Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзьмітры Арэшкін: Лукашэнка прагматык і бачыць, што Пуцін — лузэр


Дзьмітры Арэшкін
Дзьмітры Арэшкін

Інтарэсы Лукашэнкі і Пуціна не супадаюць. Пуцін хоча пабудаваць расейскую базу на тэрыторыі Беларусі, каб палохаць Захад, але Лукашэнку гэта цяпер абсалютна ня трэба, перакананы расейскі экспэрт.

Такую думку ў інтэрвію Свабодзе выказаў расейскі палітоляг Дзьмітры Арэшкін, адказваючы на пытаньне, чаму Расея пачала рыхтаваць стварэньне ў Беларусі авіябазы і ці можна гэта зьвязваць з чаканьнямі Крамля ад Лукашэнкі перад выбарамі.

— Спадар Дзьмітры, ці можна казаць пра зьмяншэньне эканамічнай залежнасьці Беларусі на фоне кепскай эканамічнай сытуацыі ў Расеі? Ці гатовая Расея па-ранейшаму крэдытаваць эканоміку Беларусі?

— У Расеі ўсё менш і менш грошай, нафта таньнее. Адпаведна, эканамічная залежнасьць Лукашэнкі ад Крамля слабее. Лукашэнка атрымлівае меншую маржу ад продажу прадуктаў нафтаперапрацоўкі на Захад і, як вялікі прагматык, на Маскву цяпер глядзіць зь меншай цікавасьцю. А вось цікавасьць да Захаду вельмі моцна павялічваецца.

Для Крамля гэта катастрофа. Крамлю патрэбныя сымбалічныя перамогі. Ён пазыцыянуе сябе як зьбіральнік земляў і аднаўляльнік савецкіх традыцыяў. Праблема ў тым, што гэта вельмі фэйкавыя мэты. СССР ня быў той структурай, якую варта ўзнаўляць. Гэта была машына для выцісканьня рэсурсу з насельніцтва і тэрыторыяў. Але засталася міталёгія, што гэта была вялікая дзяржава.

Уладзімер Пуцін, выкарыстоўваючы гэтую міталёгію, хоча ўмацоўваць свае пазыцыі. Таму два гады таму ён распачаў далучэньне Ўкраіны да Эўразійскага эканамічнага саюзу, у выніку чаго Ўкраіна сталася далёкай ад Расеі як ніколі. У якасьці кампэнсацыі Пуцін спрабуе далучыць малыя Кіргізстан і Армэнію. Але гэта вельмі слабая кампэнсацыя. Тое самае зь Беларусьсю.

Людзям, якія вераць у СССР, трэба хоць нешта паказаць. Пакуль ім паказалі «крымнаш», спрабуючы не акцэнтаваць увагу на тым, што ў Крыме пражывае два мільёны чалавек, а ва Ўкраіне, якая няўхільна сыходзіць на Захад, — сорак мільёнаў. Цяпер трэба паказваць нешта іншае. Ідэальным варыянтам для такой дэманстрацыі было б братэрства славянскай Беларусі.

— Ці супадаюць тут інтарэсы Пуціна і Лукашэнкі?

— Пуціну трэба паказаць, што Лукашэнка як «малодшы брат» уладкаваўся ў ягонай вэртыкалі ўлады. Але Лукашэнку як чалавеку, які больш за ўсё на сьвеце заклапочаны сваёй пэрсанальнай уладай, гэта абсалютна ня трэба.

Лукашэнку цікавіла Масква як крыніца таннай нафты, якую можна дорага прадаць на Захад, чым умацаваць эканамічны стан Беларусі. І калі Пуцін хоча пабудаваць расейскую авіябазу на тэрыторыі Беларусі, каб палохаць Захад, то Лукашэнку гэта цяпер абсалютна ня трэба. Таму што асноўнай крыніцай сродкаў на працягу бліжэйшых гадоў будзе Захад.

Нездарма Лукашэнка перад выбарамі выпусьціў палітычных зьняволеных — у іншым выпадку размаўляць з Захадам пра крэдыты няма як. А без крэдытаў і так ня вельмі бліскуча арганізаваная беларуская эканоміка сядзе кілем на дно. Таму цяпер інтарэсы Лукашэнкі і Пуціна не супадаюць.

Чым бяднейшы Пуцін, тым далейшы Лукашэнка

— Якім чынам Лукашэнка можа адасобіцца ад Расеі?

— Ён ужо пасьпяхова гэтым займаецца. Лукашэнка ўзмацняе этнічную ідэнтыфікацыю беларусаў, фармуе беларускую нацыю, ён даўно перастаў называць беларусаў «рускімі са знакам якасьці», ён выразна дыстанцыюецца ад Масквы.

Захад гатовы заплюшчваць вочы на некаторы спэцыфічны пах, які ідзе з бліжэйшых да Лукашэнкі колаў

Гэта ня значыць, што Лукашэнка з радасьцю ўвойдзе ў заходнюю супольнасьць — там яго ня надта і чакаюць — але Эўропа цяпер зацікаўленая ў тым, каб адцягнуць Лукашэнку і Беларусь ад Расеі. І таму Захад гатовы заплюшчваць вочы на некаторы спэцыфічны пах, які ідзе з бліжэйшых да Лукашэнкі колаў.

