Учора 102 чалавекі ў Рэспубліканскім тубэркулёзным шпіталі, што ў Наваельні Гарадзенскай вобласьці, падпісаліся пад скаргай да галоўнага ўрача й адмовіліся ісьці на сьняданак.
Большасьць хворых, якія падпісаліся, ня ведалі, што напісана ў гэтай скарзе
Аднак учора ўвечары амаль усе, за невялікім выключэньнем, прыйшлі на вячэру ў бальнічную сталоўку.
Доўгань: “Калі пачалі разьбірацца з гэтай справай, высьветлілася, што большасьць хворых, якія падпісаліся, ня ведалі, што напісана ў гэтай скарзе. Ім казалі, што падпісваецеся за тое, каб круглыя суткі была гарачая вада, каб выпускалі ў мястэчка, лепш кармілі, але тэксту насамрэч людзі ня ведалі”.
Са словаў Вячаслава Доўганя, галоўным патрабаваньнем было тое, каб хворыя мелі магчымасьць выхаду ў мястэчка. Аднак, як заўважае галоўны ўрач, пацыенты маюць хранічныя формы сухотаў, і калі іх прымаюць у шпіталь, то даюць падпісаць дакумэнт, у якім агаворваецца, што хворым забаронена пакідаць тэрыторыю шпіталю.
Больш таго, заўважае лекар, шмат хто з пацыентаў купляе ў мястэчку гарэлку, а потым п’яны вяртаецца ў бальніцу і пагражае мэдпэрсаналу.
Адзін з арганізатараў галадоўкі, Сяргей Воранаў, кажа, што галадоўка прыпынена на няпэўны час, паколькі адміністрацыя паабяцала дадаць у палатах цяпла й палепшыць харчаваньне.
Воранаў: “Але ў мястэчка мы ня можам не выходзіць, бо тут ня створаны ўсе неабходныя ўмовы. Зьняць грошы з банку па картцы — трэба ісьці ў мястэчка, у аптэку — ізноў у мястэчка, купіць адзеньне — таксама, бо людзі тут ляжаць па некалькі гадоў. Мы тут практычна жывём, разумееце?”
Галадоўку гучна абмяркоўваюць і жыхары мястэчка. Яны ўжо некалькі разоў зьбіралі подпісы ў розныя інстанцыі, каб зачыніць бальніцу, паколькі турбуюцца за здароўе — сваё й сваіх дзяцей.
Старшыня пасялковага Савета Мікалай Мацюкевіч кажа, што скаргі ад жыхароў мястэчка на пацыентаў шпіталю трапляюць і да яго.
“Кантынгент гэтых людзей прыкладна на 80% — былыя асуджаныя або алькаголікі
Мацюкевіч: “Кантынгент гэтых людзей прыкладна на 80% — былыя асуджаныя або алькаголікі. І вось калі яны выходзілі ў мястэчка (зразумела, ня ўсе), шмат хто паводзіў сябе непрыстойна: кашляў на людзей, пляваў. Зразумела, што местачкоўцы пачалі турбавацца за сваё здароўе й сваіх дзетак”.
Але спадар Мацюкевіч зьвяртае ўвагу й на іншую праблему:
Мацюкевіч: “Я добра разумею, што гэтыя хворыя таксама людзі... А яшчэ адна праблема ў тым, што закрыць гэтую бальніцу — значыцца, страціць 165 працоўных месцаў. Пераважна тут працуюць жанчыны. У нас у мястэчку ёсьць сякая-такая вытворчасьць, але там занятыя ў асноўным мужчыны. Праблема гэтая неадназначная й патрабуе вельмі ўзважанага падыходу”.