Працяг суду над блогерамі Сяргеем Пятрухіным і Дзьмітрыем Гарбуновым пачнецца а 9.30 у Ленінскім судзе Берасьця. Напярэдадні суд перанёс разгляд іхнай справы, бо яны запатрабавалі заключэньня дамоваў з адвакатамі.
У інтэрвію Свабодзе Сяргей Пятрухін заявіў, што і яго, і Дзьмітрыя Гарбунова «хочуць ізаляваць напярэдадні акцыі 25 сакавіка». Сяргея Пятрухіна і Дзьмітрыя Гарбунова судзяць за ўдзел у масавай акцыі.
У Баранавічах адбудуцца суды над трыма мужчынамі, якія выступілі падчас мітынгу на мясцовым Маршы недармаедаў яшчэ 26 лютага.
Як расказаў Свабодзе апазыцыянэр Мікола Чарнавус, гэтыя людзі «не зьяўляюцца нейкімі палітычнымі актывістамі, а проста выказалі свае думкі народу». Пакуль вядомыя імёны толькі дзьвюх з трох асобаў, якіх будуць судзіць. Гэта Міхаіл Стрэльчык і Барыс Шырынга. Суды над імі пачнуцца аб 11.30.