Чытачы сайту Хартыі-97 абмяркоўваюць навіну пра тое, што амбасадар Беларусі ў ЗША Міхаіл Хвастоў вярнуўся ў Менск – для кансультацыяў у зьвязку з санкцыямі супраць канцэрну “Белнафтахім”.
“Не хвалюйцеся. Атрымае падвышэньне – і ў Гандурас ці ў Вэнэсуэлу”.
“Што ж вы так пра дыпляматаў. Дыпляматы служаць сваёй Радзіме, вам. Яны абараняюць яе, як і вайскоўцы. І служба гэтая не такая ўжо лёгкая”.
“Не патрэбная мне іхная служба. Менавіта такая служба. Рыбэнтроп служыў Гітлеру. Дзе скончыў? І не народу гэты служыць. І служыць яму ня будзе ў прынцыпе. У яго народ і Лукашэнка – адно і тое ж”.
На сайце “Нашай нівы” зьявіўся чарговы фотарэпартаж Юліі Дарашкевіч пад ляканічнай назвай “Зянон”. Фотакарэспандэнтка “Нашай нівы” фатаграфавала Зянона Пазьняка ў часе Кангрэсу маладой беларускай дыяспары, які праходзіў 4 сакавіка ў Таліне. Водгукі чытачоў сайту:
“Наша ніва” атрымала заданьне піярыць Зянона?”
“Думаю, “Наша ніва” атрымала заданьне даваць тую інфармацыю, якая цікавіць яе чытачоў”.
“І Зянон такі малады, і бела-чырвона-белы сакавік наперадзе...”
“Вонкавыя перамены мала крануліся Пазьняка.І дзякуй Богу. Хай застаецца здаровым і моцным”.
На форумах парталу TUT.by абмяркоўваюць інтэрвію кінарэжысэра Анджэя Вайды, апублікаванае ў “БелГазете”. У інтэрвію рэжысэр апавядае пра свой фільм “Катынь”, разважае пра раўназначнасьць зла сталінізму й фашызму і пра ролю катынскай трагедыі ў гісторыі. Таксама Анджэй Вайда гаворыць пра магчымае непаразуменьне з расейскімі гледачамі “Катыні”, бо ў расейцаў можа быць іншае разуменьне тых падзеяў. Таксама ён зьвяртае ўвагу на тое, што ў Катыні загінулі ня толькі палякі, але й расейцы, украінцы і беларусы. Камэнтары ўдзельнікаў форумаў:
“Кепска, калі народ ня ведае сваёй гісторыі. Вельмі кепска, калі “самы чэсны прэзыдэнт” ня ведае яе (нягледзячы на профільную адукацыю) і пры гэтым, скажам так, “перачытвае” гісторыю на свой капыл... Гісторыю нельга зьмяніць, нельга перапісаць, але прачытаць на свой лад можна... Дарэчы, гатовы паспрачацца, што трапіць гэтая карціна ў сьпіс фільмаў, забароненых да паказу на тэрыторыі Беларусі”.
“Гісторыю трэба ведаць, несумненна. Але якое гэта дачыненьне мае да фільма? Ці ў ім паказаны агульнавядомыя факты супрацоўніцтва Польшчы з фашыстамі? (Напрыклад, у справе захопу Чэхаславаччыны). Ці сказана пра тое, што да катынскіх лягераў былі лягеры ў Польшчы з чырвонаармейцамі, дзе паны замардавалі сотні тысячаў людзей... Карацей, тыповая палітагітка, якая нічога агульнага ня мае з рэчаіснасьцю”.
“Фільм пра асобны эпізод. Ня трэба перакручваць. Замардавалі беларусаў... Брат майго дзеда ў польскай турме сядзеў. І вось ён мае права гаварыць на гэтую тэму. А ты спэкуляваць – не”.
“Палякі зьнялі свой фільм пра масавыя расстрэлы. Калі-небудзь, можа і нашыя здымуць пра гэта... Ня будзем зьдзіўляцца, калі ў іх НКВД зноў будзе “па локаць у крыві”... Пра тое, “якія злосныя буржуі і якая добрая савецкая ўлада”, мы слухалі вельмі доўга і ўсе пра гэта ўжо ведаюць”.
Гомельскі літаратар Сяргей Балахонаў у сваім сеткавым дзёньніку піша: “У сеціве апублікаваны "Царкоўнаславянска-беларускі" слоўнік рэлігійных і багаслоўскіх тэрмінаў” . Ён складзены, як зазначаецца ў прадмове, "па благаславенні мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта". Убачыўшы толькі слова "благаславенне", пачынаеш здагадвацца, што слоўнік давядзецца ўбачыць дужа спэцыфічны. І сапраўды, ёсьць у ім нібыта беларускія словы з коранем "блага": "благавест", "Благавешчанне", "благадаць", "благачынны", "блажэнны", "блажэнства". Што яны павінны азначаць у беларускай мове, калі слова "блага" мае значэньне "кепска, дрэнна"? З многімі іншымі словамі ("ангел", "відзенне", "дыявал" і г.д.) тая ж бяда. Таму "беларускай" часткай слоўніка я карыстацца ня буду. Мяне больш вабіць лексычнае багацьце біблейскіх перакладаў Васіля Сёмухі і Янкі Станкевіча. Выбачайце, калі што ня так”.