Лінкі ўнівэрсальнага доступу

3. Беларускі Калюмб Ян Чарапук


Данцыг, ліпень 1922-га. ”Даражэнькі, шлю маё сардэчнае прывітаньне ўсім сябрам Грамады. Сёньня моцна помню наш дэвіз: змагаймася – зможам. Цалую ўсіх. Ваш Янка Чарапук. Параход ”Латвія” перад ад’ездам у Амэрыку”. Кінуўшы паштоўку ў скрыню, Ян Чарапук пайшоў да трапу. Гэта былі яго апошнія крокі на эўрапейскай зямлі.


Лета 1922-га. Урад Беларускай Народнай Рэспублікі працуе ў Коўне. У траўні на міжнароднай канфэрэнцыі ў Генуі страчаныя апошнія надзеі зьмяніць вынікі польска-расейскага міру, які падзяліў Беларусь напалам. Урад у крызысе, літоўскія ўлады яшчэ спрабуюць трымаць у рукаве беларускую карту ў гульні за Вільню, але відавочна страчваюць палітычны інтарэс да беларусаў. Сярод беларускіх палітыкаў штораз большыя сваркі і звадкі – старыя крыўды, амбіцыі, няяснасьць і расчараваньне.

Сакратар дыпляматычнага прадстаўніцтва БНР у Коўне Янка Чарапук марыў пра Амэрыку ўжо некалькі гадоў – там ужо даўно жыло некалькі яго старых знаёмых, а ў 1920-м туды падаўся і ягоны бацька. І вось цяпер безнадзейнасьць ковенскай сытуацыі прымусіла прыняць рашэньне: цяпер або ніколі. Яшчэ ў сакавіку ён папрасіў ва ўраду грошай на дарогу, але адказ быў несуцяшальны: ”Цяжкі стан Дзяржаўнай касы, на жаль, не дае магчымасьці пайсьці насустрач просьбе грам. Чарапука, дзеля гэтага ў задавальненьні памянёнай просьбы адмовіць”. І вось, пазычыўшы прыватна неабходныя грошы і атрымаўшы амэрыканскую візу – тут нямала дапамог вельмі прыхільны да беларускай справы амэрыканскі консул Эдвардз - Янка Чарапук выпраўляецца ў далёкую дарогу.

У Лібаве, дзе пачыналіся бадай што ўсе тагачасныя амэрыканскія адысэі беларусаў, 10 траўня Чарапук садзіцца на параплаў ”Эстонія” і дабіраецца да Данцыгу, адкуль, прабавіўшы пару тыдняў, адплывае праз акіян.

***

У ліпені 1922-га першы беларускі нацыяналіст, ступае на амэрыканскі кантынэнт, на ”зямлю Вашынгтона”, як ён сам часта будзе называць Амэрыку. Як выглядаў Новы Сьвет ўваччу першага, кажучы сёньняшняй мовай, ”сьвядомага” беларуса? Вось першыя ўражаньні самога Чарапука, запісаныя ў лістах да паплечнікаў у Коўне:

Адзін тыдзень я быў у Нью-Ёрку, дзе хацелася мне азнаёміцца зь местам. Чалавечы розум папросту поўны падзівеньня - як гэта ўсё можна было выбудаваць - калі прыйшлося быць каля найбольшаго дому у сьвеце, альбо каля помніка «Свабода» .

Пасьля я прыехаў да свайго бацькі у Grand Rapids. Тут таксама шмат часу прашло на чыста сямейныя справы. Працу грамадзкую распачаць зараз жа цяжка. Цяпер я знаёмлюся толькі з агульным становішчам у гэтым краі. І заводжу знаёмства зь беларусамі, украінцамі, і ліцьвінамі. Выступаць цяпер чынна на грунце грамадзкім і палітычным ніяк нельга. Прычыны такія. Неразуменьне ангельскай мовы — не дае магчымасьці выступіць і ўзяцца за працу. Няма тут сапраўды ніводной беларускай арганізацыі, якая магла б памагчы хоць часова у працы і жыцьці
”.

Чарапук з зайздрасьцю піша, што палітычным эмісарам зь Літвы, Польшчы або Ўкраіны там працаваць лёгка, бо па ўсёй Амэрыцы раскіданыя іх нацыянальныя арганізацыі. Нам жа, беларусам, наракае ён, трэба рабіць тое, што палякі, літоўцы і украінцы рабілі 50 гадоў таму назад.

Асабліва крыўдна было тое, што Чарапуковых землякоў у Амэрыцы было незвычайна шмат – сотні і сотні тысячаў. Усе яны з гонарам называлі сябе ”рускімі”, стваралі ”рускія” арганізацыі, ладзілі ”рускія” зборкі, чыталі ”рускія” газэты. У тых газэтах, дарэчы, былі рэгулярныя рубрыкі накшталт ”как правильно говорить по-русски”, дзе ўсю гэтую цёмную і неадукаваную масу стараліся пераканаць, што нельга гаварыць ”ріба”, ”трапка”, ”тудой”, ”сюдой” і што ”сабака” – гэта яна, а ня ён.

І Ян Чарапук, пасланец незалежнай Беларусі, пачынае няроўнае адчайнае змаганьне. Адзін супраць сотняў тысячаў.

***

Тым часам звычайнае жыцьцё паступова ўліваецца ў новае рэчышча. Свае інтымныя пачуцьці наш герой выкладае ў лісьце сваёй ковенскай знаёмай ”паньне Гэлене”, чыя асоба застаецца таямніцай. Выкладае па-польску – на мове прыстойнага таварыства гарадзенскіх і ковенскіх салёнаў пачатку мінулага стагодзьдзя:

Wielce szanowna panno Heleno!!

W tą chwilę chciało by się być znowu blizko Was zartować, jak kiedyś i sobie "kołdunków spozyć", a czasami i "krupniczku" popić.... Bo u nas tu bardzo "sucho" t-j. pod zadnym warunkiem w całych Junejdet Stets nie mozna za dobry pieniądz nigdzie dostać, ani wódki, ani likieru, ani innych trunków, tu tylko piją tak zwany "munszajn" t-j. wyrob kazdego obywatela własny trunek. Nie ktore z robotniczej klassy na tym interesie zrobili szalone pieniądze. Prosze sobie wyobrazić ze ja od czasu kiedy wstąpiłem na amerykański brzeg ani nawet i nie powąchałem — tak ze gardło, za przeproszeniem zbyt jest za suche”.

Powodzi się mi dosyć dobrze. Mam dwie posady zarabiam świetnie. Na wiosnę kupuję automobil. Pod względem materjalnym odczuwam zadowolnienie. Ale teraz pracuję od 7 rana az do 10 wieczorem. Oprocz tego uczę się angielskiej mowy, z którą jednak trudności wielkiej nie mam, ale juz czuję się jak u siebie w kraju. Udało się mi zgrupować koło siebie sporą liczbę białorusinów, tak ze to jeszcze milej odbija się na ogólnej harmonii zycia.


***

Захаваньне агульнай гармоніі жыцьця патрабавала мужнасьці і ахвяраў. Пра свае рашучыя жыцьцёвыя крокі Ян Чарапук паведамляе ў лісьце-справаздачы Вацлаву Ластоўскаму:

Мае становішча ў Амэрыцы было адным з самых страшэнных з’явішчаў у маім маладым жыцьці. Ўсё аддаваў не для сямейных справаў, не для асабістых выгодаў, а пасьвяціў на Вялікую Справу Вызваленьня Беларусі зь ярма польскага і маскоўскага. І дзеля гэтага пастанавіў нават парваць тое, што было і дарагое для сэрца - асвабадзіць і самога сябе ад сувязі... сямейнай масковіі. Паступіў добра! Праз такое становішча падняў сьцяг Беларусі у шырокім маштабе на зямлі Вашынгтона.

Першая баразна ужо згорана беларускім плугам, патрэбны людзі якіе павінны дакончыць са мною, альбо і бяз мяне. Сам я хутка варочацца на Бацькоўшчыну ня думаю, негледзючы што здароўе страшэнна пагоршылося. Надзвычайна цяжка перанасіць амэрыканскую жару, прыбыўшым з Эўропы
”.

***

Так і трымаў Ян Чарапук сьцяг Беларусі ў шырокім маштабе, маючы на разьлеглай зямлі Вашынгтона невялікую жменьку паплечнікаў і выклікаючы на сябе зьнішчальны агонь абразаў, зьдзекаў і паклёпаў з боку шматлікіх ворагаў.

Падмога прыйдзе толькі праз дваццаць пяць гадоў, калі новая хваля эміграцыі вынесе на амэрыканскі бераг ужо не адзінкі – а тысячы й тысячы беларусаў – са сьцягамі адроджанай БНР, са структурамі і дыскурсамі, зь літаратурай і мастацтвам. І яны сутыкнуцца з той неадоленай стыхіяй старой эміграцыі, і яны паспрабуюць навярнуць яе на беларускі шлях. Але і ў іх з гэтага нічога ня выйдзе і скончыцца ўсё рэгулярнымі бойкамі на вуліцах амэрыканскіх гарадоў і мястэчак падчас ладжаных абодвума бакамі масавых гуляньняў – на 1 траўня і на 25 сакавіка.

Але гэта ўжо – зусім іншая гісторыя...

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG