Актывіст адмовіўся зранку бяз позвы ехаць у Ленінскі раённы аддзел міліцыі, і яму яе прывезьлі. Паводле Алега Аксёнава, гвалту над ім не было.
«Прывезьлі позву, сказалі зьбірацца. Цяпер вядуць у пастарунак», — паведаміў актывіст Свабодзе.
Яго вінавацяць у арганізацыі «Прагулкі недармаедаў», якая адбылася 19 лютага на цэнтральнай вуліцы Ленінскай. У акцыі пратэсту супраць дэкрэту № 3 ўзялі ўдзел блізу 500 чалавек. Гарвыканкам не санкцыянаваў правядзеньне «Маршу недармаедаў» на гэтай вуліцы, спаслаўшыся на тое, што такія мерапрыемствы павінны адбывацца на вызначанай пляцоўцы. Адным з заяўнікаў маршу і выступаў Аксёнаў, якому інкрымінуюць парушэньне закону «Аб масавых мерапрыемствах». На яго ўжо складаўся пратакол адміністрацыйнага правапарушэньня.