У Празе арыштаваны грамадзянін Расеі, які падазраецца ў кібэратаках на сайты ЗША, паведамляе чэская паліцыя. Імя расейца не называецца, але вядома, што яго шукаў Інтэрпол.
У паведамленьні адзначаецца, што супрацоўнікі сьледчага аддзелу крымінальнай паліцыі Чэхіі правялі пасьпяховую апэрацыю дзякуючы супрацоўніцтву з Фэдэральным бюро расьсьледаваньняў ЗША. Рашэньне аб арышце вынес Праскі гарадзкі суд.
Расеец быў затрыманы ў адным з рэстаранаў у цэнтры Прагі. Зьяўленьне паліцыянтаў стала для яго такой нечаканасьцю, што ён не чыніў ніякага супраціву і пазьней нібыта страціў прытомнасьць. Яму аказалі мэдычную дапамогу і шпіталізавалі.
Your browser doesn’t support HTML5
Цяпер суд у Чэхіі павінен вырашыць пытаньне пра экстрадыцыю падазраванага расейца ў ЗША.
Ніякіх камэнтароў ад расейскіх уладаў пакуль не паступала.
У пачатку кастрычніка ўрад ЗША афіцыйна абвінаваціў Расею ў датычнасьці да хакерскіх нападаў на Дэмакратычную партыю ў ходзе прэзыдэнцкай перадвыбарчай кампаніі. ЗША растлумачылі, што гаворка ідзе пра публікацыю на сайтах DCLeaks і WikiLeaks электроннай перапіскі амэрыканскіх палітыкаў. Масква абвінавачаньні адпрэчыла. Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў назваў іх «глупствам».