Паводле колькасьці ахвяраў Галакосту на тэрыторыі былога СССР – звыш за 800 тысяч чалавек - Беларусь займае другое месца пасьля Ўкраіны.
Хто яны – карнікі? Ці мелі гэтыя людзі псыхічныя адхіленьні? Падобныя пытаньні ўсё часьцей ставяць перад грамадзтвам нямецкія гісторыкі, псыхолягі, журналісты...
На кадрах “Deutsche Wochenschau” – нямецкай кінахронікі, зробленай хутка пасьля сканчэньня вайны, твары карнікаў. Дыктар кажа, што забойцам належыць чакаць свайго суду і што сьвет нават праз стагодзьдзі не забудзецца пра злачынствы гэтых вар’ятаў.
Тады ў 1945 і цягам многіх пасьляваенных дзесяцігодзьдзяў немцам вельмі хацелася верыць, што карнікамі зьяўляліся выключна вар’яты, садысты, псыхапаты, згуртаваныя вакол Гітлера. Так лічылася прыкладна да 1990-х, пакуль гісторыкі, журналісты, экспэрты не сталі шукаць па ўсёй краіне мужчынаў ды жанчын, якія рэалізоўвалі генацыд. Як піша штотыднёвік Der Spiegel, “дасьледаваньні яшчэ не завершаныя, аднак вынікі ўжо палохаюць”.
Аўтары сталай дыскусійнай рубрыкі “Чаму так шмат немцаў былі забойцамі” - журналіст Георг Бёніш і гісторык Кляўс Вігрэфэ зазначаюць:
“Як высьветлілі навукоўцы, карнікі былі як сярод перакананых нацыянал-сацыялістаў, так і сярод тых, хто ня меў нічога агульнага з “нацы”. Гэта былі сьвятары - каталікі ды пратэстанты, людзі з навуковымі ступенямі і тыя, хто не атрымаў сярэдняй адукацыі. Колькасьць клінічных псыхапатаў сярод іх не такая ўжо і высокая”
Калі казаць пра асобы тых, хто ажыцьцяўляў карныя акцыі на тэрыторыі Беларусі, то многія зь іх мелі рэпутацыю адукаваных ды, у бытавым сэнсе слова, выхаваных і чулых людзей.
Адзін зь кіраўнікоў Gestapo Вальтэр Блюмэ, паводле загаду якога з чэрвеня па верасень 1941 былі зьнішчаныя многія тысячы жыхароў Беларусі, зьяўляўся доктарам права, меў выключныя арганізатарскія здольнасьці. У 1941 годзе ён арганізаваў каманду “Gestapo на колах” з трох тысяч карнікаў, якія апэратыўна перасоўваліся па тэрыторыі Беларусі. (У 1947 годзе Нюрнбэрскі суд прызначыў Блюмэ сьмяротнае пакараньне. Потым гэты прысуд замянілі на турэмнае зьняволеньне. Блюмэ датэрмінова выйшаў на волю і доўгі час працаваў камэрсантам).
“Добры сем’янін” і “чулы чалавек” Вальтэр Матнэр, які прыбыў у Беларусь паводле накіраваньня Венскай паліцыі, у кастрычніку 1941 браў удзел ў расстрэле 2.273 габрэяў у Магілёве. Пазьней ён пісаў у сваім лісьце да жонкі:
"У часе расстрэлу людзей зь першых грузавікоў у мяне дрыжэла рука. Калі прыбыла дзесятая машына зь людзьмі, я ўжо цэліўся спакойна і, вядома, страляў у многіх жанчын, дзяцей, немаўлятаў. Я думаў пра тое, што гэтыя орды зрабілі б у дачыненьні да дваіх маіх дзяцей – немаўлятаў штосьці ў разоў дзесяць больш жахлівае”
Нямецкі літаратар, перакладчык, адзін зь кіраўнікоў фундацыі “Асвэнцым” Крыстаф Хойбнэр кажа, што ў свой час працэс пераўтварэньня звычайнага чалавека ў здрадніка вельмі таленавіта апісаў яго любімы ваенны пісьменьнік і сябар Васіль Быкаў. Хойбнэр узгадвае, як у 1980 разам з маладымі жыхарамі Заходняга Бэрліну ён неаднойчы прыяжджаў у Беларусь у складзе “Акцыі збавеньня”.
“Я ўпэўнены, што пасьля тых размоваў з Быкавым, Адамовічам, Касько, а таксама пасьля наведаньня Хатыні, ніхто з маіх колішніх знаёмых ня стане цэліцца ў чалавека. Лічу, што Хатынь, тое месца, куды трэба прыяжджаць маладым немцам цэлымі клясамі.”