Мне часам Беларусь нагадвае сьпячую прыгажуню
“Часам здаецца, што Беларусь неяк дзіўна згубілася ў часе. Хтосьці заблукаў у Вялікім княстве Літоўскім, нехта застаўся жыць у Савецкім Саюзе… Але вельмі мала людзей, хто жыве тут і зараз.
Я калісьці адкрыла падручнік па гісторыі і вельмі зьдзівілася: сто гадоў таму – і ўсё тое ж самае. Тыя ж прозьвішчы: Грыб, Шушкевіч, Карач. Тыя ж палітычныя партыі. Нават “Наша Ніва” і “Віцебскі кур’ер” – усё тое самае.
Сто гадоў – гэта некалькі пакаленьняў людзей, а зьменаў – практычна ніякіх.
Мне часам Беларусь нагадвае сьпячую прыгажуню: дзяўчыну, якая ў васямнаццаць год проста заснула. Але ў адрозьненьне ад казкі праз сто год гэтай краіне будзе ўжо не васямнаццаць, а – сто васямнаццаць.
Таксама падаецца, што Беларусь не здала нейкі важны іспыт. На чалавечую годнасьць. На выпрабаваньне кожнага. І яе – цэлую краіну – пакінулі на другі год.
І падаецца, гэта адбылося з-за таго, што ў Беларусі людзі баяцца рабіць выбар і баяцца несьці адказнасьць за гэты выбар.
Таму й атрымоўваецца: лягчэй заснуць на сто год, чым сказаць – “Гэта зрабіў я!”. Адказнасьці не стае. Таму калі агулам паглядзець на грамадзкае жыцьцё, то падаецца – зараз пачатак 1980-х. Тыя ж песьні, тая ж пагроза Чарнобыля…
І, думаю, хутка яшчэ раз прыйдзе час пераздаваць іспыт: ты рэальны, сапраўдны чалавек, ці не? Тут нельга будзе сказаць: “Гэта рабіла сыстэма, мне загадалі…”
Не – іспыт для кожнага: ці годны наогул ён чалавекам звацца? Каб ня здарылася як з тымі, хто ў савецкім часе расстрэльваў людзей, працуючы ў НКУС. Калі яны жывыя зараз, ім вельмі сорамна”.
Вольга Карач. Яна нарадзілася і жыве ў Віцебску. Скончыла школу з залатым мэдалём, а Віцебскі дзяржаўны ўнівэрсытэт з чырвоным дыплёмам. Была адзіным у 24-тым скліканьні дэмакратычным дэпутатам гарадзкога Савету. Пасьля звальненьня па палітычных матывах у 2004 годзе са школы нумар 27, дзе выкладала ангельскую мову, займаецца грамадзкай дзейнасьцю, журналістыкай, піша вершы.