12 студзеня судовая калегія па грамадзянскіх справах Менскага абласнога суду пад старшынствам Анатоля Карповіча разгледзела касацыйную скаргу праваабаронцы Міхаіла Жамчужнага на неправамернае, зь яго пункту гледжаньня, спагнаньне з боку адміністрацыі калёніі і пастанавіла, што суд Барысаўскага раёну павінен дадаткова апытаць Жамчужнага і сьведак.
Самога Жамчужнага ў Менскі абласны суд не дастаўлялі, прадстаўнік адміністрацыі калёніі таксама не прысутнічаў, паведамляе праваабарончы сайт «Вясна».
20 ліпеня 2016 году прадстаўнік адміністрацыі навасадзкай папраўчай калёніі № 14 наклаў на Жамчужнага спагнаньне — пазбавіў чарговага кароткатэрміновага спатканьня за тое, што вязень знаходзіўся на тэрыторыі аднаго з сэктараў калёніі без суправаджэньня супрацоўніка.
У сваёй скарзе Міхаіл Жамчужны пісаў, што такога парушэньня не дапускаў, прасіў адмяніць накладзенае спагнаньне, а таксама рашэньне суду Барысаўскага раёну ад 31 кастрычнiка 2016 году, якое пакінула тое спагнаньне ў сіле.
На думку Жамчужнага, суд не ўлічыў і не праверыў ягоныя довады, што з тэрыторыі лякальнай зоны калёніі ён выйшаў у суправаджэньні супрацоўніка калёніі, пры гэтым пакінуў лякальны ўчастак не самавольна, а на вусны загад начальніка спэцчасткі. Гэта, падкрэсьліў палітвязень, могуць пацьвердзіць іншыя асуджаныя і днявальны.
Акрамя таго, Жамчужны ўказаў на парушэньне барысаўскім судзьдзём працэсуальнага права, таму што пасяджэньне па ягонай скарзе пачалося на гадзіну раней за прызначаны час, што пазбавіла яго права на абарону.
Таксама праваабаронца адзначыў, што ў калёніі парушаюцца правы зьняволеных на асабісты прыём іх адміністрацыяй.
У пярэчаньнях на касацыйную скаргу прадстаўнік адміністрацыі калёніі паказаў, што лічыць рашэньне суду Барысаўскага раёну ў дачыненьні да Жамчужнага законным і абгрунтаваным. На думку адміністрацыі, прычынай абскарджаньня стала пастаноўка зьняволенага на прафіляктычны ўлік як асобы, схільнай да экстрэмізму і іншай дэструктыўнай дзейнасьці, што пацягнула за сабой дадатковыя рэжымныя абмежаваньні.
Акрамя таго, у калёніі лічаць, што Жамчужны сваёй скаргай «жадае наўмысна дыскрэдытаваць супрацоўнікаў папраўчай установы».
Міхаіла Жамчужнага, які перадаваў праваабарончай арганізацыі «Плятформа» зьвесткі пра ўтрыманьне зьняволеных у месцах пазбаўленьня волі, затрымалі ў 2014 годзе. 10 ліпеня 2015 году Віцебскі абласны суд прызнаў яго вінаватым у наўмысным разгалошваньні зьвестак, якія складаюць службовую таямніцу, і ў дачы хабару, і прысудзіў да шасьці гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі строгага рэжыму.
Судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суду, разгледзеўшы ў кастрычніку таго ж году касацыйную скаргу на прысуд, прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакараньне — шэсьць з паловай гадоў пазбаўленьня волі.
Беларускія праваабаронцы прызналі Міхаіла Жамчужнага палітвязьнем.