Жаліба: «Збор за куплю валюты хутка адменяць»

Барыс Жаліба

Як можна ацаніць першыя крокі новага кіраўніцтва Нацбанку? Ці можна сказаць, што афіцыйны і абменны курс беларускага рубля хутка зраўняюцца? На гэтыя пытаньні адказвае эканаміст Барыс Жаліба.

— Афіцыйны курс рубля падняўся на беспрэцэдэнтныя 700 рублёў, разам з тым збор за куплю валюты зьніжаны з 30 да 20 працэнтаў. Ці можна сказаць, што новае кіраўніцтва Нацбанку вядзе да хуткага збліжэньня абменнага і афіцыйнага курсу?

— Так, можна так сьцьвярджаць. Я лічу, што гэта слушнае рашэньне. Новае кіраўніцтва выпраўляе хібы, якія дапусьціла папярэдняе з увядзеньнем гэтага 30-працэнтнага збору. Для юрыдычных асобаў гэта фактычна падатак, тым больш ён зьбіраецца з прыбытку — і гэта іх паставіла ў вельмі цяжкі стан. У той час як інтарэсы насельніцтва былі больш-менш вытрыманыя, бо цана пакупкі валюты абменьнікамі вырасла да 13 800. Думаю, далей будзе зьніжэньне гэтага збору з 20 да 10 працэнтаў, каб хутка яго ўвогуле ліквідаваць.

— Афіцыйны курс і курс абменьнікаў будуць збліжацца. На якой лічбе і калі гэта адбудзецца?

— Я думаю, яны сустрэнуцца, зраўняюцца вельмі хутка, у студзені. Падатак адменяць, і ад яго застануцца толькі цяжкія ўспаміны.

— Значыць, улада дэ-факта прызнае дэвальвацыю. І якім будзе афіцыйны курс?

— Мяркую, што ўжо ў студзені ён дасягне 14 000 і больш.

— Ці можна сказаць, што гэтае падзеньне курсу да 14 тысяч ужо пагасіла дэвальвацыйныя чаканьні насельніцтва? Беларускі рубель стабілізуецца ці працягне сваё падзеньне?

— Усё будзе залежаць ад эканамічных абставінаў, што склаліся ў Расеі. Часова расейскі рубель троху ўмацаваўся. Але асноўныя прычыны ягонага падзеньня — зьніжэньне цэнаў на нафту, эканамічныя санкцыі, якія абмежавалі доступ расейскіх банкаў да фінансавага рынку, неэфэктыўнасьць расейскай эканомікі — усё гэта засталася. Таму можна прагназаваць, што дэвальвацыя беларускага рубля таксама працягнецца. Зь якой хуткасьцю, цяжка сказаць. Добра, каб гэта было хаця б сто рублёў у месяц.