Адначасова з выбарамі прэзыдэнта, губэрнатараў 12 штатаў і «давыбарамі» ў Кангрэс ЗША амэрыканцы галасавалі 8 кастрычніка па 156 пытаньнях у 36 штатах. Паводле папярэдніх вынікаў галасаваньня, наступным прэзыдэнтам ЗША мае стаць рэспубліканец Доналд Трамп, рэспубліканцы захаваюць бальшыню ў Кангрэсе.
Поўны сьпіс прапанаваных пытаньняў прыводзіць Ballotpedia.
Ужываньне марыхуаны ў мэдычных і рэкрэацыйных мэтах дазволілі выбарнікі ў Каліфорніі, Масачусэтсе, Нэвадзе, толькі ў мэдычных мэтах — у Арканзасе, Паўночнай Дакоце і Флорыдзе, але прапанову па легалізацыі ў рэкрэацыйных мэтах адхілілі ў Арызоне. У мэдычных мэтах марыхуану ўжо можна ўжываць у Аклахоме, Арызоне, Вісконсіне, на Гаваях, у Джорджыі, Люізіяне, Мічыгане, Мантане, Нью-Гэмпшыры, Нью-Джэрзі, Нью-Мэксыка і Пэнсыльваніі, для некаторых хваробаў у Аёве. Марыхуана цалкам легальная для мэдычных і рэкрэацыйных мэтаў на Алясцы, у Арэгоне, Вашынгтоне і Каларада.
Сьмяротнае пакараньне было зацьверджанае як дазволены мэтад пакараньня ў Аклахоме і Нэбрасцы. Каліфорнія, якая не ўжывала сьмяротнае пакараньне ўжо 6 гадоў, паводле папярэдніх вынікаў падтрымала прапанову аб захаваньні сьмяротнага пакараньня і паскарэньні працэдуры.
Мінімальныя заробкі ў Арызоне, Мэне і Каларада падымуцца да 12 даляраў на гадзіну да 2020 году, у Вашынгтоне — да 13,5 даляра. Паўднёвая Дакота адхіліла прапанову аб зьніжэньні мінімальнага заробку для непаўналетніх (мінімальны заробак у штаце — 8,55 даляра на гадзіну).
Захады супраць зьмены клімату былі адхіленыя ў Вашынгтоне, дзе маглі ўвесьці падатак на выкіды вуглякіслага газу, але ў Флорыдзе ня сталі абмяжоўваць хатнія гаспадаркі ў продажы электрычнасьці з сонечных батарэяў.
Кантроль над продажам зброі ўзмацнілі ў Вашынгтоне, там суды атрымалі права абмяжоўваць права валодаць зброяй асуджаным. Каліфорнія прыняла патрабаваньне спраўджваць біяграфіі пакупнікоў боепрыпасаў і забараніла мець магазыны на шмат патронаў. Нэвада пашырыла праверкі біяграфіі пакупнікоў зброі і запатрабавала праводзіць перадачу зброі празь ліцэнзаванага дылера. Але штат Мэн, паводле папярэдніх вынікаў, хутчэй за ўсё, адхіліць прапанову мільярдэра Майкла Блумбэрга аб унівэрсальных праверках біяграфіі.
Ахова здароўя паводле «сыстэмы адзінага платніка» (фактычна, дзяржаўная ахова здароўя, а не прыватная, як цяпер у ЗША) не была прынятая ў Каларада, які мог стаць першым штатам з такой сыстэмай. Каліфорнія адхіліла прапанову, паводле якой ад дзяржаўных агенцтваў патрабавалася б купляць лекі па цэнах не вышэйшых, чым Міністэрства па справах вэтэранаў плоціць за выпісаныя лекі (гэта магло б зьнізіць цэны на лекі; вытворцы лекаў патрацілі 109 млн даляраў на кампанію супраць прапановы).
Эўтаназія, альбо суіцыд з дапамогай у выпадку невылечнай хваробы ў тэрмінальнай стадыі, цяпер легальная ў Каларада, калі пацыенту і так прагназуецца сьмерць цягам 6 месяцаў.
Падвышэньне падаткаў на тытунь не падтрымалі, паводле папярэдніх вынікаў, Каларада, Місуры, Паўночная Дакота, падтрымала толькі Каліфорнія.
Барацьба зь беспрытульнасьцю пойдзе рознымі шляхамі ў Лос-Анджэлесе і Сан-Францыска. Лос-Анджэлес прыняў 10-гадовую інвэстыцыйную праграму на 1,2 млрд даляраў па дапамозе ў будаўніцтве жытла, а Сан-Францыска забараніў бяздомным жыць у намётах.
Выкарыстаньне прэзэрватываў у порнафільмах зрабілі абавязковым у Каліфорніі (порнаіндустрыя пераконвала, што ў ёй ужываюцца дастаткова надзейныя тэсты на захворваньні).
Забарону плястыкавых пакетаў, верагодна, прымуць у Каліфорніі, якая можа стаць першым штатам, які забароніць прадаваць аднаразовыя пакеты, не прыдатныя да перапрацоўкі (фактычна забарона ўжо дзейнічае на Гаваях і ў акрузе Калюмбія).
Права на паляваньне і рыбалку замацавалі Індыяна і Канзас.
Сталіца вырашыла стаць новым штатам — горад Вашынгтон, акруга Калюмбія, прагаласаваў за ператварэньне ў штат. Цяпер гэтае рашэньне мае ўзгадніць Кангрэс. Назву магчымага штату яшчэ не прынялі (ужо ёсьць штат Вашынгтон, а ў Паўднёвай Амэрыцы — краіна Калюмбія), як варыянт прапануецца Нью-Калюмбія.