Затрыманаму ў Баранавічах пасьля прыезду з Украіны Зьмітру Палойку забаронены выезд зь Беларусі «да асаблівага распараджэньня КДБ».
У інтэрвію Радыё Свабода ён апавёў пра сваё затрыманьне, допыты КДБ, тое, як быў на сутках у Баранавічах, і чаму ён хоча зьехаць ва Ўкраіну.
Пра затрыманьне
«Я нават і не меркаваў, што мяне могуць затрымаць. Я ехаў з адной думкай — прадаць кватэру, пра што дамовіўся з чалавекам.
Калі прыехаў у Баранавічы, толькі сышоў з вагона цягніка — адразу ж на пэроне да мяне падышоў супрацоўнік міліцыі ды сказаў прайсьці зь ім, каб праверыць маю рэгістрацыю. Завёў да мясцовай чыгуначнай міліцыі, яны кінуліся правяраць, што ў мяне там у сумках, кішэнях... Я ім кажу: мы прыйшлі правяраць маю прапіску, рэгістрацыю ці тое, што ў мяне ў сумках?.. Потым два супрацоўнікі КДБ былі. Яны паказалі мне пасьведчаньні і сказалі, што хочуць пагутарыць са мной. Я cьпяшаўся на апошні аўтобус, а яны кажуць: маўляў, што ж паробіш, мы таксама на працы...»
Што цікавіла КДБ
«Яны мне задавалі пытаньні пра тое, што я рабіў ва Ўкраіне, з кім кантактаваў, хто такая Віта Іванова (нявеста Зьмітра Палойкі — Р.С.), калі нарадзілася, дзе жыве, калі пазнаёміліся... Карацей, усялякія дакладнасьці; называлі ўсялякія прозьвішчы, пыталіся, ці ведаю я гэтых людзей, якое дачыненьне я маю да батальёна „Данбас“ ці іншых батальёнаў.
Я сказаў, што ўсю інфармацыю пра гэтыя батальёны я ведаю са сродкаў масавай інфармацыі. Пыталіся пра нейкую палітычную сытуацыю паміж Расеяй ды Ўкраінай. Я ім кажу: усё ведаю з тэлебачаньня ды інтэрнэту. Пыталіся, ці адкажу я на паліграфе, калі папросяць, што я ня маю дачыненьня да вайсковых дзеяньняў. Я сказаў, што канечне. Потым далі мне пратакол апытаньня, у якім былі два сказы — што я езьдзіў ва Ўкраіну да сваёй нявесты Віты Івановай і што я да батальёну „Данбас“ дачыненьня ня маю. Тры гадзіны размовы — два радкі...»
Пра адседку на сутках
«Ужо калі я ішоў да таксі, у сквэры стаялі два супрацоўнікі міліцыі. Па тым, што стаялі бяз шапак, здагадаўся, што будуць браць. Каб шапкі часам не пазьляталі... Пачалі крычаць на мяне: „Стой!“ Я да іх разварочваюся і кажу, што я пайду лепей да кадэбістаў назад, у будынак... Старшы лейтэнант схапіў за левую руку, падпалкоўнік — за правую... Дарэчы, яны, мусіць, думалі, што я — украінец, зьвярталіся як да ўкраінца. Пасадзілі ў машыну, не дазволілі нават патэлефанаваць сваёй дзяўчыне. Завезьлі пасадзілі ў клетку ў міліцыі. Пачалі перабіраць мае рэчы ды зьдзівіліся, што я грамадзянін Беларусі з Баранавічаў... Завезьлі ў наркалёгію — трубачка паказала нулі. Потым завезьлі ў ізалятар, забралі рэчы...
Пасадзілі ў камэру з падсьледнымі, я яшчэ пацікавіўся: чаму. Мне сказалі, што месцаў не хапае. Зразумела, да падсьледных кінулі, каб не перадаў чаго на волю з тымі, хто на сутках сядзіць.
Назаўтра судзіў старшыня суду. Я апавёў, што да чаго было. Потым зайшлі міліцыянты, якія гаварылі, што я падпалкоўніка штурхаў. У мяне там было 490 даляраў; судзьдзя яшчэ спытаў: адкуль у мяне столькі грошай, маўляў, у яго нават столькі няма... Я прамаўчаў. Можа, і сапраўды няма — крызіс...
Падпалкоўнік выступіў, сказаў, што я там брыкаўся, біўся неяк... Ну я і сказаў, што мае словы словаў падпалкоўніка не перавысяць, але магу дакладна сказаць, што нікога я не штурхаў. Ну і ўсё, судзьдзя мне — 10 сутак, ідзі...
Сказалі, што ў мяне, маўляў, рэчы не зусім як у нармальнага чалавека
Завезьлі ў ізалятар. Назаўтра прыйшлі чалавек 8 супрацоўнікаў КДБ, міліцыі. Сказалі, што ў мяне, маўляў, рэчы не зусім як у нармальнага чалавека. У мяне там былі відэакамэра, фотакамэра, жорсткія дыскі, флэшкі, ноўтбук... Сталі пераглядаць мае рэчы па-новаму. Іх цікавіла ўсё, што знаходзіцца на лічбавых носьбітах. Супрацоўнік КДБ трымаў у руках нейкі жорсткі дыск і стаў ля майго ноўтбука. Я яму кажу, што вы хочаце да ноўтбуку майго далучыць гэты жорсткі дыск? Занесяце мне які-небудзь вірус ці праграму паставіце, каб кантраляваць кампутар здалёк... Дазволіў пераглядзець зьмест кампутара з сваіх рук, каб нічога не падлучалі. Бо прыгразілі: калі не пакажу, то парэжуць торбу, якая ў мяне на замочку... Шукалі ўсё, што тычыцца Ўкраіны, але выявілі, што нічога асаблівага там няма.
Потым яшчэ да мяне хадзілі супрацоўнікі КДБ. Намесьнік начальніка Баранавіцкага КДБ распытваў усё тое ж самае...
Яшчэ палохалі, што і з працай тут будуць „палкі ў колы ставіць“, забароняць мне выезд. Пагражалі, што арыштуюць нявесту, калі яна да мяне прыедзе...»
Your browser doesn’t support HTML5
Як затрыманьне ўспрыняла нявеста
«Я ёй апавёў пра пагрозы, хаця спачатку не хацеў... Яна сказала: няхай толькі паспрабуюць. Віта ў мяне — Настаўнік году-2013 ва Ўкраіне... Яна зьбіраецца, канешне, прыехаць, але што будзе далей... »
Чаму хоча жыць ва Ўкраіне
«Па-першае, у мяне там нявеста. Вырашыў стварыць сям’ю. А па-другое, эканамічная сытуацыя: хай сабе там можа й дрэнна, людзі за галовы бяруцца, але там цэны ў два разы меншыя, чым у нас. Я іх там нават супакойваў: не перажывайце, вы яшчэ ня ведаеце цэнаў у Беларусі.
Там і людзі да цябе па-іншаму ставяцца, і жыць таньней, і наконт працы я ўжо даведваўся — гатовыя ўзяць на працу з заробкам такім, як і ў Баранавічах. Я зваршчык, мне працу лёгка знайсьці...»
Дзе жыў ва Ўкраіне
«Данецкая вобласьць, горад Курахава. Гэта кілямэтраў 20 ад Данецку. Там рускамоўныя школы, Віта выкладае ў рускамоўнай школе... У прынцыпе, там стрэлы былі чуваць рэдка. Але Віта казала, што калі мяне не было, то бывала, што і „град“ пералятаў... »
Зьміцер Палойка — жыхар Баранавічаў, прозьвішча якога пазначана ў гэтак званых «сьпісах батальёну «Данбас», выкладзеных невядома кім на прарасейскіх сайтах. Сам ён кажа, што ня ведае, як яго прозьвішча туды трапіла. Аднак па вяртаньні з Украіны ён і быў затрыманы ў Баранавічах.
Зьміцер — былы грамадзкі актывіст, быў сябрам Моладзі БНФ, прымаў удзел у акцыях пратэсту пасьля выбараў, іншых апазыцыйных акцыях. Потым ад актыўнай дзейнасьці адышоў, зьяжджаў на заробкі.