Андрэй Папоў сказаў, што паведамленьні некаторых СМІ, што Беларусь будуе “візавы мур”, падвышаючы цэны на свае візы для замежнікаў – гэта “поўны абсурд, праява ці не зусім кампэтэнтнай журналістыкі, ці сьвядомыя спробы перакласьці праблему з хворай галавы на здаровую”.
Прадстаўнік МЗС падкрэсьліў, што “ініцыятарамі падвышэньня кошту візаў сталі эўрапейскі і амэрыканскі бакі, у выпадку з Эўропай кошт візаў для беларусаў быў у аднабаковым парадку падвышаны са спасылкамі на пашырэньне зоны дзеяньня Шэнгенскіх пагадненьняў”.
Спадар Папоў паведаміў, што Беларусь працягвае выступаць за спрашчэньне візавага рэжыму паміж Беларусьсю і ЭЗ, што падвышэньне кошту візаў для грамадзянаў ЗША суправаджалася спрашчэньнем – адменай абавязковых запрашэньняў. Аднак паводле Папова “ніякіх крокаў насустрач ні з боку Эўропы, ні з боку ЗША не адбылося”.
“У гэтых умовах пра “візавыя муры” зь беларускага боку могуць казаць ці не зусім прыстойныя журналісты ці проста некампэтэнтныя людзі”,– мяркуе прэсавы сакратар МЗС.