Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новыя грахі


Якраз праваслаўныя пачынаюць, а каталікі завяршаюць Вялікі пост, час «духоўнага ачышчэньня» і ў гэты час Ватыкан пашырыў традыцыйны сьпіс «сямі галоўных грахоў» спрабуючы яго прыстасаваць да рэаліяў сучаснасьці.


Амаль штогод падчас Вялікага посту ўздымаецца пытаньне грахоў, споведзі і пакаяньня. Нават у сьвецкіх колах аднаўляюцца гарачыя дыскусіі наконт значнасьці асобных грахоў у наш час і патрэбы ўпарадкаваньня іхняй шкалы: што самае заганнае, а што можна лічыць прымальным. Два гады таму брытанцы выказаліся за тое, што заміж пыхі першае месца сярод сямі галоўных грахоў павінен займаць гнеў, які якраз у нашым неспакойным сьвеце вядзе да агрэсіі і гвалту. Далейшыя месцы занялі: бессаромнасьць ў выглядзе распусты, потым фанатызм, несумленнасьць, крывадушнасьць, хцівасьць і эгаізм. Зразумела, гэта было толькі меркаваньне сьвецкіх людзей і ніякіх зьменаў за сабой яно не пацягнула.

Сёлета падчас Посту сам Папа Бэнэдыкт XVI выказаў заклапочанасьць усё меншым адчуваньнем граху ў сучасным сэкулярызаваным сьвеце. Ён канстатаваў, што ўсё меней каталікоў (для прыкладу толькі 60% італьянцаў) прыступаюць да сакрамэнту споведзі. Пасьля гэтага Апостальская Пэнітэнцыярыя, адказная за споведзь і пакараньне за грахі, вырашыла перагледзець стары сьпіс сямі галоўных грахоў і асучасьніць яго.

Дагэтуль цягам стагодзьдзяў існаваў сфармаваны з IV па XII ст. дзякуючы Пакутніку Касьяну, Эграрыю Понцкаму, Рыгору Вялікаму і Тамашу Аквінскаму рэестар сямі галоўных грахоў. Гэта: пыха, хцівасьць, бессаромнасьць, зайздрасьць, абжорства і п’янства, гнеў, гультайства. Ім адпавядае сем цнотаў: пакора, шчодрасьць, сарамлівасьць, спагадлівасьць, памяркоўнасьць, лагоднасьць і працавітасьць. Цяпер, да гэтых сямі грахоў кіраўнік Апостальскай Пэнітэнцыярыі біскуп Джанфранка Джыроці, пасьля штогадовага курсу ў Ватыкане для 600 духаўнікоў, прапанаваў дадаць сем наступных: сацыяльную несправядлівасьць, гандаль наркотыкамі, забруджаньне навакольнага асяродзьдзя, генэтычныя маніпуляцыі, празьмернае багацьце, аборты і пэдафілію.

Біскуп патлумачыў, што новыя формы сацыяльных грахоў зьявіліся ў сьвеце ў якасьці пабочнага прадукту глябалізацыі, імклівага перамяшчэньня людзей, ідэяў, тавараў, і разьвіцьця мультымэдыйных тэхналёгіяў. “Сьвятары павінны ведаць новыя грахі як вынік працэсу глябалізацыі”, -лічыць Джыроці. – “Калісьці грэх быў індывідуальнай справай, але цяпер ён набывае сацыяльнае вымярэньне. Абражаеш Бога не толькі крадзяжом, блюзьнерствам, з пажадлівасьцю гледзячы на жонку суседа, але таксама шляхам забруджваньня навакольнага асяродзьдзя, займаючыся маральна падазронымі навуковымі экспэрымэнтамі, дазваляючы праводжаньне генэтычных маніпуляцыяў, якія зьмяняюць ДНК і пагражаюць эмбрыёнам, што зьяўляецца забойствам на самым раньнім этапе разьвіцьця чалавека, як аборт зьяўляецца забойствам ужо дастаткова сфармаванага чалавека”, - сказаў Джыроці. Да новых асноўных грахоў ён залічыў таксама ўжываньне і гандаль наркотыкамі, сацыяльную несправядлівасьць, якая адных вядзе да галечы, а іншых да непрыстойнага багацьця. Два цяжкія грахі, паводле Ватыкану, гэта аборты, якія супярэчаць годнасьці і правам жанчын, а таксама пэдафілія, якая лягла ценем і на духавенстве.

