца яны палітыкай ці адраджэньнем? Хочуць паўсюль пасьпець, заціраюць і ТБМ, і фонд “Адраджэньне”, а ў выніку маюць што маюць – расколы і разборы”.

«Але ж сам зварот які сьмешны, пагадзіся, выглядае на танную правакацыю».

«Ну захацеў чалавек лідэрам стаць (яшчэ адной арганізацыі). Ягонае права. Толькі сыходзіць на дробязі навошта? Стварылі б адразу «Саюз лідэраў Беларускай моладзі».

“Даволі цікавая сытуацыя, насамрэч. Так атрымалася, што ў падобных сытуацыях для назіральніка заўжды ёсьць той, хто мае рацыю і той, хто вінаваты. Таму адны будуць лічыць, што мае рацыю калябарант, які прыкрываецца ідэямі нацыянальнага адраджэньня, а іншыя – што "мэгатрузмагары" а-ля Франак і кумпанія”.

“Вясна прыйшла. Нарэшце”.

У сеткавым дзёньніку L_u_f_t’a абмяркоўваюць варыянты віншавальных паштовак для Ромы і Олі – вінаватых у аварыі на Слуцкай шашы, якая адбылася 2 сакавіка. Каб спыніць нецьвярозага кіроўцу Рому, які разам са сваёй нявестай Оляй сьпяшаўся ў Менск рыхтаваць уласнае вясельле на хуткасьці амаль 180 кілямэтраў на гадзіну, супрацоўнікі ДАІ выставілі кардон з грамадзянскіх аўтамабіляў. У дзёньніку L_u_f_t’a ёсьць макет паштоўкі з подпісам “Мы ў Эгіпце”, дзе Рома і Оля разам на фота ў выглядзе сэрца, а таксама макет вокладкі часопісу “CОSMOPOLITАN Белоруссия” – там таксама закаханая пара і анонс артыкулу – “Ваяж, ваяж. 40 спосабаў прабавіць 3 тыдні да вясельля”.

А на форумах парталу TUT.by абмяркоўваюць інтэрвію самой Олі, якое яна дала “Комсомольской правде в Белоруссии”. Дзяўчына заявіла, што яна была адзінай цьвярозай у машыне, якой кіраваў ейны жаніх Рома. Пра жаніха яна сказала, што ён выпіў 200 грамаў гарэлкі і гэта, на ейную думку, няшмат. Камэнтары ўдзельнікаў форумаў:

“Мне ўвогуле падаецца, што яны радуюцца сваёй славе, якая нечакана звалілася ім на галаву, і не асабліва ўсьведамляюць жахлівасьць свайго ўчынку”.

“Калі не памыляюся, перадача кіраваньня транспартным сродкам асобе ў нецьвярозым стане караецца пазбаўленьнем правоў... Дарма дзяўчына так сказала”.

А ў суполцы Жывога журналу minsk_by ідзе абмеркаваньне Гімну ДАІ Менскай вобласьці, які можна паслухаць на сайце Міністэрства ўнутраных справаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG