Абаронцу Курапатаў Сяргею Пальчэўскаму далі 10 сутак за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі
Пра гэта Свабодзе паведаміў сустаршыня БХД Павал Севярынец, які разам з маці Сяргея Пальчэўскага знайшоў ягоныя сьляды ў Першамайскім РУУС.
«Доўга хлусілі, перакідвалі адказнасьць на іншых. Нарэшце прызналі, што Сяргея сёньня ў 14 затрымалі амапаўцы з гарадзкой міліцыі і прывезьлі да іх, у Першамайскі РУУС. А потым у суд, і ўжо далі яму 10 сутак за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Пакуль невядома толькі, у якой. Магчыма, за Курапаты, а магчыма, што і за 17 лютага, „Марш недармаедаў“. Дзе Сяргей у дадзены момант — невядома. На Акрэсьціна кажуць, што пакуль не дастаўлены — значыць, або ў „стакане“ сядзіць яшчэ ў судзе, або вязуць», — сказаў Павал Севярынец пра пошукі Сяргея Пальчэўскага.
Зьміцер Дашкевіч паведаміў карэспандэнту Свабоды, што, паводле інфармацыі зь Першамайскага РАУСа, Сяргея Пальчэўскага абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі.
«Невядома толькі, за які дзень», — дадае Зьміцер Дашкевіч.
Зьміцер Дашкевіч назваў такі паварот падзеяў «дзівосным».
«Мы даўно задаваліся пытаньнем, дзе канец лібэралізацыі. Вось сёньня ён яскрава відавочны. Можа, гэтае рашэньне было прынятае некалькі дзён таму. І, хутчэй, некалькі дзён таму, бо такія фільмы, як запушчаныя ўчора на дзяржаўным тэлебачаньні, за пару гадзін здымаюцца. А рашэньне было прынятае і пра тое, каб запусьціць гэтыя фільмы. Верагодна, калі б учора мы ня згортвалі намётавае мястэчка, то і там былі б арышты ці наагул зачыстка. Вось так палююць невядома пакуль што на якую колькасьць людзей. Але бясспрэчна, што гэта помста. І відаць, што пасьля шматлюдных маршаў пратэсту па ўсёй краіне, нашай пасьпяховай абароны Курапатаў, у рэжыму сарвала дах і ўсё ж такі ня вытрывалі слабенькія нэрвы», — сказаў Дашкевіч.
Актывіст «Маладога Фронту» Сяргей Пальчэўскі браў удзел у лягеры абаронцаў Курапатаў. Ён прыкаваў сябе кайданкамі да МАЗа, каб спыніць рух да будпляцоўкі, разьмешчанай каля Курапацкага ўрочышча. Сяргей Пальчэўскі праляжаў на зямлі больш за дзьве гадзіны.
Міліцыянты прымусілі яго адчапіцца і паспрабавалі затрымаць, але іншыя актывісты зрабіць гэта не дазволілі. Некалькі дзён Сяргей Пальчэўскі хаваўся, а потым зьявіўся ў лягеры абаронцаў Курапатаў і быў там да ўчорашняга дня, калі лягер згарнулі.