Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аштрафавалі пастара царквы “Новае жыцьцё” <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


Суд Маскоўскага раёну аштрафаваў пастара царквы “Новае жыцьцё” Вячаслава Ганчарэнку на 350 000 рублёў за невыкананьне пракурорскага прадпісаньня.


Вернікі царквы часова забаранілі ўваход у свой будынак прадстаўнікам шасьці розных дзяржаўных ведамстваў. Яны праігнаравалі прадпісаньне пракурора даць магчымасьць агледзець будынак.


Васіль Юрэвіч, Вячаслаў Ганчарэнка, Сяргей Луканін
У суд Маскоўскага раёну Менску, апроч пастара царквы “Новае жыцьцё” Вячаслава Ганчарэнкі, прыйшлі адміністратар царквы Васіль Юрэвіч і юрыст Сяргей Луканін. Раніцай пастару патэлефанавалі з суду і запатрабавалі, каб ён тэрмінова прыехаў для разгляду адміністрацыйнага пратаколу. Ніякіх позваў у суд, як гэта прадугледжана заканадаўствам, не было.

Судзьдзя Тацяна Матыль паведаміла Вячаславу Ганчарэнку, што ён абвінавачваецца ў невыкананьні пракурорскага распараджэньня. Вячаслаў Ганчарэнка казаў на судзе, што закону не парушаў:

“Напэўна, наверсе не дамовіліся і вырашылі яшчэ раз выпрабаваць нас на трываласьць. Вырашылі паўтарыць той жа сюжэт”.

Нагадаем: у 2006 годзе гарадзкія ўлады пазбавілі вернікаў спачатку зямельнага надзелу, а потым і будынку царквы (былога калгаснага кароўніка на ўскрайку Менску). На знак пратэсту некалькі дзясяткаў вернікаў трымалі галадоўку, пакуль Вышэйшы гаспадарчы суд не абавязалі вырашыць канфлікт паміж вернікамі і ўладамі. Канчатковага рашэньня дагэтуль няма.

Тым часам напрыканцы 2007 году ў будынак царквы пачалі наведвацца міліцыянты, прадстаўнікі міністэрства надзвычайных сытуацый і камунальных службаў. Вернікі прынялі рашэньне не пускаць пабочных асобаў, пакуль ня будзе судовага рашэньня.

На судовым працэсе юрыст царквы Сяргей Луканін даваў паказаньні ў якасьці сьведкі.

“Мы нічога не парушылі і мы ведаем, што вось гэты ціск з боку шасьці ведамстваў быў ініцыяваны кіраўніцтвам Менгарвыканкама, каб стварыць невыносныя ўмовы для нашай царквы, каб прымусіць вернікаў пакінуць свой будынак”.

Судзьдзя абвясьціла, што Вячаслава Ганчарэнку пакарала штрафам — 350 000 рублёў. Яна патлумачыла, што памер штрафу мог быць у два разы большы, калі б у пастара не было маленькіх дзяцей. Пастар доўга чакаў, пакуль судзьдзя раздрукуе пастанову.

“Запрасілі па званку, і вось ужо цэлую гадзіну мы тут чакаем. Судзьдзя ніяк ня можа напісаць абгрунтаваньне свайго рашэньня. Відавочна, што дзеяньні няўзгодненыя”.

Адміністратар царквы Васіль Юрэвіч паведаміў “Свабодзе”, што вернікі зноў рыхтуюцца бараніць свой будынак.

“Пакуль я знаходжуся на гэтай пасадзе, то ўсе могуць быць упэўненыя, што я ўсё зраблю, каб выканаць рашэньне нашага агульнага сходу аб тым, каб у будынку нашай царквы не было пабочных асобаў. Мы неаднойчы дэманстравалі, што наша царква вельмі мабільная. Мы вельмі хутка зьбіраемся ў адным месцы, калі гэта трэба”.

Калі пастара царквы “Новае жыцьцё” Вячаслава Ганчарэнку некалькі разоў аштрафуюць за невыкананьне пракурорскіх распараджэньняў, яго могуць прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG