Сайт Хартыі'97 паведаміў сёньня, што амэрыканскі часопіс «Parade» апублікаваў сьпіс найгоршых дыктатараў сьвету, які складаўся ад 2003 году пры падтрымцы арганізацыяў "Freedom House”, "Amnesty International”, "Human Rights Watch” і "Reporters Without Borders”. У сьпісе гэтым 20 чалавек, сярод якіх Кім Чэн Ір (КНДР), Ху Дзіньтао (Кітай), Сайед аль-Хамміні (Іран), Іслам Карымаў (Узбэкістан), Хосьні Мубарак (Эгіпет), кароль Мсваты III (Свазілэнд), Аляксандр Лукашэнка (Беларусь), Рауль Кастра (Куба). У камэнтарах можна прачытаць наступнае.
Ірына: “Адзіная радасьць — шаснаццатае месца, а то маглі б быць "наперадзе плянэты ўсёй!"
Народный мститель: “Забылі друга Уга!!!"
Вова: “У сябры Ўга пакуль што нешта падобнае да свабодных рэфэрэндумаў маецца. Вось ён у сьпіс і ня трапіў. Ярмошына досьведам падзеліцца, як галасы лічыць, і іхні полк папоўніцца".
Наведнікі форумаў парталу tut.by абмяркоўваюць інфармацыю пра тое, што апошнім часам аб’явы аб наборы ў міліцыю разьмяшчаюць у Інтэрнэце, навучальных установах, у мэтро.
mmixer1 піша: “90 тысяч, відаць, мала, трэба напэўна каб 180 тысяч іх было».
Йа креведко: “На кожнага ІП па мянту”.
Дрыґавіч: “Мянты паўсюль і ад іх нікуды не падзецца! Хутка на кожнага беларуса будзе па аднаму міліцыянту!».
DARID: “8 гадоў таму я скончыў унівэрсытэт. Дай, думаю, паспрабую ў органы ўладкавацца... Афіцэр запасу, вышэйшая адукацыя, можа што цікавае прапануюць... Прыходжу ў аддзел кадраў, кажу, маўляў, вось я да вас прыйшоў і пералічваю ўсе свае годнасьці. Там мужык у фуражцы паслухаў, вочы вылупіў і кажа: маўляў не-е, нам з вышэйшай ня трэба. Нам трэба, каб дубінку мог трымаць...»
students: “Попыт нараджае прапанову. Паколькі павялічваецца колькасьць жадаючых атрымаць дубінкай, дзяржава гнутка рэагуе на попыт, нарошчвае колькасьць сэртыфікаваных людзей, упаўнаважаных аказваць такога роду паслугі».
У сеціве зьявіўся блог кіраўніка місіі Вялікабрытаніі ў Беларусі Нэйджэлу Гулд-Дэвісу, які прыехаў у Менск у жніўні мінулага году. Спадар Нэйджэл зрабіў запіс, у якім між іншага запытаўся: “Я быў уражаны, што беларусы зьяўляюцца настолькі эўрапейцамі па сутнасьці. І гэта робіцца асабліва зразумелым, калі паглыбіцца ў гісторыю гэтай зямлі. Уплыў культур з Захаду, такіх, як польская і літоўская, аніяк ня меншы, чым з Усходу. І, мне здаецца, гэта адчуваецца і сёньня. Як вы думаеце?» На гэта ён атрымаў мноства адказаў.
andreivk: “Уплыў культур — безумоўна мае месца, хоць, хутчэй, меў месца... Цяпер мы ўсё больш і больш, на жаль, аддаляемся ад эўрапейскай культуры ў моц шэрагу абставінаў... Што да гісторыі нашай краіны, дык робіцца ўсё цяжэй паглыбіцца ў яе, я маю на ўвазе ў яе больш-менш праўдзівую вэрсію... Занадта шмат палітыкі і, як наступства, гісторыя перашываецца... Крыўдна, што скажаюць яе самі ж беларусы».
coipish: “Думаю, што ўплыў культуры з усходу ўсё-такі, на жаль, большы. (Напрыклад, мы тут з вамі цяпер менавіта на мове з Усходу пішам. А ў іншым — праўда цалкам на вашым баку».
zhauranak: “Эгаістычна спадзяюся, што за час існаваньня Вашага блогу ў Эўропе зробіцца на аднаго дыплямата больш, якія выдатна разьбіраюцца ў далікатнасьцях беларускіх спраў».
corno_by: “Я ўпэўненая, што мы эўрапейцы па сутнасьці, і мая ўпэўненасьць засноўваецца як мінімум на нашай багатай музычнай культуры, якая дасталася нам ад ВКЛ і Рэчы Паспалітай! Канешне, цяпер у нас не настолькі ўсё добра, але ў нас багатае мінулае, якое як фундамэнт, на якім мы збудуем будучыню!»