Ударнымі тэмпамі ідзе будоўля тэніснага цэнтру на беразе Цнянскага вадасховішча ў менскім мікрараёне Зялёны Луг. Супраць новабудоўлі выступілі жыхары вуліц Мірашнічэнкі, Гамарніка і зоны прыватнай забудовы паміж кальцавой аўтадарогай і ракой Цнянкай. Будоўля пачалася тыдзень таму, а лесу ўжо павалілі некалькі гектараў.
Будоўля, што разгарнулася за сто мэтраў ад пляжу Цнянскага вадасховішча, пашыраецца, як пухліна. Акрамя паваленага лесу, зьнішчаны ўжо газон на некалькіх сотнях квадратных мэтраў схілу, які вёў да пляжа.
Будоўля «праглынула» ўжо і адгалінаваньне роварнай дарожкі. Раварысты тут яшчэ езьдзяць, але відаць, што фінішу чакаць нядоўга. За дарожкай чалавек у будаўнічай робе ўжо разьбірае тратуарную плітку. Значыць, будоўля разрасьцецца яшчэ мэтраў на 20–50 у напрамку пляжу.
«Мы супраць, — кажуць маладыя мамы Вольга і Алена, якія прыехалі сюды адпачываць з вуліцы Кальцова. — Нам тут добра, дзеці ў калясках адразу засынаюць, тут выдатнае паветра. Але пачалася будоўля, ужо чуваць грукат, грузавікі езьдзяць, і наша ідылія на вачах заканчваецца. Што будзе далей, можна ўявіць. Яшчэ тут празь лес была сьцежка, яна трапіла пад будоўлю. Пабудуюць тэнісны цэнтар ды гатэль, тады стане зусім немагчыма хадзіць празь лес, каб зручней сюды дабрацца».
На дарожцы каля возера (гэтак мясцовыя называюць Цнянскае вадасховішча) размаўляю з маладымі мамамі Інэсай і Аленай. Тыя прыводзяць свае аргумэнты супроць будоўлі.
«Тут летам людзі загараюць гэтак шчыльна, што месца вольнага не знайсьці. Адрэжуць кавалак пляжу, побач аўтамабіляў будзе процьма. Карацей, адпачынак скончыцца. Але галоўнае, ніхто не спытаў мясцовых, ці хочуць яны той тэнісны цэнтар. Мы супраць».
З інтэрнэту вядома, што кавалак лесу і схілу ў 7 гектараў пад будоўлю тэніснага цэнтру атрымала фірма «Эріа». Але на месцы будоўлі — ані назвы фірмы, ані назвы галоўнага забудоўшчыка. Месца будаўнічых працаў пакуль не абгароджана плотам, ня вывешаны і пашпарт абʼекту. Чалавек, які кіраваў вальшчыкамі лесу на будаўнічай пляцоўцы, паведаміў, што толькі сёньня пасьля тэндэру стане вядома, хто будзе галоўным забудоўшчыкам.
«Можа 15-ты трэст, можа хто іншы. А мы тут часова — лес валім».
Ад лесу будоўлю аддзяляе вузенькая бела-чырвоная стужка, шмат дзе ўжо парваная. На маіх вачах лесарубы падпілавалі сасну на ўскрайку пляцоўкі, але валіцца ўнутр тая не пажадала. Тады падагналі бульдозэр, які ўпёрся ў дрэва, і яно з трэскам завалілася. Але — у лес, за мяжу пляцоўкі. Наконт таго, што яшчэ некалькі «невінаватых» дрэў аказаліся пашкоджаныя, лесарубы толькі разьвялі рукамі.
Паводле галоўнага зь лесарубаў, праект тэніснага цэнтру, які тут будзе, «вельмі прыгожы». Што будзе пабудаваны яшчэ і гатэль, таксама добра — «больш працы». На пытаньне, як ставяцца да будоўлі мясцовыя жыхары, суразмоўца адказаў, што «тыя заўсёды супраць».
Пэнсіянэрка Тацяна Рыгораўна — з тых, хто якраз прынцыпова ня супраць. Кажа, што яе справа старэчая, а «той цэнтар патрэбны маладым, вось хай і будуюць». А яшчэ Рыгораўна добра засвоіла, што пратэстуй не пратэстуй — усё роўна пабудуюць, што хочуць.
«Вунь за лесам два дамы пабудавалі. Колькі мы ні пратэставалі, нічога не дапамагло. А цяпер дамы стаяць напаўпустыя, бо там кватэры дарагія».
На заканчэньне размовы Тацяна Рыгораўна ўсё ж прызнае, што калі будзе збор подпісаў супроць будоўлі, дык паставіць і свой. Але ў інтэрнэт яна, безумоўна, ня пойдзе: «Дзе ён, той інтэрнэт?»
Пэнсіянэр Аляксандар ня супраць будоўлі ў прынцыпе, але супраць тэніснага цэнтру.
«Хай бы лепш пабудавалі дом для састарэлых. Каля лесу, каля возера. Птушачкі- качачкі. Што можа быць лепш для старых», — мяркуе Аляксандар. Ён згадвае, што да 70-х гадоў, калі выкапалі вадасховішча, а рэчку Цнянку ўзялі ў бэтонныя берагі, тут былі балоты, сажалкі з карасямі, лугі-сенакосы.
Мясцовыя жыхары, якія супраць будоўлі спартова-аздараўленчага цэнтру каля Цнянскага вадасховішча, сабралі амаль 2500 подпісаў на момант публікацыі матэрыялу. Пэтыцыю пратэсту яны зьбіраюцца накіраваць у Адміністрацыю Лукашэнкі, які і падпісаў указ аб выдзяленьні зямлі.