Грамадзкі Форум салідарнасьці з палітвязьнямі, які адбыўся ў Менску, пастанавіў пікетаваць магілёўскую турму, калі там будзе праходзіць суд над праваабаронцам Андрэем Бандарэнкам. Паводле зьвестак ад Андрэя Бандарэнкі, суд заплянаваны на другую палову лютага, але дакладнай даты вязьню дагэтуль не паведамілі.
Бандарэнку будуць судзіць паводле 411 артыкула Крымінальнага кодэксу, які дазваляе нават за нязначныя парушэньні турэмнага парадку дадаваць вязьню да двух гадоў зьняволеньня. Праваабаронца, які адбывае ў магілёўскай турме тры гады за злоснае хуліганства, мае вызваліцца ў сакавіку, але цяпер ягоны выхад на волю пад пытаньнем.
Былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду Міхаіл Пастухоў падзяліўся на форуме апошнімі зьвесткамі пра Андрэя Бандарэнку.
«На яго пэрыядычна накладалі спагнаньні нібыта за парушэньні, кшталту — ня выцер пыл з паліцы, ды іншае — і гэтак давялі да статусу злоснага парушальніка рэжыму. Цяпер зноў паставілі на прафіляктычны ўлік, што дадаткова ўскладніла ягонае турэмнае жыцьцё. Нядаўна адбылася чарговая правакацыя — нібыта ён не падпарадкаваўся загаду вартаўніка і таму атрымаў новае спагнаньне. Андрэй паведаміў пэўна, што будзе суд у другой палове лютага, і ў яго няма сумневу, што дадуць яшчэ сама меней год. Ён запрашае на суд актывістаў і журналістаў, але суд будзе ў будынку турмы, і ясна, што нікога туды ня пусьцяць, акрамя, магчыма, сваякоў. Таму актывісты будуць пікетаваць турму, а мы дасылаем зварот у пракуратуру Беларусі з патрабаваньнем спыніць перасьлед Андрэя Бандарэнкі, абʼектыўна разабрацца ў спагнаньнях, якія на яго накладзеныя, і пакараць тых, хто чыніць незаконны ціск на Бандарэнку», — піша Міхаіл Пастухоў.
Таксама ўдзельнікі форуму выказаліся за выключэньне 411 артыкула з Крымінальнага кодэксу і спыненьне перасьледу вязьняў паводле гэтага артыкула.
«Карыстаючыся гэтым артыкулам, рэжым вырашыў працягнуць пакараньне Андрэю Бандарэнку і на яго прыкладзе запалохаць іншых актывістаў і праваабаронцаў. Узрастае сацыяльная напружанасьць, і наўпроставыя рэпрэсіі зноў запатрабаваныя, каб спыніць пратэстную актыўнасьць», — мяркуе былы кандыдат на прэзыдэнта, былы палітвязень Мікалай Статкевіч.
У 2014 годзе заснавальнік арганізацыі дзеля абароны правоў вязьняў «Плятформа інавэйшн» Андрэй Бандарэнка быў асуджаны на тры гады зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў злосным хуліганстве. На судзе Бандарэнка прызнаў віну часткова і ня выключыў правакацыі спэцслужбаў з мэтай адпомсьціць яму за праваабарончую дзейнасьць. Думкі калегаў адносна справы Андрэя Бандарэнкі падзяліліся. Праваабарончыя арганізацыі «Вясна» і БХК не прызналі яго палітвязьнем, але папярэдзілі ўлады, што такі статус Бандарэнку будзе нададзены, калі над ім адбудзецца новы суд паводле 411 артыкула.
25 студзеня форум «Свабоду палітвязьням Рэспублікі Беларусь» таксама прыняў рашэньні аб акцыях салідарнасьці зь вязьнямі Міхаілам Жамчужным, Тарасам Аватаравым, Ільлём Валовікам і Вадзімам Бойкам.