Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В.Карач: “Нечалавечы давер адзін да аднаго – вось што патрэбна дэмакратам"


Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня – Вольга Карач.


Яна нарадзілася і жыве ў Віцебску. Скончыла школу з залатым медалем, а Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт з чырвоным дыплёмам. Была адзіным у 24-тым скліканьні дэмакратычным дэпутатам гарадзкога Савету. Пасьля звальненьня па палітычных матывах у 2004 годзе са школы нумар 27, дзе выкладала ангельскую мову, займаецца грамадзкай дзейнасьцю, журналістыкай, піша вершы. Сёньня Вольга Карач даводзіць слухачам Свабоды шэсьць сваіх аргумэнтаў на карысьць таго, чаму жанчыны-палітыкі, і ў прыватнасьці яна, маюць перавагу над мужчынамі-палітыкамі.

“Перш за ўсё, жанчыны-палітыкі – гэта не салдаты. Я ніколі ў сваім жыцьці не выконваю загады і не аддаю загады. Мне вельмі важна, каб чалавек разумеў, што ён робіць і навошта робіць.

Аргумэнт нумар два. Я супраць вайны. Я б хацела, каб палітыка ў беларускай сьвядомасьці перастала быць вайной. Часта яна вельмі нагадвае партызанскія вылазкі. Бойкі. Шпіёнскія жарсьці. Але гэта нецывілізаваны мэтад вырашэньня розных грамадзкіх канфліктаў. Сапраўдная, годная палітыка – гэта калі розныя інтарэсы розных групаў вырашаюцца мірным шляхам.

Аргумэнт нумар тры. Я не баюся таленавітых людзей. А мужчыны-палітыкі баяцца, калі побач знаходзяцца іншыя таленавітыя мужчыны. Насамрэч вельмі важна, каб у камандзе былі розныя людзі з рознымі здольнасьцямі, талентамі… І праз разьвіцьцё сваіх талентаў разьвівалі ўсю каманду.

Аргумэнт нумар чатыры. Я працую на каманду. А мужчыны-палітыкі часта працуюць на свае ўласныя амбіцыі. Дэмакратычная арганізацыя ў Беларусі ня проста – арганізацыя, як у Эўропе. Гэта, па сутнасьці, другая сям’я. І трэба мець, я б сказала, нечалавечы давер адзін да аднаго, каб нашу сям’ю не разбурылі.

Аргумэнт нумар пяць. Каб стаць палітыкам, мне давялося паламаць шмат стэрэатыпаў у самой сабе. А самае цяжкае – гэта змагацца са сваімі драконамі. Праз вось гэтую барацьбу з гендэрнымі стэрэатыпамі я выйшла на нейкі іншы ўзровень. І цяпер для мяне вельмі лёгка пралічыць паводзіны і думкі мужчыны-палітыка. Вось Лукашэнка, ён такі вельмі прадказальны насамрэч. А жаночыя паводзіны ў палітыцы мала хто можа пралічыць. І гэта – аснова перамогі.

Аргумэнт нумар шэсьць. Мужчыны-палітыкі больш любяць слухаць саміх сябе. А жаночы стыль кіраваньня, наадварот, базуецца на ўменьні слухаць людзей. Слухаць сваім сэрцам іх сэрцы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG