Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Каб палітвязьняў памілаваць, трэба, каб яны пакаяліся...”


Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 8 сакавіка 2008 году.


Тэма палітвязьняў застаецца галоўнай у нашай пошце апошніх тыдняў. Ці давядзе ўлада да канца распачатую пад ціскам Захаду кампанію вызваленьня асуджаных палітыкаў і грамадзкіх актывістаў? Ці хутка выйдуць на свабоду Аляксандар Казулін і Андрэй Кім — апошнія з палітвязьняў? Альбо палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі адновяцца? (Новыя абвінавачаныя ў крымінальных справах супраць удзельнікаў студзеньскіх пратэстаў прадпрымальнікаў ужо зьявіліся).

На гэтыя ды іншыя пытаньні спрабуюць адказаць у сваіх лістах слухачы Свабоды.

Вось што піша нам Натальля Шышко зь Менску:

“Драматычны лёс сям’і Казуліных узрушыў усіх, хто сочыць за апошнімі падзеямі. Але многія людзі пра гэта нічога ня ведаюць. Днямі разгаварылася з суседкай па лесьвічнай пляцоўцы. Яна — настаўніца, мае вышэйшую адукацыю. Да размовы са мной была ўпэўнена, што Казулін даўно на свабодзе, што працуе недзе ў Расеі.
Пра тое, што праз турмы прайшлі сотні палітыкаў і апазыцыйных актывістаў, яна нават ня чула.

Гэтаксама нічога ня ведаюць пра тое, што насамрэч адбываецца ў Беларусі, вельмі многія людзі. Думаю нават, што такіх — абсалютная большасьць. Адкуль яны атрымліваюць інфармацыю? Зь дзяржаўнага тэлебачаньня і з газэты “Советская Белоруссия”, на якую іх прымусілі падпісацца на працы. А там ні пра Казуліна, ні пра апазыцыю, ні пра катастрафічны стан нашай эканомікі — ні слова. Людзі жывуць нібы ў вакуўме, у інфармацыйнай пустэчы”,


— напісала ў сваім лісьце на “Свабоду” Натальля Шышко зь Менску

Кожны сам для сябе вызначае, ці дастаткова яму той інфармацыі, якую ён можа атрымаць з даступных крыніцаў. Вядома, ва ўмовах Беларусі доступ да альтэрнатыўных дзяржаўным мэдыяў ускладнены. Але ўжо амаль ва ўсіх установах, нават у многіх школах, зьявіўся інтэрнэт. Ня надта значнай праблемай ёсьць доступ і да спадарожнікавага тэлебачаньня. Так што не такія ўжо вялікія намаганьні патрабуюцца дзеля таго, каб ведаць пра падзеі ў Беларусі ня толькі тое, чаго хоча ўлада.

Новы ліст ад нашага слухача Ігара Паснова зь Віцебску, які заклікае апазыцыйна настроеных грамадзянаў, як ён піша, “да канструктыўнага дыялёгу” з уладай, бо ўпэўнены, што толькі такі шлях можа быць плённым. Спадар Пасноў піша:

“Трэба змагацца, але — у межах закона. Не падстаўляцца. Не хачу хваліцца, але лічу, што я адзін дамогся больш, чым іншыя апазыцыйныя партыі. Не мітынгуючы, не пікетуючы, а працуючы дзіцячым доктарам і атрымліваючы ў сярэднім 300—350 даляраў. (Праўда, нядаўна за студзень атрымаў 750 даляраў). Працаваць даводзіцца шмат, сумленна. Але гэта лепш, чым трэсьці ў пікеце квіточкам аб зарплаце на чвэрць стаўкі ды плакаць: “Давялі да жабрацтва!”


Далей у лісьце на Свабоду Ігар Пастноў разважае аб праблеме, якая даўно яго хвалюе і дзеля вырашэньня якой ён прыклаў нямала намаганьняў. Размова ідзе пра рост алькагалізму і наркаманіі сярод падлеткаў. Зноў цытую ліст:

“Рэкляма піва з тэлеэкранаў сёньня нарэшце сышла. Так, шмат давялося папрацаваць — задзейнічаць усіх, ад КДБ да Радыё Свабода. І вось прыйшоў адказ ад Міністэрства гандлю: рэкляма прызнана незаконнай, на вінаватых накладзеныя санкцыі. Па ўсёй краіне праведзены рэйды. Аштрафаваны і папярэджаны дзясяткі парушальнікаў правілаў гандлю. Падлетка зь півам цяпер можна і ў нас штрафаваць, як у Польшчы. А ўсе ганарары за свае публікацыі (а я аўтар многіх сур’ёзных мэдычных выданьняў) накіраваў супраць рэклямы піва, на тлумачэньне шкоды алькаголю са словамі: “Піва робіць чалавека абмежаваным і бясьсільным (імпатэнтам)”. І вось ужо тры месяцы я “кручу” гэтую сацыяльную рэкляму ў мясцовых і рэспубліканскіх СМІ”.

У сваім лісьце Ігар Пасноў выказваецца таксама наконт праблемы палітвязьняў. Ён піша:

“Каб палітзьняволеных памілавалі, патрэбна прызнаньне віны. Ведаю гэта, бо цесна супрацоўнічаў з камісіяй Кісялёва, дамагаючыся памілаваньня сваіх калегаў-мэдыкаў, якіх справакавалі на хабарніцтва так званым “экспэрымэнтам” дзеля паляпшэньня міліцэйскай статыстыкі. І агульнымі намаганьнямі мы дамагліся свайго. Многія дактары таксама лічылі сябе ахвярамі правакацыяў, але ўсё ж, каб атрымаць памілаваньне, давялося прызнаць віну. Гэтак і тут: факты хуліганства (часам злоснага) давядзецца прызнаць. І тады, відаць, памілуюць. Мы ж усе, па сутнасьці, хочам аднаго — каб Беларусь квітнела. І ня трэба кусаць працягнутую руку...”,

— гэтак лічыць дзіцячы доктар Ігар Пасноў зь Віцебску.

Палітычныя зьняволеныя ў Беларусі — асаблівая катэгорыя вязьняў, і да яе, як сьведчыць практыка, далёка не заўсёды стасуюцца тыя ж прававыя нормы, што да звычайных асуджаных. Згадаем, напрыклад, гісторыю Андрэя Клімава, пакаранага двума гадамі пазбаўленьня волі за артыкул у інтэрнэце. Яго нечакана вызвалілі 15 лютага адпаведна з прэзыдэнцкім указам аб памілаваньні. Пасьля вызваленьня Андрэй Клімаў заявіў, што ніколі не прасіў і не папросіць аб памілаваньні, паколькі ня лічыць сябе вінаватым і не прызнае ніякай віны.

Зусім не заявы палітвязьняў і не юрыдычныя фармальнасьці, а найперш палітычны торг з Захадам мае для беларускай улады значэньне ў справе палітвязьняў.

Мікалай Куксо з Івянца Валожынскага раёну ў сваім лісьце на “Свабоду” задае пытаньне: “Чаму, маючы разьвітую прамысловасьць і працавіты народ, Беларусь у параўнаньні з заходнімі суседзямі жыве значна бядней?” Слухач сам жа і адказвае на гэтае пытаньне наступным чынам (цытую ліст):

“Справа ў тым, што шалёныя грошы ідуць, як вада ў пясок, у стратную, нежыцьцяздольную, паміраючую калгасную сыстэму. Дзяржава ня хоча даць сялянам зямлю, хоць фэрмэр, адрозна ад калгаса, здольны вярнуць крэдыты. Ён зацікаўлены ў выніках сваёй працы, а таму ня будзе красьці камбікорм з фэрмы і прапіваць усё, што “дрэнна ляжыць”.

Але ж фэрмэра падчас выбараў не пасадзіш гвалтам у аўтобус і не прымусіш галасаваць, як загадаюць. Ён — свабодны чалавек. Гэта ж можна сказаць і пра індывідуальных прадпрымальнікаў. Дзяржава баіцца такіх людзей.

Рабства і прыгоньніцтва даўно аджылі, і хочаш ня хочаш, а перамены ў Беларусі адбудуцца. Калі толькі нас да таго часу не праглыне Расея.

Шаноўны Валянцін Жданко, я разумею, што пра ўсё гэта нам з вамі добра вядома. Але ўлада прыкладае вялізныя намаганьні дзеля таго, каб народ ня бачыў ніякага выйсьця, тыцкаўся, як сьляпое кацяня, і ўскладаў усе надзеі толькі на так званага “бацьку”. А таму я мяркую, што трэба бесьперапынна тлумачыць слухачам, што рабіць, каб добра жыць”, —

— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Мікалай Куксо з Івянца Валожынскага раёну.

Бесьперапынна тлумачыць слухачам, што ім рабіць, можа, і ня варта, спадар Куксо. Людзі ў Беларусі маюць патрэбу ня столькі ў дыдактычных павучаньнях, колькі ў аб’ектыўнай, праўдзівай інфармацыі пра тое, што адбываецца ў краіне і вакол яе. Ведаючы праўду, добра арыентуючыся ў навакольным сьвеце, чалавек не дазволіць падмануць сябе і здольны будзе самастойна прымаць важныя для сябе рашэньні. Гэта датычыць і фэрмэрства, і прадпрымальніцтва, і выбараў улады.

На заканчэньне — ліст з Расеі, зь Сібіры, ад Настасьсі Патоцкай — з развагамі пра беларуска-расейскія дачыненьні і з параўнаньнем штодзённых рэаліяў у дзьвюх суседніх краінах. Слухачка піша:

“Я жыву далёка ад Беларусі. Калісьці даўно да нас у Сібір, за Ўрал прыяжджаў ваш прэзыдэнт Лукашэнка. Усім тады спадабаліся прыгожыя правільныя словы, якія ён казаў. Усе былі зачараваныя ім. А нашы газэты пісалі, што Лукашэнка паводзіць сябе так таму, што хоча стаць прэзыдэнтам саюзнай дзяржавы. Я і цяпер думаю, што газэты пісалі глупства. Мы ўжо былі ў саюзе, і што з таго атрымалася? Толькі ідыёт можа наступаць на адны граблі двойчы. Мы тады верылі Лукашэнку і зайздросьцілі беларусам, што ў іх такі справядлівы прэзыдэнт.

А потым я выпадкова натрапіла на хвалю Беларускай Свабоды. Калі першы раз пачула вас, была да глыбіні душы ўзрушана. Беларускую мову чула ўпершыню, але ўсё разумела.

Менавіта са Свабоды я даведалася праўду пра тое, што адбываецца ў Беларусі. Захапляюся мужнасьцю тых людзей, якія змагаюцца за дэмакратыю. Вельмі цікава, пра што вам пішуць і тэлефануюць простыя людзі.

У нас у Расеі кожны зашыўся ў сваю норку і толькі сам стараецца выжыць. Альбо дрыжыць і лашчыцца да ўлады. Калі паглядзіш наша тэлебачаньне альбо паслухаеш радыё, дык жыцьцё ў Расеі — цудоўнае. А вось калі паглядзіш ва ўласнае вакно, дык становіцца страшна”, —


— напісала ў сваім лісьце на “Свабоду” Настасься Патоцкая з Расеі, з Сібіры.

У сярэдзіне 90-х гадоў Аляксандар Лукашэнка наладжваў шматлікія візыты па расейскіх рэгіёнах, бадай, часьцей, чым тагачасны прэзыдэнт Расеі Барыс Ельцын. Пра палітычныя прэтэнзіі беларускага лідэра на маскоўскі Крэмль тады гаварылі ўсе. І гэтыя размовы не былі беспадстаўнымі. Хворы Ельцын імкліва страчваў папулярнасьць, а харызматычны Лукашэнка мог на справядлівых выбарах бязь цяжкасьці адолець любога расейскага палітыка. Палітычная эліта Расеі сур’ёзнасьць гэтай пагрозы неўзабаве ўсьвядоміла, і пасьля гэтага Аляксандар Лукашэнка амаль зьнік з эфіру фэдэральных тэлеканалаў, а потым і ягоныя візыты ў расейскія рэгіёны сталі нашмат радзейшымі. Апошнія гады прэзыдэнт Беларусі па расейскай правінцыі фактычна ня езьдзіць.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG