Пра вынаходку каманды маладых канструктараў Свабода падрабязна расказвала сёлета напярэдадні 30-й гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
Амбітны беларускі стартап хоча навучыць увесь сьвет кантраляваць радыяцыю
Каб вывесьці экалягічны маніторынг на глябальны ўзровень, кампанія R-NOX з дапамогай эўрапейскіх спэцыялістаў распрацавала праграмнае забесьпячэньне і вырабіла дазымэтар ZIVE. Ён належыць да новага пакаленьня — можа выходзіць у сеціва і падлучацца да адзінай сыстэмы.
«Карыстацца ім вельмі проста, а паказаньні ў яго больш дакладныя, чым у іншых мадэляў, — кажа заснавальнік R-NOX Вадзім Радзівіл. — ZIVE спалучаецца са смартфонам і дзякуючы гэтаму здольны на большае, чым звычайны дазымэтар».
Распрацоўваюць гаджэт у Беларусі, а зьбіраюць, калібруюць і арганізуюць маркетынг — у Вільні. Прыбор прайшоў сэртыфікацыю ў Эўразьвязе, стваральнікі плянуюць прадаваць яго ў краінах Эўропы.
Як інтэгралаўскія пэнсіянэры сталі «жалязячнікамі» ў стартапе
У Беларусі вялікай цікавасьці да ZIVE з боку дзяржавы пакуль няма. Хоць быць павінна:
«Страхі адносна Чарнобылю і радыяцыі за 30 гадоў нікуды не падзеліся, — перакананы спадар Радзівіл. — Кожны чалавек мае права ведаць, наколькі бясьпечная экалёгія вакол яго. А дазымэтар павінен стаць сучасным, зручным і такім жа звыклым для ўсіх прадметам, як смартфон».
ZIVE дазваляе вымяраць узровень радыяцыйнага фону, вызначае дозу абпраменьваньня, атрыманую за той ці іншы пэрыяд часу, а таксама знаходзіць крыніцу выпраменьваньня.
Elektra Awards — адна з найбуйнейшых эўрапейскіх узнагародаў у галіне электронікі. Заснаваў яе часопіс Electronics Weekly на пачатку 2000-х. Пераможцаў абвесьцяць на цырымоніі ўзнагароджаньня 1 сьнежня 2016 году.
Беларуская распрацоўка намінаваная у катэгорыі Internet of Things («Інтэрнэт рэчаў»). Філязофія «інтэрнэту рэчаў» азначае, што прылады ці любыя фізычныя абʼекты, якімі карыстаюцца паасобныя людзі і цэлыя ўстановы, злучаныя паміж сабою праз адмысловае праграмнае забесьпячэньне і могуць абменьвацца дадзенымі.