Чым бяднейшы будзе Пуцін, тым далей адыдзе ад яго Лукашэнка. Таму што яму для падтрыманьня сваёй улады патрэбныя грошы. Калі грошы ёсьць у Пуціна, Лукашэнка ўсьміхаецца Пуціну. Калі ў Пуціна грошы сканчаюцца, Лукашэнка ўсьміхаецца геапалітычным праціўнікам Крамля. Цалкам прагматычная сытуацыя, у якой у Пуціна нейкіх сур’ёзных аргумэнтаў няма.

— А вайсковая моц Расеі? Хіба Лукашэнка не баіцца яе?

— Напалохаць Лукашэнку Пуцін ня зможа, бо беларускі прэзыдэнт вельмі ганарыцца тым, што ён «незгінальны». Так, яго можна купіць, але было б чым. На ўвод войскаў у Беларусь Пуцін ня пойдзе — ён і так сапсаваў сабе ў пляне рэпутацыі, прэстыжу і эканомікі ўсё, што можна.

Пабудовы ў Беларусі расейскай вайсковай базы і ўводу Лукашэнкі ў сыстэму вэртыкалі Пуціна можна чакаць толькі ў тым выпадку, калі на бочку будуць пакладзены вельмі вялікія грошы. Але такіх грошай у Пуціна няма.

Як у два разы зьнізіўся кошт нафты, так мінімум у два разы зьнізілася ўплывовасьць Пуціна на беларуска-лукашэнкаўскім флянгу. Насамрэч больш чым у два разы, бо Лукашэнка прагматык і бачыць, што Пуцін — лузэр. Ён прайграў Украіну, прайграў Прыднястроўе, цяпер прайграе патасную кампанію з Наваросіяй.

Лукашэнка ўсьведамляе, што Захад ніякім чынам не ўяўляе небясьпекі для Беларусі, а вось Масква ў яе цяперашнім стане можа ўяўляць. Таму Лукашэнка ўсё шырэй будзе ўсьміхацца Захаду, разумеючы, што адтуль могуць прыйсьці грошы, а таксама вайсковая, палітычная і дыпляматычная падтрымка ў выпадку, калі браты з усходу пачнуць ратаваць расейскамоўнае насельніцтва Беларусі.

— Чым адрозьніваецца змаганьне Пуціна за Ўкраіну і за Беларусь?

— Для Пуціна Беларусь і Ўкраіна — гэта адзіны фронт. Толькі на ўкраінскім кірунку Пуцін пацярпеў геапалітычную паразу ў сувязі зь няздольнасьцю і негатовасьцю весьці сапраўдную вайну, якая зьвязаная зь велізарнай колькасьцю палітычных, сацыяльных, іміджавых і эканамічных выдаткаў, а на Беларусі ён прайграе ў мірным паядынку з Захадам. Што, вядома, нашмат лепш, бо, прынамсі, ня гінуць людзі.

Мы яшчэ пабачым Лукашэнку — носьбіта дэмакратычных каштоўнасьцяў

— Беларусы ці то жартам, ці то ўсур’ёз кажуць, што ў выпадку выразнага павароту Беларусі да Захаду зьявяцца «зялёныя чалавечкі», якія маюць шанец паўтарыць тут крымскі сцэнар. Пра што гэта сьведчыць?

Мы яшчэ пабачым Лукашэнку ў якасьці носьбіта дэмакратычных каштоўнасьцяў і прыхільніка ўступленьня ў НАТО

— Калі беларуская грамадзкасьць асьцерагаецца экспансіі з боку Крамля — гэта прыкмета новага разуменьня сацыяльнай рэальнасьці. Тое, што беларусы баяцца экспансіі Ўладзімера Пуціна на Беларусь, — прыкмета таго, што адбылася дзяржаўная беларуская ідэнтычнасьць.

Тут ня трэба ацэньваць сур’ёзнасьць пагрозы. Важна, што людзі Крамля баяцца, Крамлю ня вераць. Значыць, Пуцін прайграў. Ён не ўспрымаецца як крыніца падтрымкі і пазытыўных чаканьняў.

Глябальна я бачу, што Беларусь гатовая да супрацьстаяньня. Гатовы і Захад. Мы яшчэ пабачым Лукашэнку ў якасьці носьбіта дэмакратычных каштоўнасьцяў і прыхільніка ўступленьня ў НАТО. Чым мацней будуць ціснуць з Усходу, тым хутчэй ён будзе бегчы на Захад. У Беларусі нават дэмакраты падтрымліваюць Лукашэнку ў ягонай ролі кансалідатара нацыі, у тым, як ён супрацьпастаўляе мір у Беларусі ваеннай пагрозе з Усходу — нават у гэтым праяўляецца зьмена ў геапалітычнай і мэнтальнай сытуацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG