Для многіх людзей і ў Беларусі, і за яе межамі галоўным вынікам беларускіх выбараў стала зусім ня тое, што ўлада чарговым разам абвясьціла сябе пераможцай. Пяцёра супернікаў Аляксандра Лукашэнкі кінуты ў турму КДБ, ім пагражае шматгадовае зьняволеньне. Больш як паўтысячы ўдзельнікаў пасьлявыбарчага мітынгу на плошчы Незалежнасьці зьбітыя, затрыманыя, асуджаныя, могуць страціць месцы працы альбо вучобы. Што ж адбылося ў Беларусі 19-га сьнежня? У якой краіне апынуліся беларусы ў гэтыя апошнія дні 2010 году? Пра гэта — большасьць лістоў, якія прыходзяць цяпер на адрас «Свабоды».