Чытачы сайту “Хартыі’97” дзеляцца сваімі ўражаньнямі ад інтэрвію былога кандыдата на пасаду прэзыдэнта Аляксандра Казуліна, якога на тры дні выпусьцілі з калёніі “Віцьба-3” на пахаваньне жонкі Ірыны.
“Беларусь! Ты праводзіш у апошні шлях ПЕРШУЮ ЛЭДЗІ Беларусі! Зрабі ж гэта годна – Ірына Казуліна на гэта заслужыла! Яна была, ёсьць і будзе... першай лэдзі Беларусі!”
“Згодны – трэба быць мужыкамі ўсім, і дэмакратам, і кампаніі Лукашэнкі, быць вышэйшымі за прыватныя праблемы і дзеля Беларусі сядаць за стол перамоваў”.
“Учора на плошчы ў цэнтры Менску было такое адзінства, такая адчувалася зьяднанасьць! Мы прыціскалі да грудзей мокрыя ад дажджу, нібыта ад сьлёз, партрэты Ірыны. Мы затулялі ад ветру далонямі сьвечкі, і было такое адчуваньне, што Іра недзе з намі ў гэтым жывым моры людзей...”
“Гэтага трагічнага выпадку ўжо ня выкрасьліць з гісторыі нашай краіны, як і многіх іншых з апошніх ста год амаральнасьці і бездухоўнасьці”.
На форумах парталу TUT.by сёньня абмяркоўваюць, наколькі законным было тое, што Аляксандра Казуліна адпусьцілі з калёніі на пахаваньне жонкі.
“Беларускія ўлады арыштавалі і асудзілі Казуліна за злачынства. Дык чаму ж злачынцу выпускаюць на свабоду? Чаму ніводнаму зэку за ўсю гісторыю сувэрэннай Беларусі такога гонару не выпадала, а менавіта гэтаму зэку дазволілі пахаваць сваю жонку? Значыцца, выканаўчая ўлада зусім ня лічыць яго такім ужо зацятым злачынцам. Больш за тое, дае зразумець, што ён здольны яе шантажаваць, а значыцца, мае рэальную моц. Ну й кідае цень на судовую ўладу”.
“Поўна такіх выпадкаў, калі адпускалі з зоны на пахаваньне блізкіх, толькі праходзяць ціха...”
“Былога аднаклясьніка выпускалі, на пахаваньне маці, з Івацэвічаў, узмоцнены рэжым. 6 год тэрміну, заставалася 2, на выбар начальніка калёніі. Ведаю яшчэ колькі такіх выпадкаў, цалкам распаўсюджаная практыка”.
Блогер Slaver_be ў сваім сеткавым дзёньніку распачаў дыскусію з нагоды часовага вызваленьня Аляксандра Казуліна:
“Нічога ня буду казаць пра галоўных асобаў сумнай падзеі, я хачу толькі зьвярнуць вашу ўвагу на факт “кароткатэрміновага адпачынку” Казуліна. Ад гэтага, чаго б хто ні казаў, у выйгрышы цяперашняя ўлада.
Для электарату – чарговы паказчык, які бацька добры, што нават крымінальнікаў і палітычных прастытутак выпускае.
Для Эўропы – чарговы паказчык таго, што Беларусь актыўна супрацоўнічае зь ёю.
Для апазыцыі – магчымасьць чарговы раз сказаць “сапраўды штосьці мяняецца да лепшага”, “мы дамагліся духоўнай перамогі”…
Хто-небудзь гатовы аспрэчыць?”
Камэнтары чытачоў блогу:
“Як проста абагульняць і разьвешваць цэтлікі...”
“Аспрэчу – калі мы прымаем маральную пазыцыю ўлады і будзем дзякаваць за тое, што зрабіў Лукашэнка (проста выканаў закон), то так яно й будзе. Калі мы згаджаемся на падмену паняцьцяў – таксама. Перамога – гэта калі Казулін выпушчаны. Тое, што адбылося цяпер, – гэта толькі саступка. Калі мы прымем пазыцыю тых, хто зь любой нагоды гатовы абкласьці апанэнтаў улады, то таксама. Большасьць з тых, хто ліў памыі ў гэтыя дні на Казуліных за тое, што яны змагаліся, у адваротным выпадку лілі б на іх памыі за тое, што здаліся”.
“Тры дні – гэта не саступка, калі б зусім адпусьціў – можна й “пусьціць сьлязу”.
Кіраўнік культурніцкай камісіі Партыі БНФ Франак Вячорка піша пра сваё выключэньне з журфаку БДУ. Афіцыйная прычына – “акадэмічная непасьпяховасьць”. 21 студзеня Франака Вячорку асудзілі на 15 сутак арышту. За гэты час ён прапусьціў два іспыты.
“Першае, што сказаў дэкан журфаку Сяргей Дубовік на пэднарадзе ўжо ў новым корпусе, было прыкладна наступнае: “Не пасьпелі мы пераехаць у новы корпус, як нам аб'явілі вайну...” А намесьнік дэкана Вольга Самусевіч езьдзіла па галовах выкладнікаў, маўляў, нельга ставіць такія высокія адзнакі. Маўляў, наставілі Вячорку дзявятак-дзясятак, а цяпер выключаем яго. Асабліва дасталося Градзюшку за маю дзясятку па асновах журналістыкі, Маеўскай, яшчэ камусьці :) і ніхто ўжо не хавае, што справа палітычна-заказная. А выкладнікі – закладнікі (ці выканаўцы?) – ходзяць і абмяркоўваюць прыпыненьне кантактаў са Швэцыяй...”