Вернікі наагул на падставе звычайнай кніжкі да набажэнства ведаюць, што такое сьмяротны грэх, а што лёгкі і будзённы, зь якіх трэба спавядацца перад духаўніком, а якія можна перадумаць, асэнсаваць, пакаяцца за іх у сваім сэрцы і выправіць. Акрамя сямі галоўных самымі цяжкімі і дагэтуль лічыліся: забойства, фальшывае сьведчаньне, шлюбная здрада і ўжываньне кантрацэптываў. Адзіным абсалютна недаравальным у гэтым і ў будучым жыцьці зьяўляецца толькі блюзьнерства супраць Сьвятога Духа таму, што гэта адмаўленьне і запярэчаньне першакрыніцы і самому дару жыцьця. Гэта ўсё роўна, што рыба заявіла б: “Вада не існуе”.

Калі слова “грэх” некаму гучыць надта архаічна, калі ён лічыць, што гэта найперш справа паміж вернікам і Богам, у Якога ён верыць, дык гэта не зусім так. Мы можам спрабаваць замяніць “грэх” паняцьцем “ зло”, правіна”, “ загана”, “ злачынства”, якія прадугледжаныя ў сьвецкім заканадаўстве, але сутнасьць і наступствы заганнай пазыцыі, дрэннага характару альбо непахвальнага ўчынку застаюцца нязьменнымі. У выпадку верніка ягоныя грахі аддаляюць яго ад Бога, а ў выпадку няверуючага чалавека, ягоныя заганы шкодзяць ягонаму іміджу ў вачох іншых людзей ды псуюць ягоныя дачыненьні зь іншымі людзьмі.

Такі і вынік будзённых, лёгкіх грахоў, напрыклад:эгаізму, варажбы, хлусьні, славалюбства, пляткарства, непавагі да бацькоў, нядобразычлівасьці, несумленнасьці і гэтак далей. Прызнайце, што мы ня любім эгаістаў, зазнаек, хлусоў, плеткароў і хітруноў. Гэтыя на першы погляд дробныя і такія натуральныя заганы атручваюць атмасфэру міжчалавечых зносін.

Такім чынам каталікі атрымалі дапоўнены сьпіс асноўных грахоў. Гэта адбылося ў выніку рэакцыі Царквы на выклік сучаснасьці. Той Царквы, якая нібыта кансэрватыўная, якая не пасьпявае за разьвіцьцём падзеяў у сьвеце і не прымае да ведама зьменаў, якія адбыліся ў сьвядомасьці людзей. Хаця паводле Эклезіяста, «усё ўжо было пад Сонцам», аднак напрыклад ужываньне ў старажытным Кітаі опіюму не стварала глябальнай пагрозы наркаманіі ў цяперашніх маштабах. Людзі эксплюатавалі прыродныя рэсурсы і раней, аднак значна больш памяркоўна, чым цяпер. Людзі і раней забруджвалі паветра і ваду, але не рабілі гэтага ў такіх маштабах, як цяпер, і такімі адкідамі, якія не паддаюцца раскладу стагодзьдзямі. Чалавек павінен быць разумным гаспадаром зямлі, а не яе рабаўніком. У адрозьненьне ад Каіна, які заявіў: «няўжо я стораж майму брату», людзі нясуць адказнасьць за іншых. Праўда, заўсёды былі багатыя і бедныя, але ў наш час міжкантынэнтальных канцэрнаў, на багача ў Нью Ёрку працуюць за бясцэнак індыйскія падлеткі. У выніку - багатыя яшчэ больш багацеюць, а бедныя яшчэ болей бяднеюць. І ўсё гэта адбываецца ў час, калі гэтулькі гаворыцца пра правы чалавека, роўнасьць і братэрства. Проста зыходзячы са сваёй Сацыяльнай дактрыны выкладзенай ў Энцыкліцы Лявона XIII « Quadragesimo Anno» у 1891 годзе, Царква лічыць, што сорамна сучаснаму багацею раскошна банкетаваць, калі ля варот ляжыць сучасны «Лазар». Безумоўна, і раней існавалі чалавечыя гены, у выніку іхнага спалучэньня нараджаўся іншы, лепшы, прыгажэйшы і разумнейшы чалавек, аднак у мінулым ніхто не дадумаўся, каб зьмяняць генэтычны код, каб вырошчваць камлёвыя клеткі з чалавечага эмбрыёну.

Вось пра гэтыя «сучасныя грахі» даведаюцца сьвятары, а затым азнаёмяць з новымі рэкамэндацыямі Ватыкану вернікаў, якія з гэтых грахоў павінны будуць спавядацца. Гэта дапаможа прынамсі тым, хто прызнае аўтарытэт Царквы, лепей усьвядоміць хаця б тое, што гэта грэх забруджваць навакольнае асяродзьдзе. Ужо ў самым гэтым дастатковая значнасьць падзеі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG