Сустаршыня «Маладога Фронту» Зьміцер Дашкевіч цяпер у сваёй кватэры зь сям’ёй.
Пра інцыдэнт, які зь ім здарыўся сёньня ў другой палове дня, Зьміцер Дашкевіч сказаў наступнае:
«Быў у царкве ў завулку Загарадным, зьбіраўся ўжо ехаць адтуль зь дзецьмі дамоў. Дачку Мару пасадзіў у аўтамабіль і пайшоў па сына Давіда. Выходжу зь ім з царквы, як бачу, што міліцыянт у цывільным паказвае пасьведчаньне майму сябру, які заставаўся каля аўтамабіля, пакуль я сыходзіў. Відаць, яго пераблыталі са мной, бо потым адсталі, а я ўжо з царквы ня выйшаў. Міліцыянты яшчэ патаўкліся на вуліцы, але наехалі журналісты, вернікі, і таму, відаць, яны зьехалі. То бок загад аб затрыманьні пакуль ня выканалі».
У той жа час быў затрыманы актывіст «Маладога Фронту» Сяргей Пальчэўскі, які разам зь іншымі ўдзельнічаў у абароне Курапатаў. Вядома, што Сяргея Пальчэўскага міліцыянты затрымалі ў пад’езьдзе ягонага дому, пасьля чаго сувязі з актывістам не было. Зьміцер Дашкевіч мяркуе, што сябра затрымалі ў межах крымінальнай справы аб нанясеньні пашкоджаньняў маёмасьці забудоўніка офіснага цэнтру каля Курапатаў.
«Калі б затрымлівалі паводле адміністрацыйнай справы за курапацкі лягер, дык бралі б усіх, ня толькі нас двух. Але хлопцаў не чапаюць, толькі мяне з Пальчэўскім. Таму мяркую, што гэта зьвязана з той крымінальнай справай аб пашкоджаньні маёмасьці. Бо казаў брыгадзір будаўнікоў, што справа заведзеная на двух чалавек. Верагодна, што на мяне і Пальчэўскага».
Зьміцер Дашкевіч абураны тым, як міліцыянты дзейнічалі, калі затрымлівалі курапацкіх актывістаў.
Мяне таксама прыехалі затрымліваць, а я з малымі дзецьмі. Вось узялі б мяне, а што зь дзецьмі б зрабілі? Пакінулі б у аўтамабілі? Неверагодна
«Сяргея ўзялі літаральна ў пад’езьдзе дому. Пазваніў маці праз дамафон, каб адчыніла, зайшоў у пад’езд, а дамоў не падняўся. Маці ў жаху — што з сынам? Куды гэта варта? Навошта гэткія мэтады, як у 37-м? Мяне таксама прыехалі затрымліваць, а я з малымі дзецьмі. Вось узялі б мяне, а што зь дзецьмі б зрабілі? Пакінулі б у аўтамабілі? Неверагодна. Калі ёсьць крымінальная справа, калі ўсё на законных падставах, дык выклікайце позвай. Ці хаця б пазваніце, прапануйце прыйсьці на размову — я ж не адмаўляюся», — сказаў Зьміцер Дашкевіч.
Зьвесткі пра крымінальную справу, якой папярэднічала заява забудоўніка аб нанясеньні ягонай маёмасьці пашкоджаньняў, дагэтуль былі супярэчлівыя. У прэсавай службе менскай міліцыі на пачатку мінулага тыдня карэспандэнта Свабоды запэўнівалі, што справа не заведзеная, вядзецца толькі праверка заявы. Сёньня прэсавы сакратар менскай міліцыі Аляксандар Ластоўскі сказаў, што ў яго няма зьвестак пра такую крымінальную справу і пра тое, што быў затрыманы абаронца Курапатаў Сяргей Пальчэўскі. Напрыканцы мінулага тыдня шараговыя будаўнікі казалі абаронцам Курапатаў, што ня хочуць, каб іх рукамі распраўляліся з актывістамі. А прадстаўнікі забудоўніка, паводле Зьмітра Дашкевіча, падчас перамоваў заяўлялі, што ў іх «няма прэтэнзіяў да абаронцаў».
Дзе актывіст Сяргей Пальчэўскі, дагэтуль невядома. Ягоны тэлефон маўчыць, а ў Савецкім і Першамайскім РУУС дзяжурныя сказалі карэспандэнту Свабоды, што «такога грамадзяніна не затрымлівалі».