«Засталіся тыя, каму няма куды падзецца», — як жывуць землякі Насовіча, Рублёва і Дубейкаўскага

Крыж на царковішчы ў Гразі́ўцы, на радзіме Івана Насовіча

Складальнік першага грунтоўнага слоўніка беларускай мовы Іван Насовіч, аўтар беларускамоўнага перакладу «Дон Кіхота» Цімох Рублёў ды консул БНР у Польшчы Лявон Вітан-Дубейкаўскі паходзяць з усходу Беларусі. Іхныя родныя мясьціны занепадаюць. Выглядаюць, нібы адселеныя вёскі ў чарнобыльскай зоне. Цяперашнія землякі славутых беларусаў мала што ведаюць пра іх.

Магілёўскія актывісты Таварыства беларускай мовы наведалі вёскі, дзе нарадзіліся Насовіч, Рублёў ды Вітан-Дубейкаўскі.

«Дзякуй Богу, што хоць фэрма ёсьць», — вёска Івана Насовіча

Гразівец — родная вёска мовазнаўцы, фальклярыста ды этнографа Івана Насовіча. Ранкам паселішча сустракае бязьлюднай вуліцай. Сяляне завіхаюцца па дварах і зрэдку паглядаюць з-за агароджы навонкі. Адзіная мясцовая славутасьць — царковішча — пасярод вёскі. Час ад часу гэтую мясьціну наведваюць турысты. Ад іх тутэйшыя і дазналіся пра свайго земляка, які ў 19-м стагодзьдзі склаў першы грунтоўны слоўнік беларускай мовы.

Характэрны пэйзаж у Гразіўцы

«Прыяжджаюць зрэдку сюды дэлегацыі. Тым, хто з нашых цікавіцца, з ахвотаю расказваюць пра Насовіча і ягоную дзейнасьць. Я дык асабліва не ўнікаў у тыя аповеды, але памятаю, што ён нібыта зьбіраў прымаўкі ды прыказкі. Апошнія, хто цікавіўся нашым царковішчам, прыяжджалі гадоў пяць таму», — казаў, адарваўшыся ад электрычнага млынка, шасьцідзесяціпяцігадовы жыхар Гразі́ўца.

«Зборнік беларускіх прыказак» — адна з працаў рупліўца беларушчыны. Насовіч выдаў яго ў 1867 годзе. Зборнік зьмяшчаў 3,5 тысячы прыказак, прымавак, прыгаворак, праклёнаў, скорагаворак з тлумачэньнямі.

Якой была царква, калі яе ўзьвялі і разбурылі, суразмоўца ня ведаў. Старэйшы за яго на дзесяць год сусед таксама не прыгадаў царкоўнага мінулага сваёй вёскі. Насовіч для старога — постаць невядомая.

«Амаль пад маёй хатай была царква. Цяпер прыяжджаюць на яе месца, аглядаюць яго. Паходзяць, як вы, пафатаграфуюць ды зьяжджаюць. Пахадзіце і вы па царковішчы, мо чаго знойдзеце рэдкага. Я дык і ня памятаю царквы. А пра такога Насовіча і ня ведаю, дый прозьвішчаў у нас такіх няма», — казаў стары, аглядаючы журналіста.

Нават каля крамы вяскоўцаў няма

«Жывуць у нас пераважна пэнсіянэры, як я. Пэнсіі выплачваюць у час. Гаспадарка дапамагае», — нечакана зьмяніў кірунак гутаркі стары.

«У нас яшчэ фэрма, дзякуй богу, ёсьць. Там пяць чалавек робіць, а так бы і вёскі, відаць, не было б. Больш тут працаваць моладзі няма дзе. У нас тут некаторыя двары пабурылі ўжо, некаторыя яшчэ стаяць. Але гаспадароў няма. Старыя паміраюць. Раней жа тут і коні трымалі, авечкі. Вялікі статак кароў. Цяпер няма гэтага нічога», — са скрухаю апавядаў пра мінулае і сучаснае Гразіўца суразмоўца.

«Вёска жыве, пакуль ёсьць фэрмы. Калі іх зачыняюць, то і вёска памірае», — працягнуў гутарку яшчэ адзін жыхар Гразіўца.

«Раней дык нямала было ахвочых узяць зямлю, стаць фэрмэрамі. А цяпер няма ні ў кога такога жаданьня. Зарастуць палі, — казаў суразмоўца. — Гэта яшчэ „бацька“ трымае ўладу ды дысцыпліну. Толькі Беларусь не разваліла калгасы ды саўгасы. Цяжка, пішчым, але жыць пакуль можна».

Наступнаму суразмоўцу за сорак. Ён разам з жонкай працуе ў мясцовым калгасе. Каб ня гэтая фэрма, кажа вясковец, то ў Гразіўцы засталіся б адны пэнсіянэры.

Землякі Насовіча кіруюць на працу

«Суседнія вёскі, дзе фэрмы пазачынялі, ужо ледзьве ліпяць. На фэрме зарабляю 150 рублёў, жонка-даярка — таксама 150 рублёў. Мае дзеці адсюль зьехалі. Дачка паехала ў Расею. А што тут рабіць моладзі? На прыроду гэтую глядзець, дык зь яе жыць ня будзеш. Тут засталіся тыя, каму няма куды падзецца», — заключыў зямляк Івана Насовіча.

«Прыватнікам зямлю не аддалі, цяпер гаспадарка апошняя ў раёне», — вёска Цімоха Рублёва

Пакуль едзем да наступнай чавускай вёскі Будзіна, кіраўнік магілёўскай суполкі ТБМ Алег Дзьячкоў тлумачыць, чаму актывісты выпраўляюцца ў вандроўкі на ўсход Магілёўшчыны. Паводле яго, такія выправы пакліканыя вярнуць зь нябыту прызабытых дзеячаў беларускай культуры.

Беларускі пераклад «Дон Кіхота». Аўтар Цімох Рублёў. У кніжцы стаіць ягоны псэўданім — Цімох Зарэчны

«Напрыклад, імя Цімоха Рублёва, у родную вёску якога мы едзем, амаль невядомае, аднак у 1930-х гадах ён нямала зрабіў для беларускай культуры. Прамінула некалькі дзесяцігодзьдзяў, і пра яго ніхто ня згадвае. У энцыкляпэдычных слоўніках зьвестак вобмаль, — казаў дарогай Алег Дзьячкоў. — Нават землякі, як паказваюць нашы досьледы, ня згадваюць такіх рупліўцаў беларушчыны. Таму важна праехаць невялікай грамадой па такіх вёсках, расказаць пра славутых землякоў вяскоўцам. Сабраныя зьвесткі перадаць у музэі ды напісаць у друку пра гэтых беларусаў».

У 1930-х гадах Цімох Рублёў узяўся перакласьці на беларускую мову «Дон Кіхота». У 1935 годзе пераклад пабачыў сьвет. Пісаў Рублёў пад псэўданімамі Цімох Зарэчны (гэтае імя значыцца ў перакладной кніжцы «Дон Кіхот») ды Лявон Радзіміч. У вайну настаўнічаў. Пра тое, як скончыў зямны шлях, дакладных зьвестак няма.

Яго роднае Будзіна перажывае ня лепшыя часы. Параскіданыя на пакручастых берагах Расты сядзібы пусьцеюць. Ад безграшоўя землякі Цімоха Рублёва ратуюцца ў вялікіх беларускіх гарадах і ў замежжы.

Зарастаюць кустоўем і падмуркі хаты Лізаветы Іларыёнаўны Рублёвай.

Дворышча сваякоў Цімоха Рублёва

«У Будзіна з Рублёвых толькі яна заставалася. Я яе памятаю ўдавою. Сын у яе быў, але ён цяпер у Рызе жыве. А можа і памёр. Ён з 1938 году, здаецца, — казаў журналісту жыхар вёскі. — А тое, што з тутэйшых нехта выбіўся ў людзі і стаў пісьменьнікам, дык я ўпершыню чую ад вас. Ня думаю, што нехта ведае пра гэтую акалічнасьць з нашых».

Адшукаць магілы Рублёвых не ўдалося і на будзінскіх кладах.

«Так, цётка Лізавета нам апавядала пра свайго сваяка-пісьменьніка, аднак з тых аповедаў я мала што памятаю, — прыгадаў адзін зь вяскоўцаў, якога зацікавілі людзі, што блукалі па могілках. — Казала яна, што нешта пісаў ён на беларускай мове, а што пісаў, можа і казала, але не прыгадаю цяпер. Мы слухалі хутчэй з павагі, чым зь цікавасьці».

Паводле мясцовых жыхароў, Будзіна пачало «выміраць» «у гарбачоўскую перабудову». Вяскоўцы пакідалі родныя мясьціны, бо тутэйшы калгас занепадаў.

«Тут быў моцны калгас. „Зьвяздой“ зваўся. Я тады на экскаватары больш за старшыню зарабляў», — згадаў мінулае наступны суразмоўца.

Вуліца ў вёсцы Цімоха Рублёва

Як запэўніў вясковец, на пачатку дваццатага стагодзьдзя ягоны дзед быў старастам у Будзіне.

«Дык ён казаў, што жыло ў ім паўтысячы чалавек. Многія мае землякі мелі заможныя гаспадаркі. Мінула сто гадоў, і цяпер наша агульная гаспадарка самая бедная ў раёне, — са скрухай казаў вясковец. — Назва нібыта і крутая — „Аграсэрвіс“, але яна не дапамагае гаспадарцы. Кіраўнікоў няма разумных для яе».

«Раней хацелі прыватнікі зямлю забраць, але ім не далі. Цяпер у заняпадзе тут усё. Заробкаў няма. Каб не дзяржаўная дапамога, дык развалілася б тут усё», — падсумаваў на разьвітаньне суразмоўца.

У навакольлі Будзіна нямала крыніц. На некаторых ужо стаяць альтанкі з праваслаўнымі цыбулінамі, хоць тутэйшы край мае і каталіцкія традыцыі.

У суседняй з Будзінам вёсцы Радамля да Другой усясьветнай вайны стаяў касьцёл. Ягоныя вежы фашысты, трымаючы абарону, выкарыстоўвалі як назіральны пункт. Савецкія ж войскі на працягу дзевяці месяцаў, пакуль на Расьце стаяў фронт, стралялі па сьвятыні з гармат. Па вайне цэглу з бажніцы расьцягнулі мясцовыя жыхары.

Шчыт ля вёскі Будзіна. Пазначаны турыстычныя цікавосткі Чавускага раёну. Знак у дзірках ад стрэлаў паляўнічых

«Уражаньні ад наведваньня вёсак нярадасныя. Вяскоўцы не цікавяцца сваімі славутымі землякамі і ня ведаюць іх. Жывуць побытавымі праблемамі, якія іх прыціскаюць усё ніжэй, — выказваецца дарогай тэбээмавец Алесь. — Вядома, беларусаў дзесяцігодзьдзямі адвучалі цікавіцца сваім. Тыя, хто цягнуўся да свайго, цяпер ня з намі. Як зьмяніць сытуацыю, я і ня ведаю. Можа, цяперашняя дзяржава адумаецца ды пачне хіліцца да беларускага...»

«Тут жа няма чым займацца», — вёска Лявона Вітан-Дубейкаўскага

Занепадае на Мсьціслаўшчыне і родная вёска консула БНР у Польшчы Лявона Вітан-Дубейкаўскага (Льва Дубяйкоўскага) — Дубейкава. Таленавіты дойлід узводзіў праваслаўныя і каталіцкія бажніцы на Смаленшчыне, Магілёўшчыне, у Заходняй Беларусі. Зьбіраў беларускі фальклёр. Трымаўся ідэі незалежнасьці Беларусі.

Пра шляхетны род Дубяйкоўскіх цяперашнія жыхары Дубейкава не згадалі, хоць многія і маюць прозьвішча — Дубяйкоўскія. На вясковых кладах ёсьць пахаваньні з тым самым прозьвішчам.

«Дык тут амаль усе Дубяйкоўскія. Але пра таго, што вы кажаце, нічога ня чулі, — прызналася адна з жыхарак Дубейкава. — Людзей у вёсцы засталося няшмат. Нехта пераехаў у Мсьціслаў, хто ў Магілёў падаўся, а хто і ў Расею. Тут жа няма чым займацца. Плацяць мізэр. Вось і шукаюць людзі лепшага жыцьця».

У паселішчы нямала ліпавых прысадаў. Паводле аповедаў мясцовых жыхароў, іх высаджвалі паны вакол свайго маёнтка.

Адно з пахаваньняў з прозьвішчам Дубейкоўская

«У пазытыўным сэнсе ўразіла тутэйшая прырода. А што да вёсак, дык казаць пра іх не выпадае пазытыўна. Яны занепадаюць. З жыхароў засталіся пэнсіянэры ды маладзейшыя людзі, якія жывуць, як мне падалося, ад пляшкі да пляшкі», — падзялілася сваімі ўражаньнямі ад паездкі яшчэ адна тэбээмаўка Яўгіньня. Дзяўчына ўсю паездку не выпускала з рук фотаапарат і распытвала вяскоўцаў пра гісторыю іхных паселішчаў.

Кінутая фэрма

«Калі добра разьвітае ўяўленьне, дык можна ўявіць, якімі былі гэтыя мясьціны ў найлепшыя для іх часы. А так засталіся ад касьцёлаў падмуркі, хаты зарастаюць. Калі б былі вёскі двароў пад сто, дык, можа, іхныя жыхары чым і цікавіліся, акрамя як выжыць», — падсумавала Яўгіньня.

Дубейкава выглядае як хутар